ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

З паклонам да старасці, з выклікам да маладосці

З жыцця Касцёла

26 ліпеня прыпадае літургічны ўспамін бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі і дзядулі з бабуляй Езуса Хрыста – святых Яўхіма і Ганны. Гэты дзень у традыцыі Касцёла лічыцца таксама днём малітвы і ўдзячнасці людзям у сталым узросце.
Раскрываючы каштоўнасць продкаў, маем добрую магчымасць засяродзіцца над уласнай каштоўнасцю, і як наступства – выбраць найбольш адпаведны для сябе шлях, бо нельга адмяніць сувязь паміж пакаленнямі, дараваную нам Госпадам.

   Дар ад продка
    Гродзенцу Вадзіму Калупайлу 17 гадоў. Ён ведае, чаго хоча. Паступова імкнецца да мэты, з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Здаецца, незвычайна для сучаснай моладзі, якая часта выглядае разгубленай. Незвычайна нават для тых, хто шмат гадоў усё яшчэ не разумее, як і куды сябе “прымяніць”.
    Тэма раскрыцця ўласнага паклікання, напэўна, адна з самых складаных. Што рабіць? Давяраць свой жыццёвы шлях Богу і актыўна “шукаць сябе”. Няпроста, але дзейсна. Вадзім дае падказку, якая спрацавала ў яго выпадку: звярнуць увагу на карані і паглыбіцца ў гісторыю свайго роду. Нездарма Касцёл лічыць сям’ю самым вялікім багаццем – магчыма, там утойваецца найкаштоўнейшы скарб?
    “Свайго дзядудулю я ніколі не бачыў – не застаў пры жыцці. Аднак менавіта яго постаць адыграла вырашальную ролю ў станаўленні маёй асобы”, – адзначае хлопец.
    Незадоўга да адыходу з жыцця Леанід Калупайла пачаў пісаць дзённікі. Паспеў занатаваць 2 сшыткі, у якіх змясціў самае важнае. Стары чалавек адчуваў хуткае прыйсце смерці з-за дакучлівай хваробы і хацеў пакінуць нашчадкам памяць пра сябе – каб не забывалі. Не толькі не забылі, але і скарысталі яго спадчыну.
    Сёння Вадзім, як і дзед калісьці, захапляецца фатаграфіяй. “Калі мне споўнілася 14 гадоў, вырашыў далучыцца да кола аматараў фатаграфіі. Акурат тады знайшоў дома старыя здымкі, стары фотаапарат. Узгадаў пра дзедавы дзённікі і пачаў чытаць. Аказалася, фотаапарат дзеду падарылі ў якасці прэміі на шклозаводзе. І той стаў яго найлепшым спадарожнікам. Пасля я высветліў, што архіў дзеда налічвае больш за 2 тысячы здымкаў, а ў склепе дома ён меў фоталабараторыю”, – распавядае Вадзім.
    Каб яе стварыць, Леаніду Калупайлу спатрэбілася некалькі гадоў і немалыя грошы. Пачынаў з імправізаванай лабараторыі на кухні: закрываў усе шчыліны ад вокнаў і дзвярэй – і на працягу некалькіх гадзін на кухню нельга было заходзіць. Пасля перамясціўся ў склеп. Пачаў самастойна рабіць растворы для праяўкі плёнкі – рэцэпты браў з адмысловай кнігі. Паступова купіў неабходнае абсталяванне: фотапавелічальнік, чырвоную лямпу, глянцавацель, бочкі для праяўкі плёнкі, ванначкі для фатаграфій – той мінімум, які неабходны для “нараджэння” фатаграфій.
    Дзядуля Вадзіма Леанід Калупайла  ў маладосці“Доўгі час я з сям’ёй жыву ў дзедавым доме. Мне ўдалося цалкам аднавіць фоталабараторыю. Чаго не хапала – дакупіў. Фотаапарат дзядулі знаходзіцца ў працоўным стане, трэба было толькі пачысціць ад пылу і іржы, – дзеліцца хлопец. – На дадзены момант я адсняў ужо 2 фотаплёнкі. Мне падабаецца працаваць са старой камерай, таму што яна не дае права на памылку. Ты маеш 36 кадраў – і ўсё. Перад тым, як пстрыкнуць па спускавой кнопцы, доўга разважаеш і кадрыруеш выяву вокам, а не пасля на камп’ютары, як звыкліся рабіць цяпер. Трэба добра прыцэліцца – гэта гартуе прафесійны навык. Мне таксама вельмі падабаюцца колеры, якія атрымліваюцца на здымках, зробленых на плёнку. Лічбавая камера такіх адценняў не дасць. Гэта вельмі прыемныя фарбы: больш мастацкія, больш цёплыя – іх складана паўтарыць нават з дапамогай апрацоўкі ў фотарэдактары. Часта таксама атрымліваюцца цікавыя эфекты, напрыклад, калі на плёнцы ёсць драпіны. Некаторыя любяць выкарыстоўваць падобныя фільтры ў Інстаграм – нібы плёнка з пашкоджаннем. А ў мяне так атрымліваецца натуральна”.
   
    Сувязь скрозь нябыт
    Вадзім прачытаў у дзённіках, што дзядуля вельмі любіў падарожнічаць, заўсёды з фотаапаратам, які “тануў некалькі разоў падчас паездак”. Хлопец захапляецца азартам дзеда і прызнаецца, што хацеў бы павандраваць разам з ім, калі б была такая магчымасць… Дзядулю і ўнука раздзяляюць дзесяткі гадоў, аднак Вадзіму прыйшла ў галаву ідэя здзейсніць падарожжа ў часе. Даследаваўшы сямейны фотаархіў, хлопец вырашыў зрабіць фотапараўнанні. У архіве дзеда шмат здымкаў Гродна. Гэтыя фота налічваюць ужо паўстагоддзя, таму адлюстраваныя на іх віды крыху адрозніваюцца ад сучасных. Вадзім рашыў, што будзе цікава прадставіць на адной выяве бачанне дзеда і ўнука. Можна будзе адчуць розніцу пакаленняў, убачыць, як змяніўся горад.
    Хлопец з запалам дзеліцца тэхнічнымі падрабязнасцямі працэсу фотапараўнання: “Бяру ў рукі патрэбны здымак і скрупулёзна вымяраю, з якой кропкі ён быў зроблены. Раблю ўласнае фота з ідэнтычнага ракурсу. Пасля з дапамогай фотарэдактара накладваю здымкі адзін на другі: некаторыя аб’екты перамяшчаю, каб супалі, і непатрэбную частку кадра выдаляю. Калі ёсць пэўныя навыкі, на ўвесь працэс затрачваецца не больш за паўгадзіны часу – а вынік атрымліваецца займальны”.
    На дадзены момант гатовыя параўнанні, у асноўным, з цэнтра горада. Вадзім плануе здымаць далей, каб пасля арганізаваць уласную выставу.
   
    Пераймаючы, адкрываць сябе
    Вернісаж у жыцці Вадзіма ўжо меў месца. Натхніўшыся досведам дзядулі, хлопец пачаў фатаграфаваць больш, назапашваць матэрыял. Толькі ў дзядулі гэта быў пераважна рэпартажны жанр, а ва ўнука – мастацкі.
    У лютым бягучага года Вадзім адкрыў сваю першую выставу ў фотаклубе “Гродна”. Ён ездзіў па маршруце 35-га аўтобуса, які стартуе з плошчы Савецкай і накіроўваецца на возера Юбілейнае, і фатаграфаваў пасажыраў. Сваю выставу Вадзім так і назваў – “35-ты маршрут”.
    “Паехаў, каб зрабіць некалькі пейзажаў, а ў выніку пачаў звяртаць увагу на пасажыраў і фатаграфаваць іх. Здымаў на працягу года – ёсць здымкі з кожнай пары: зімы, вясны, лета і восені. Пасля падумаў, што з гэтым матэрыялам магу зарэкамендаваць сябе як фатограф. У выніку для выставы былі адабраны 30 здымкаў. На іх звычайныя гродзенцы, якія ездзілі на дачу і вярталіся назад. Падчас шляху кожны займаўся сваімі справамі і не заўважаў, што я прыцэльваюся фотаапаратам”, – распавядае Вадзім.
    Хлопец таксама ўдзельнічаў у фотавыставе “Мы з Беларусі”, арганізаванай пасольствам Ізраіля для мясцовых фатографаў. “Прапускным білетам” для Вадзіма стала фотавыява Каложскай царквы. Нездарма і сярод дзядулінага архіва шмат здымкаў сакральнай архітэктуры Гродна – было ў каго павучыцца. Дарэчы, таленавітасць хлопца адзначаюць многія гродзенскія фатографы.
   
    Вынесці ўрок
    Вадзім дзеліцца, што адкрываць уласную гісторыю і ўсталёўваць сувязі з продкамі – цікава. Хаця б па той прычыне, што за гэтым абавязкова будзе ўтойвацца які-небудзь сюрпрыз.
    “Дзядуля не жыў у эпоху гаджэтаў і інтэрнэту, але гартаючы старонкі дзённіка, я ўпэўніўся: яго штодзённасць была вельмі яркай і насычанай. Гэта абуджае вялікую прагу да замілавання жыццём, – адзначае хлопец. – Гісторыя дзеда адыграла важную ролю ў станаўленні мяне як асобы. Спачатку ацэньваў сваё захапленне фатаграфіяй на ўзроўні хобі. Аднак даследаваўшы дзедаў архіў і лабараторыю, я зрабіў фатаграфію часткай свайго жыцця. Яна, пэўна, вызначыць маю будучыню”.
    Зараз Вадзім рыхтуецца да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на факультэт экранных мастацтваў (спецыяльнасць – кінатэлеаператар), а пасля марыць накіравацца за межы краіны, каб развіваць свае здольнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.