ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Памятныя крыжы пры дарозе

З жыцця Касцёла

Моцай знака хрысціянскай веры людзі здаўна намагаліся абараніць зямлю “ад голаду, агню і вайны”. Таму месцы для ўзвядзення крыжоў ніколі не выбіраліся выпадкова.
Каб бачылі, маліліся і памяталі
    – Драўляныя прыдарожныя крыжы ўпрыгожвалі пачатак кожнай мясцовасці, стаялі каля значных дарожных скрыжаванняў. Вернікі ўсталёўвалі іх каля ўезда ў вёску, на межах паселішча, каб паказаць адданасць насельнікаў хрысціянскім каштоўнасцям. Таксама людзі збіраліся каля крыжоў у час сумесных набажэнстваў на свята, спыняліся каля іх пры выпраўленні ў апошні зямны шлях аднавяскоўцаў, – распавядае Уладзімір Прыхач, краязнаўца са Смаргоні.
Традыцыя ўзвядзення высокіх крыжоў-абярэгаў вядома з часоў распаўсюджання хрысціянства на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага.
    Першапачаткова яны вырабляліся з дрэва, пазней – з выкарыстаннем каменю, цэглы, металу.
    – Калі збунцвелы крыж занепадаў, вернікі ставілі новы на былым намоленым месцы. Такім чынам захоўвалася памяць пакаленняў, працягваліся векавыя традыцыі ўшанавання веры, – зазначае спадар Уладзімір.
    Прыдарожныя крыжы раней называлі “паклоннымі”. Чалавек, які праходзіў міма, звычайна здымаў шапку і аддаваў паклон.
   
    Да VI стагоддзя вернікі не змяшчалі на крыжах постаць Хрыста.
    Трыада прыдарожных крыжоў у в. БяляныЕзусу Хрысту ў распяцці. Часам пры дарозе можна ўбачыць памятныя крыжы, усталяваныя на ўспамін аб якіх-небудзь падзеях. Падобны ўзвышаецца ў в. Кадыш Гродзенскага раёна, дзе адбывалася бітва Студзеньскага паўстання. Маюць месца і надмагільныя крыжы. Адзін з іх усталяваны на форце пад в. Навумавічы Гродзенскага раёна, дзе ў 1943 годзе былі расстраляны мірныя жыхары. Па-іншаму такія крыжы яшчэ называюць “памінальнымі”. Сярод мноства рэлігійных помнікаў архітэтэктуры вылучаецца “крыжовая” гара ў Ашмянах. Вось ужо чвэрць стагоддзя штогод у Вербную нядзелю вернікі ідуць у працэсіі на ўзвышша, каб усталяваць там чарговы крыж у памяць аб шляху Езуса Хрыста на Галгофу. Сёння гэтае месца нагадвае ў мініяцюры Гару крыжоў пад Шаўляем (Літва).
   
Прыдарожныя крыжы з’яўляюцца адказам на заклік Хрыста: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле”
(Мц 16, 15).

    Намаганнямі нераўнадушных
    Часцей прыдарожныя крыжы ўзводзіліся цэлай вёскай або будаўнікі ці фундатары жадалі застацца ананімнымі. Часам сустракаюцца крыжы, усталяваныя стараннямі канкрэтнай асобы, сям’і, як сімвал падзякі за ласкі, атрыманыя ад Бога.
    – Крыж у в. Білі, якая знаходзіцца ў Воранаўскім раёне, паставілі ля дарогі перад сваёй хатай мае дзядуля і бабуля – Чэслаў і Гэлена Сакалоўскія, – дзеліцца Алеся Шаткіна. – Яны былi вельмi верyючымi людзьмi, набожнымі католікамі. Крыж стаў адлюстраваннем іх веры і таго, што Бог ім заўсёды дапамагаў.
    На пачатку 2000-ых гадоў прыдарожны крыж быў адноўлены i паўторна асвечаны пробашчам парафіі Канвелішкі, да якой тэрытарыяльна належыць вёска.
    На жаль, у 1960–1970-ыя гады па распараджэнні ўлад безліч прыдарожных крыжоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі вынішчаны: іх выкопвалі, палілі, вывозілі. Мясцовыя вернікі намагаліся ўсімі сіламі бараніць святыя рэліквіі. Часта з-за гэтага праследаваліся атэістычным, ваяўнічым камунізмам, ссылаліся на нялюдскія землі, але ніколі не адракаліся ад веры ў Езуса Хрыста.
    – Жыхары Нямнова над Аўгустоўскім каналам успаміналі, колькі ім каштавала абарона ў пасляваенны час крыжа бліз колішняга млына, – распавядае Роберт Сарноўскі з Польшчы, які ў свой час шмат падарожнічаў па Беларусі і рабіў фотаздымкі культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага для гістарычна-турыстычных карт. – Савецкія ўлады не хацелі, каб стары драўляны крыж быў заменены на новы. Настойліва сцвярджалі, што ў гэтым месцы ўвогуле ніколі не было крыжа… і не павінна быць. Вёска Нямнова прыдарожны крыж усё ж абараніла.
   
    Цікавасць да артэфактаў
    Сёння прыдарожныя крыжы маюць не толькі культурнае, рэлігійнае значэнне, але і выклікаюць прыватны інтарэс. Валерый Варановіч, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, распавядае, што ў вольны час любіць вандраваць на веласіпедзе па-за горадам і фатаграфаваць. Не так даўно ўвагу выкладчыка прыцягнуў адметны крыж у в. Бяляны Гродзенскага раёна, прычым надпісы на ім выклікалі прафесійную, лінгвістычную зацікаўленасць.
    У выніку спадар Валерый прысвяціў гэтаму навуковы артыкул.
    Такім чынам у мужчыны з’явілася хобі – збіраць здымкі прыдарожных крыжоў-абярэгаў і аналізаваць надпісы на іх.
    На дадзены момант даследчык сістэматызаваў надпісы на 20-ці крыжах. У калекцыі ж аўтара яшчэ больш здымкаў, бо далёка не на кожным крыжы значыцца нейкі тэкст.
    Між іншым, Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр запусціў праект пад назвай “Прыдарожныя крыжы… Маўклівая гісторыя малой радзімы”. Збіраюцца сучасныя і гістарычныя звесткі, якія датычацца артэфактаў на тэрыторыі раёна. Плануецца стварыць інтэрактыўную карту крыжоў Гродзенскага раёна і на аснове гэтага распрацаваць экскурсійны маршрут. Хочацца спадзявацца, што аб’екты рэлігійнай архітэктуры не сыдуць у нябыт. Крыжы пры дарогах будуць і далей выразным напамінам пра тое, што шлях чалавека пазначаны знакам любові, клопату і апекі Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.