ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Варта ведаць (172)

Варта ведаць

☞ Святы Айцец Францішак дазволіў абнародаваць дэкрэты, падрыхтаваныя Кангрэгацыяй па кананізацыі. Першы дакумент тычыцца прызнання цуда, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божай Марыі Антоніі Сама, свецкай верніцы з Італіі. Святы Айцец ухваліў таксама дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў заснавальніцы Таварыства Збаўцы c. Марыі Фэлікс Торэс і кс. Марыяна Хасэ дэ Ібаргуэнгуацыа-і-Зулуага з Іспаніі, а таксама місіянера, падарожніка, картографа кс. Эўсебіа Франчэска Кіні SJ і свецкага верніка Анджаліна Банэта з Італіі.

    ☞ Папа Францішак прызначыў аб-па Клаўдыа Гуджэроці Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі. З 2015 года іерарх выконваў дыпламатычную місію ва Украіне. З 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года быў Апостальскім нунцыем у Беларусі. Абп Клаўдыа Гуджэроці паходзіць з Італіі, з’яўляецца тытулярным арцыбіскупам Равэлы. Мае вучоную ступень магістра святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце св. Ансэльма ў Рыме. Абараніў дактарат у Папскім усходнім інстытуце. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1982 годзе, біскупскую сакру – у 2002 годзе.
   
   ☞ На сайце Канферэнцыі Біскупаў Японіі апублікаваны зборнік пад назвай “Ліквідацыя атамнай энергіі: заклік Каталіцкага Касцёла ў Японіі”. У ім утрымліваюцца меркаванні міжнародных экспертаў аб наступствах атамнай катастрофы на Фукусіме, небяспеках, звязаных з валоданнем ядзернай зброяй, а таксама аналіз атамнай энергетыкі з этычнага і тэалагічнага пункту гледжання. Спасылаючыся на энцыкліку “Laudato si’”, біскупы падкрэслілі, што поўная адмова ад атамнай энергетыкі – адзін з самых важных пунктаў ураўнаважанага развіцця на Зямлі.
   
   ☞ У адкрытым лісце да вернікаў члены Канферэнцыі Біскупаў Эквадора асудзілі карупцыю. Дакумент стаў рэакцыяй на сітуацыю ў краіне, якая склалася ў сувязі з распаўсюджаннем пандэміі каранавіруса, калі стала вядома пра злоўжыванні падчас набыцця і паставак лекаў, медыцынскіх сродкаў і прадуктаў харчавання. Карупцыя, па словах іерархаў, “спрыяе культуры адчужэння самых уразлівых, а таксама стварае несправядлівасць і беспакаранасць”. Іерархі заклікалі ўлады правесці расследаванні злачынстваў.
   
    ☞ З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце была арганізавана І Сусветная анлайн-пілігрымка ў марыйны санктуарый у Лурдзе (Францыя). Яна прайшла пад дэвізам “Lourdes United” (“Аб’яднаны Лурд”). У прамой трансляцыі праз тэлебачанне, радыё і інтэрнэт прынялі ўдзел мільёны вернікаў з усіх кантынентаў. Удзельнікі віртуальнай пілігрымкі змаглі такім чынам прыняць удзел ва ўрачыстасцях, падрыхтаваных з нагоды гадавіны апошняга аб’яўлення Маці Божай св. Бернадэце Субіру.

vaticannews.va

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.