ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Мая дапамога святарам

Дзіцячы куточак

У адным касцёле падчас збору ахвяраванняў на св. Імшы старэйшы міністрант хадзіў з вялікім плеценым кошыкам, падобным на той, у які складваюць садавіну. У шэрагу лавак сядзеў хлопчык. Ён зацікаўлена на ўсё глядзеў і вельмі хацеў зазірнуць у кошык. Убачыўшы, што вернікі кідаюць у яго грошы, сунуў руку ў кішэню, але з сумам намацаў там усяго некалькі пясчынак.
– Я не маю нічога, што мог бы даць Пану Богу, – прашаптаў хлопчык з апушчанай галавой. Занепакоены, ён з хваляваннем глядзеў на міністранта, які набліжаўся.
    Нарэшце кошык апынуўся перад ім. Старэйшы міністрант усміхнуўся хлопчыку, як рабіў гэта перад кожным іншым чалавекам. Тады той устаў і, задаволены, усеўся ў кошык. Так нібыта хацеў сказаць: “Усё, што маю, ахвярую Богу”. І раптам, хоць ніхто не датыкаў клавіш, прысутныя пачулі, як арган сам зайграў “Алелюя!”.
    Прывітанне, Маленькі Чытач! Аб чым гэтая кароценькая гісторыя? Хлопчык склаў Богу найлепшую ахвяру, якая толькі можа быць, – самога сябе. Гэта магчыма, калі чалавек ахвяруе сваё жыццё на службу Богу. Такая ахвяра называецца пакліканнем да святарства.
    Хто такі святар? Гэта чалавек, выбраны Богам сярод людзей, каб быць пасрэднікам паміж імі. Гэта пасланец Евангелля. Ён абвяшчае людзям любоў Айца і сам стараецца пераймаць Хрыста, выконваючы Яго волю. Святар накіроўвае людзей, паказваючы шлях да Нябеснага Валадарства, і нясе адказнасць за ўсіх вернікаў перад Панам. Гэта чалавек, поўны Бога, бо быў Ім пакліканы і ўстаноўлены для апостальскага служэння, дзейнічае Яго сілай. Святар надзелены мноствам абавязкаў: адпускаць грахі, складаць ахвяру св. Імшы на алтары, удзяляць Божае Цела падчас св. Камуніі, сакраманты, бласлаўляць, навучаць…
    Сатана не любіць святароў, таму што яны атрымалі асаблівую задачу і вялікую ласку ад Бога. Нячысты ведае, што калі зможа адцягнуць святара ад Бога, разам з ім адцягне мноства людзей. “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі” (Мк 14, 27). Сатана таксама не любіць людзей, якія моляцца за святароў. Але хіба гэта павінна напужаць нас? Канешне не! Бог мацнейшы за ўсякае зло. З Ім і мы таксама можам пераадолець любы страх і бяду.
    Неабходна мужна маліцца за святароў. Ім патрэбна наша малітва, каб быць святымі і прывесці людзей у рай. Яны з’яўляюцца даверанымі асобамі многіх сэрцаў, нясуць пакуты многіх вернікаў. Молячыся, мы хочам дапамагчы ім, хочам быць іх апорай, каб рукі не спыняліся; быць іх сілай, калі гэтага не хапае; быць суцяшэннем, калі іх сэрцы неспакойныя. Часам святарам нашмат цяжэй, чым нам. Таму мы павінны прыняць да сэрца словы св. Яна Марыі Віянэя, які казаў, што няма дрэнных святароў, а ёсць толькі тыя, за каго мала моляцца.
   
   Заданне: разам з бацькамі складзі малітву за святароў і маліся ёй як мага часцей. Падумай, чым яшчэ можаш дапамагчы, і ўчыні гэта.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.