ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Галоўны алтар пабрыгіцкага касцёла праз 70 гадоў “вярнуўся” ў святыню

З жыцця Касцёла

Устаноўлена дакладная копія алтара XVII стагоддзя, які быў знішчаны ў савецкі час. Яго аднаўлялі цягам года па старых фотаздымках, а ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне прымеркавалі да 30-годдзя вяртання святыні каталіцкім вернікам.
Трагічны лёс храма
   з тонкім хараством

    Калі ўваходзіш у касцёл, позірк міжволі скіроўваецца на галоўны алтар, дзе прабывае Бог, дзе складаецца ахвяра праз малітву святара і супольнасці вернікаў. Гэта найцудоўнейшае месца ў кожнай святыні, яе сэрца. Сапраўдным упрыгожаннем касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне доўгі час таксама быў разьбяны галоўны алтар. Усё ўнутранае ўбранства святыні, якая славілася прыгажосцю і густам, ператрывала дзве сусветныя вайны, але было цалкам знішчана ў савецкі час.
Кс. канонік Антоній Грэмза, рэктар касцёла, адзначае, што гэтая святыня – адна з найстарэйшых у Гродне. Яна была пабудавана дзякучы намаганням маршалка ВКЛ Кшыштафа Весялоўскага і яго жонкі Аляксандры з Сабескіх. Унутраным аздабленнем пабрыгіцкага касцёла займаўся вядомы майстар Георгій Цэльг, які ў свой час прыехаў у Гродна з Гданьска (Польшча). У гэтай нялёгкай працы яму дапамагалі мясцовыя цесляры. Над багатым строем святыні працаваў шэраг мастакоў, якія стварылі скульптурныя кампазіцыі, абра      Урачыстае адкрыццё адноўленага алтара адбылося 23 жніўнязы і алтарныя выявы.
    “Унутранае аздабленне храма было, з аднаго боку, простым і стрыманым у адрозненне ад іншых гродзенскіх касцёлаў, а з другога боку, яму было ўласціва тонкае хараство, – гаворыць кс. Антоній. – Галоўны алтар меў рысы класіцызму, пра што сведчылі кручаныя калоны. Яны нагадвалі калоны з базілікі св. Пятра ў Рыме. Чарговай адметнасцю галоўнага алтара было тое, што ў яго цэнтры ў паглыбленні знаходзіўся абраз Маці Божай Снежнай, а засланяў яго абраз Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Паколькі апошні быў большага памеру, у кляштарных хроніках узгадвалася нават назва касцёла «Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі Большай». Сёння гэты тытул забыты і не ўжываецца”.
    У 1950 годзе, калі савецкія ўлады закрылі кляштар і касцёл, прыстасаваўшы святыню пад склад, святое месца было разрабавана. Усе алтары, а таксама амбон, арган, балкон і ўнутранае аздабленне былі знішчаны. Вядома, што нешматлікія асобныя алтарныя часткі апынуліся ў дзяржаўных музеях.
    “У 1990 годзе касцёл вярнулі вернікам, але гэта былі сапраўдныя руіны, – з роспаччу ўзгадвае рэктар касцёла. – Спярша мы зрабілі рамонт унутры, затым пачалася рэстаўрацыя святыні. Але галоўнага алтара не было на працягу ўсіх гэтых гадоў. Толькі ў верасні мінулага года мы змаглі з радасцю сказаць: «Прыйшоў час!», – і ўзяліся за працу”.
   
   Як Фенікс з попелу
    Аднаўляў галоўны алтар пабрыгіцкага касцёла вопытны гродзенскі майстар Вітольд Габінскі. Дзякуючы яго намаганням было адрэстаўравана 25 каталіцкіх святынь на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
    “Мне паставілі дастаткова складаную задачу, – распавядае майстар. – Трэба было збудаваць алтар з нуля, абапіраючыся толькі на старыя фотаздымкі інтэр’ера святыні. Пры гэтым патрабавалася паўтарыць форму і канструкцыі, як у XVII стагоддзі, каб алтар арганічна ўпісваўся ў кампазіцыю касцёла. Даводзілася рупліва працаваць штодзённа з перапынкамі на нядзелі і святы. Але зараз маю адчуванне, што гэтыя 11 месяцаў праляцелі, як адзін дзень”.
    Спадар Вітольд гаворыць, што задаволены вынікам сваёй працы, хоць прыходзілася нялёгка.
    Давялося прымяраць ролю і архітэктара, і будаўніка, і мастака.
    “А      Вітольд Габінскі пазалочвае дэкаратыўныя элементы новага алтаралтар рабілі не з дрэва, а з каменных блокаў. Затым пакрывалі ўсю канструкцыю адмысловай фарбай, выкарыстоўваючы тэхніку венецыянскага мармуру, – зазначае майстар. – Першая праблема, з якой сутыкнуўся, калі ўзяўся за працу, – нестандарт. І пабрыгіцкі касцёл тут не выключэнне: гэта тыповыя цяжкасці для такога роду аб’ектаў. Фірмы, што выконваюць пэўныя элементы і механізмы пад замову, выстаўляюць за свае паслугі касмічныя цэннікі. А большасць з іх нават не хоча звязвацца з такімі складанымі замовамі. Таму прыходзіцца ўсё рабіць самастойна. Канешне, часам не абыходзіцца без мазгавога штурму, і тады няма іншага выйсця, акрамя як самому стаць экспертам”.
    Спадар Вітольд адразу прыводзіць прыклады, каб не быць галаслоўным: “Я па ўсёй краіне шукаў людзей, якія пагодзяцца выканаць калоны. І ніхто не ўзяўся за гэтую працу, паколькі форма нетыповая. Атрымліваецца, што тэхналогіі ў нас крочаць наперад, а на практыцы бачым, што сотні гадоў таму людзі сякерай маглі зрабіць больш. У выніку прыйшлося ламаць галаву і самому іх рабіць. Чарговыя цяжкасці ўзніклі, калі стваралі нішу для абразоў. У паглыбленні алтара, згодна з традыцыяй, трэба было размясціць ікону Маці Божай Снежнай. Раней яе здымалі ўручную, а зараз яна павінна выязджаць механічна падчас вялікіх рэлігійных свят. У астатнія ж дні ікона зачынена «знешнім» абразом Звеставання, які сягае ў вышыню 2,5 метры. Давялося прадумваць не толькі ўсю гэтую канструкцыю да міліметраў, але і сам механізм, бо не знайшлося ахвотных зрабіць яго на замову”.
    Майстар падкрэслівае, што калі працуеш на такіх аб’ектах, то трэба выконваць працу нават не на 100, а на 200 адсоткаў, каб ніводзін з элементаў не даў збой.
    “У народзе часта можна пачуць такі дыялог: «Ці будзе трымацца? – Як прыжывецца! Калі што, ізноў работа будзе». Тут такі нумар не пройдзе. Трэба сумленна падыходзіць да свайго абавязку і рабіць на вякі”, – падсумоўвае мужчына.
   
   Працы працягнуцца
    Падчас урачыстага адкрыцця і асвячэння адноўленага алтара руплівы рэктар святні кс. Антоній адзначыў, што з часам плануецца аднавіць астатнія алтары, а таксама ўсталяваць на галоўным алтары фігуры святых Аўгусціна, Уладзіслава, Казіміра і Войцеха, святога Міхала Арханёла і анёлаў, якія гістрычна тут прысутнічалі.
    “Дзякую кожнаму, хто духоўна і матэрыяльна падтрымаў стварэнне алтара. Цяпер касцёл заззяў новым жыццём і непаўторным хараством”, – адзначыў напрыканцы ўрачыстасці кс. Антоній.
   
Абраз Маці Божай Снежнай, які аздабляе галоўны алтар пабрыгіцкага касцёла, быў створаны ў XVII стагоддзі пад відавочным уплывам барокавага алтарнага жывапісу. У свой час яго ўратавалі ад знішчэння парафіяне, і святыня да 2003 года захоўвалася ў гродзенскім фарным касцёле. Затым пасля рэстаўрацыі абраз быў перададзены ў касцёл брыгітак і толькі сёлета вярнуўся на сваё гістарычнае месца – у алтар.
    Рэстаўрацыяй абраза Маці Божай Снежнай займаўся гродзенскі мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы. Майстар узгадвае, што зараз ікона прадаўгаватая, хоць першапачаткова яна мела квадратную форму. Дошку датачылі зверху і знізу хутчэй за ўсё ў XVIII стагоддзі. У гэты ж перыяд абраз быў аздоблены каронай і шатамі.
    “Дошка, на якой наклеена палатно з выявай, уся была ў дзірачках ад цвікоў, сам абраз – моцна забруджаны, – узгадвае спадар Уладзімір. – Таму перада мной стаяла традыцыйная задача: захаваць усё аўтарскае і дапасаваць тое, што страчана. Канешне, усведамленне, што тысячы людзей маліліся перад гэтым абразом і многім Маці Божая дапамагла, сыграла сваю ролю. Я адчуваў вялікую адказнасць і стараўся выканаць сваю працу на найвышэйшым узроўні”.
    Майстар падкрэслівае, што шаты, якія зараз аздабляюць ікону, закрываюць значную частку каштоўнага жывапісу. Таму ён спрабаваў намовіць кс. рэктара, каб асобна павесіць абраз, а асобна – шаты, як гэта робяць, напрыклад, у Літве. Але ў выніку ад гэтай задумы адмовіліся.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.