ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Распазнаванне: накірунак руху чалавека

З Богам праз штодзённасць

Распазнаванне – гэта мастацтва шанавання дароў, якія Бог спасылае нам, і адкрыцця як мага лепшых спосабаў штодня адказваць узаемнасцю на Яго любоў,” – піша Дэвід Лонсдэйл, аўтар некалькіх кніг па ігнацыянскай духоўнасці. Менавіта пачуццё ўдзячнасці Богу з’яўляецца найлепшай матывацыяй да распачацця (або вяртання на шлях) распазнавання. Яно патрабуе адвагі, высілку, а таксама пэўнай стрыманасці, таму што рашэнні не павінны прымацца адразу, на падставе імгненных пачуццяў – свой эмацыянальны водгук трэба ўсвядоміць і даследаваць. Спачатку разгледзім падрабязней тры крокі, агульныя для ўсіх правіл св. Ігнацыя.
Усведамленне – брама да ўсяго распазнавання. Аднак увага да ўнутранага жыцця не даецца так лёгка, як хацелася б. Ці часта мы ўсур’ёз разглядаем стан душы? Ці знаходзім магчымасць спыніцца на працягу дня, каб усвядоміць, што адбываецца ўнутры?
    Святы Дух жыве ў нас (параўн. 1 Кар 3, 16), як сцвердзіў яшчэ св. Павел. Але мы самі прабываем дзесьці звонку, углядаемся ў свет, безуважныя да дзеяння Бога ва ўласным сэрцы. Трэба прызнаць, успрыманне ўнутранага свету – больш складаная справа, чым успрыманне знешняга праз пачуцці цела. На гэта ўплываюць наступствы першароднага граху, хлусня злога духа, цяжкасці з дысцыплінаванасцю нашай увагі, якая схільна бязмэтна блукаць, рэагуючы на любы знешні стымул. Звыш таго, нават засяродзіўшыся, высвятляем, што ўнутры нас плыве надзвычай рухомы і багаты паток пачуццяў і думак, сярод якога цяжка дамагчыся выразнага ўспрымання якога-небудзь канкрэтнага руху, калі толькі ён не вылучаецца асаблівай інтэнсіўнасцю або працягласцю.
    Часта кажуць, што сучасныя электронныя прылады негатыўна ўплываюць на здольнасць канцэнтрацыі, аднак яны толькі прапануюць новыя спосабы рэалізацыі вельмі старадаўняй тактыкі па займанні сябе нечым знешнім. Прычына ў тым, што паварот – ці нават разварот – да сябе азначае сустрэчу з уласнай абмежаванасцю, недасканаласцю, слабасцю, а гэта досыць некамфортная перспектыва, хоць і нагадваем сабе ўвесь час пра Божую міласэрнасць. Толькі тады, калі асабіста дасведчым, што ў нас у глыбіні “святло свеціць у цемры” (Ян 1, 5), і што быць “у сабе” – значыць перадусім сустрэцца з асабістай прысутнасцю, любоўю і аздараўляючай моцай нашага Збаўцы, супраціўленне ўсведамленню пачне слабнуць.
    І гэта быў толькі першы крок. Яснае ўспрыманне дае неабходнае святло, каб ісці далей, каб падпарадкавацца кіраўніцтву Святога Духа. Цяпер важна зразумець: ці гэтыя рухі з’яўляюцца сапраўды духоўным досведам і ўплываюць на маё жыццё веры і імкненне выконваць Божую волю? Калі так, то неабходна пастарацца зразумець, ці ад Бога прыйшла тая радасць або сум, захопленасць або расчараванне, якія мы адчуваем? Менавіта тут рэкамендацыі св. Ігнацыя стануць адпаведнай дапамогай.
    Якімі б складанымі ні былі папярэднія два крокі, працэс распазнавання не дасягнуў сваёй мэты, пакуль не прывёў да дзеяння. Зразумеўшы, што пэўны праект, занятак ці стан рэчаў аддаляюць ад Бога, трэба адкінуць іх. І наадварот, распазнаўшы Божае запрашэнне, прапанову, пакліканне, трэба іх прыняць і актыўна ажыццяўляць. Усе тры этапы сцісла звязаны між сабой: рашучасць дзеяння становіцца магчымай дзякуючы духоўнай чуйнасці і адпаведнай інтэрпрэтацыі натхненняў.
    Звернемся цяпер да саміх правіл распазнавання духаў. Заканчэннем мінулага артыкула быў тэкст “Пачатак і аснова”. Лагічным наступствам разважання аб мэце чалавечага жыцця, становіцца пытанне: набліжаюся я да гэтай мэты ці рухаюся ў адваротным кірунку? Пытанне вельмі важнае, бо ад адказу на яго залежыць, наколькі карыснымі стануць для нас першыя два правілы св. Ігнацыя. Каб правільна распазнаць, які дух “працуе” ў сэрцы, трэба спачатку выявіць асноўны напрамак духоўнага жыцця. Добрай дапамогай тут можа стаць рахунак сумлення. Разважаючы тэкст правіл, звярніце ўвагу, што св. Ігнацый не гаворыць выхапіць момант “тут і цяпер”, але паглядзець на сваё жыццё ў дынаміцы.
    Першае правіла. Тым людзям, якія ідуць ад аднаго смяротнага граху да іншага, вораг звычайна паказвае фальшывыя ўцехі і тым самым прымушае ўяўляць пачуццёвыя радасці і задавальненні, каб мацней утрымліваць іх і глыбей укараніць у заганах і грахах. У гэтых жа асобах добры дух дзейнічае супрацьлеглым чынам: джаліць і грызе іх сумленне, дае пачуць разважлівы голас розуму.
    Другое правіла. У тых, якія дбаюць аб ачышчэнні ад грахоў і імкнуцца да лепшага служэння Богу, нашаму Пану, добры і злы дух дзейнічаюць адваротным чынам, у параўнанні з першым правілам. Злому духу тады ўласціва дакучаць, засмучаць і ставіць перашкоды, прымушаючы душу непакоіцца з-за надуманых меркаванняў, каб толькі душа не рухалася наперад. А добраму духу ўласціва дадаваць адвагі і сілы, слёз, натхненняў і спакою, несці палёгку і прыбіраць перашкоды, каб душа ўсё больш узрастала ў добрым.
    Варта шчыра спытаць сябе: мы сапраўды імкнёмся да ўзрастання ў хрысціянскім жыцці ці хутчэй “зразаем вуглы”, стараючыся дагадзіць “і нашым, і вашым”? Рух ад благога да горшага можа адбывацца, па-першае, не ва ўсім жыцці цалкам, а толькі ў асобных сферах, а па-другое, не толькі на працягу некалькіх гадоў ці месяцаў, але нават цягам аднаго дня, 1–2 гадзін. Таму так важна ўсведамляць, што адбываецца ў сэрцы, каб своечасова змяніць памылковы накірунак.
    Адносна паняцця “духаў” а. Жуль Тоўнэр SJ, шматгадовы духоўны кіраўнік і рэкалекцыяніст, адзначае: “Несумненна, што для Ігнацыя гэтае слова адносілася да Святога Духа і да створаных духаў, як добрых, звычайна называных анёламі, так і злых, звычайна называных сатаной і дэманамі. Карыстаючыся правіламі Ігнацыя, мы можам і павінны надаваць тэрміну «злыя духі» больш шырокае значэнне, якое, акрамя сатаны і дэманаў, уключае ў сябе схільнасці нашай псіхікі, якія паходзяць з эгаізму і неўпарадкаванай пачуццёвасці, а таксама з уплываў іншых людзей або грамадства – настолькі, наколькі яны спрычыняюцца да зла ў нашым жыцці”.
    Калі слабее і губляецца жыццядайная сувязь з Богам чалавека, аб якім гаворыць першае правіла, у глыбіні яго сэрца нарастае туга. Злы дух заглушае гэты неспакой псеўдарацыянальнымі меркаваннямі: “Нічога такога не сталася, я неблагі чалавек. Хай сабе і ўкраў, але хто цяпер не крадзе?”. Альбо так: “Калі з іншымі параўнаць, я ўвогуле святы”, “Я клапачуся пра сям’ю, як магу, невялікая здрада іх не раніць, бо ніхто не даведаецца”. Іншымі словамі, схільнасць да граху будзе падтрымлівацца злым духам, які пастараецца заглушыць сумненні, завабіць новымі забавамі, прапануе адкласці “сур’ёзныя рашэнні” на лепшы час.
    Добры ж дух дасць пачуць дакоры сумлення, будзе непакоіць і вярэдзіць разважлівым пярэчаннем. Не атакуючы, не прыніжаючы, добры дух ставіць пытанні, якія трапляюць у самую кропку: “І што, такое жыццё робіць цябе шчаслівым?”, “Хіба табе не прыкра глядзець у вочы тым, каго падманваеш?”. Ён будзе нагадваць, што выбраны накірунак дрэнны і нават згубны, але гэта той выпадак, калі горкая праўда насамрэч лепш, чым салодкая хлусня.
    Другое правіла распазнавання, напэўна, адлюстроўвае знаёмы ўсім досвед: калі імкнёмся ісці да Бога, адначасова з моцай збаўчай ласкі, то адчуваем іншыя ўнутраныя рухі, выкліканыя знутры або звонку, якія стрымліваюць нас. Намер злога духа не змяняецца, але дзейнічае цяпер супрацьлеглым чынам. Ён імітуе голас розуму, каб збудаваць перашкоды з надуманых аргументаў. “Як доўга ты збіраешся вытрымліваць такое жыццё? Можна ж быць, як усе, навошта так старацца?”, “Ды хто ты такі, каб такое пачынаць, цябе засмяюць!”. Злы дух звяртаецца з тым, што ў чалавеку знаходзіць жывы водгук у дадзены момант. Для кагосьці гэта будзе страх, для іншага пагроза нуды ці насмешак, абы толькі адвярнуць ад Бога.
    Можна паглядзець і з іншай перспектывы: што мяне адводзіць ад жыцця, надзеі, свабоды, праўды?
    Ад цэлага мора з’яў, адносін, ведаў, выклікаў і творчасці? Ад таго, што насычае душу? Па падказцы злога духа мы можам згадзіцца на вельмі пустое і шэрае жыццё, на ўнутраную здранцвеласць, паглыбленасць у сваім маленькім свеце.
    Св. Ігнацый прыводзіць такое параўнанне: злы дух “уваходзіць з грукатам” у добрую душу, стараючыся ўстрывожыць яе, тым часам як Божы пасланнік “дакранаецца да душы ціха, лёгка і лагодна, як кропля вады, што прасочваецца ў губку”.
    Самім фактам у звяртанні ўвагі на “ворага” Ігнацый аказвае нам вялікую паслугу. Не падазраючы, што сутыкнёмся з супраціўленнем у сваім імкненні да Пана, альбо ўсведамляючы гэтае супраціўленне толькі абстрактна (а то і зусім не ўлічваючы яго), духоўная барацьба, хутчэй за ўсё, стане для нас нечаканасцю. А тое, што навальваецца знянацку, цяжка пераадолець з прычыны поўнай непадрыхтаванасці; бясплённае змаганне знясільвае і вядзе да расчаравання. Несумненна, Божая любоў і ласка дзейнічаюць у нашым жыцці з большай моцай, чым любое супраціўленне ворага. Тым не менш, гаворыць св. Ігнацый, гэты злы вораг ёсць, і з яго схаванай дзейнасцю мы не размінёмся. Веданне і разуменне яго ўплываў стануць вялізнай дапамогай у прыняцці рашэння, які накірунак выбраць, каб набліжацца да Бога, а не адмаўляцца ад Яго любові.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.