ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Каб былі святымі

Інтэрв'ю

Чэрвень – асаблівы месяц, калі глядзець на гэты час са “святарскага” пункту гледжання. Прычын некалькі. Першая – прэзбітэрскія пасвячэнні, якія звычайна адбываюцца ў дадзены перыяд. чарговая прычына звязана з першай – гадавіны пасвячэнняў, калі святары ўспамінаюць дзень, у які распачалі сваё служэнне. Аднак гэта яшчэ не ўсё – 19 чэрвеня прыпадае Сусветны дзень малітвы аб святасці святароў.
Як пакліканыя на службу Пану клапоцяцца аб сваёй святасці? Як свецкія людзі могуць выказаць клопат пра душпастыраў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае а. д-р Анджэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі.
– А. Анджэй, раскажыце, калі ласка, гісторыю святкавання Дня малітвы аб святасці святароў. Ці можна назваць такую сустрэчу фармацыйнай?
    – Сусветны дзень малітвы аб святасці святароў быў устаноўлены Святым Айцом Янам Паўлам II у 1995 годзе. У гэты дзень духавенства збіраецца на супольных малітвах, адарацыях і канферэнцыях. Кангрэгацыя па справах духавенства таксама прапануе арганізоўваць малітвы аб асвячэнні святароў у парафіях дыяцэзіі. Гэты дзень павінен таксама ўсвядоміць вернікам іх адказнасць за якасць святарскіх пакліканняў, а таксама заахвоціць маліцца за пастыраў і практыкаваць у іх інтэнцыі дадатковыя формы ўтаймавання альбо адрачэння, такія як пост, міласціна альбо іншыя ўчынкі міласэрнасці.
   
    – Святы Айцец Францішак у апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” звярнуў увагу, што ключом і прынцыпам службовага святарства не з’яўляецца ўлада, разуметая як панаванне, але ўлада ўдзялення сакраманту Эўхарыстыі. Адсюль аўтарытэт, які заўсёды застаецца на службе людзям. Якія каштоўнасці і мэты асабліва важныя ў тым, каб быць старанным, добрым святаром сёння?
    – Папа Францішак часта паўтарае, што ксяндзы павінны рабіць усё магчымае, каб заўсёды заставацца побач з вернікамі. Павінны нястомна выходзіць ім насустрач, шукаць іх. Езус гаворыць, што ў Касцёле, перш за ўсё, той, хто кіруе, павінен быць “як той, хто служыць” (параўн. Лк 22, 27), а той, хто першы, павінен быць “слугою ўсіх” (параўн. Мк 9, 35).
    Абмыццё ног – гэта сакрамант хрысціянскай улады. Духу служэння супрацьпастаўляецца імкненне да панавання, звычка навязваць іншым уласную волю ці ўласнае бачанне адносна таго, як паступаць у жыцці. Адным словам, аўтарытарызм. Езус сказаў сваім апосталам, каб былі падобнымі на “авечак сярод ваўкоў”.
   Праз св. Імшу ксёндз дакранаецца да ўсяго свету. Як Майсей і як сам Езус, святары нанова адкрываюць моц свайго заступніцтва і пасрэдніцкую функцыю паміж Богам і чалавекам. Святар, пробашч і тым больш біскуп цэлебруе такім чынам св. Імшу, а потым далей моліцца, прапаведуе, спавядае, прымае людзей, наведвае хворых; яго дзень таксама з’яўляецца Эўхарыстыяй. Таму, як падкрэслівае ў Лісце да святароў на Вялікі чацвер 2000 года св. Ян Павел ІІ, “перажыванне штодзённай паслугі становіцца для святара магчымым толькі ў сувязі з клопатам аб асабістым асвячэнні, якое заўсёды павінна грунтавацца на звышнатуральнай сіле сакрамантаў Найсвяцейшай Эўхарыстыі і пакаяння. Эўхарыстыя – гэта цэнтр, з якога ўсё выпраменьваецца і да якога ўсё вядзе. [...] На працягу стагоддзяў многія святары знаходзілі ў Эўхарыстыі суцяшэнне, абяцанае Езусам у дзень Апошняй Вячэры, спосаб пераадолення адзіноты, дапамогу ў перажыванні цярпенняў, ежу, што дае сілы зноў вырушыць у дарогу пасля кожнага расчаравання, унутраную энергію, якая дазваляе захоўваць вернасць свайму выбару”. П’ер Оліван, вялікі майстар духоўнага жыцця, заўсёды паўтараў: “Раніцай падчас св. Імшы я святар, а Езус – ахвяра; цягам дня Езус з’яўляецца святаром, а я – ахвярай”. Так святар пераймае Добрага Пастыра, які сапраўды аддае жыццё за сваіх авечак.
   
    – Ад святароў – тых, хто абвяшчае Божае слова, цэлебруе святыя сакраманты, служыць правадніком і пастырам Божага народа – больш за ўсё патрабуецца. На чым грунтуецца сталая святарская фармацыя? Чаго канкрэтна датычыць гэты працэс бесперапыннага фарміравання? Якія ахоплівае сферы?
    – Першая крыніца фармацыі святароў – цэлебрацыя Эўхарыстыі, на якую я ўжо звяртаў увагу, і эўхарыстычная адарацыя. Менавіта таму Святы Айцец Ян Павел II звяртаецца да святароў з такой настойлівай просьбай: Найсвяцейшую Эўхарыстыю трэба з любоўю захоўваць у табернаклі як духоўнае сэрца манаскай і парафіяльнай супольнасці. Без эўхарыстычнага культу як пульсуючага сэрца парафія гіне.
    Другім сродкам святарскага станаўлення з’яўляецца штодзённая асабістая малітва: на Брэвіярыі, медытацыйная, ружанцовая, Вяночкам да Божай міласэрнасці… Пій XII так звяртаўся да духавенства Рыма: “Калі хочаце, каб вернікі ахвотна і набожна маліліся, апярэджвайце іх у касцёле сваім прыкладам, молячыся ў іх прысутнасці. Святар, які стаіць на каленях перад табернаклем у годнай і глыбока засяроджанай паставе, з’яўляецца для людзей павучальным прыкладам, напамінам і заахвочваннем да «малітоўнага спаборніцтва»”.
    Яшчэ адным сродкам фармацыі з’яўляецца добрая падрыхтоўка да святых сакрамантаў, казанняў, катэхізацыі дзяцей і моладзі. Заступнік маралістаў, самы руплівы доктар Касцёла і заснавальнік рэдэмптарыстаў св. Альфонс Лігуоры часта падкрэсліваў, што калі б пробашчы добра выконвалі свой абавязак, увесь свет быў бы асвечаны. Менавіта таму катэхізацыя, а таксама гаміліі падчас св. Імшы настолькі важныя і неабходныя. Так шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангелля. Прапаведуючы Божае слова іншым, святар таксама паглыбляецца і ўзмацняецца ў сваім пакліканні.
    Сярод розных паслуг, якія выконвае святар “in persona Christi”, здзяйсненне сакраманту пакаяння – слуханне споведзі, як кажуць вернікі – належыць, несумненна, да самых складаных і цяжкіх. Аднак плён гэтай паслугі надзвычайны. Святар, спавядаючы іншых, сам асвячаецца. Ён таксама павінен кожныя два тыдні асабіста карыстаць з сакраманту пакаяння і духоўнага кіраўніцтва.
    Акрамя таго, святары часта сустракаюцца на супольнай малітве, перажываюць штомесячныя дні засяроджання і ўдзельнічаюць у штогадовых святарскіх рэкалекцыях.
   
    – У чым павінна выражацца святарская святасць?
    – Усе хрысціяне моцай сакраманту хросту пакліканы да святасці, але святары асаблівым чынам абавязаны да гэтага. Вялікі чацвер нагадвае душпастырам пра абавязак імкнуцца да святасці, каб быць слугамі святасці ў адносінах да людзей, даручаных іх клопату. У дзень свайго пасвячэння кожны святар пачуў з вуснаў біскупа словы, якія абавязваюць яго быць святым: “Няхай святасць твайго жыцця стане крыніцай радасці для паслядоўнікаў Хрыста”.
    І ў апостальскай адгартацыі “Pastores Dabo Vobis” св. Ян Павел II напісаў: “Новая евангелізацыя патрабуе новых абвяшчальнікаў Евангелля, г. зн. святароў, якія стараюцца перажываць сваё святарства як асаблівы шлях да святасці”. Святасць патрабуе, каб святар быў цесна з’яднаны з Богам Айцом і Езусам Хрыстом. Гэта ажыццяўляецца шляхам належнага ўдзялення сакрамантаў, цэлебрацыі Літургіі гадзін і глыбокага перажывання свайго святарства. Яго паслуга мае на мэце збаўленне і асвячэнне вернікаў. Такім чынам, святару неабходна валодаць высокай ступенню звышнатуральных цнотаў і весці глыбокае ўнутранае жыццё. Таму ён павінен не толькі ведаць, чым з’яўляецца духоўнае жыццё, але і сам сведчыць аб тым, што жыве Божым жыццём кожны дзень і што ажыццяўляе розныя этапы духоўнага жыцця, такія як ачышчэнне, асвячэнне і містычнае з’яднанне з Богам.
    Самае галоўнае, каб святар умеў любіць Езуса і пастаянна злучацца з Ім у малітве, а таксама любіць людзей і “спальваць” сябе ў любові да іх. Святар становіцца ўсё больш і больш святым, калі аддае сваё жыццё іншым. Адзіным правільным вымярэннем святарскага паклікання з’яўляецца радыкалізм, а не палавінчатасць у адданасці Хрысту. Менавіта таму такое важнае значэнне мае жыццё ў цэлібаце.
   
    – Сёння нялёгка быць святым святаром. Часы, у якія мы жывем, не спрыяюць гэтаму, таму што яны адзначаны спецыфічнымі, часта вельмі ўмелымі нападамі на святароў. Дык што павінны рабіць святары, каб супрацьстаяць гэтым нападам? Што можа зрабіць кожны вернік?
    – У сітуацыі глабальнага зла, якое паўсюдна нас атачае, неабходна быць аўтэнтычнымі святарамі. Ніколі не саромецца сваёй веры і не прыпадабняцца да свету, які так часта скажоны грахамі. Неабходна, каб святар быў “соллю зямлі і святлом свету” (параўн. Мц 5, 13–16). Праследаванні і напады павінны стаць прычынай яго духоўнага ўмацавання і ўдзелу ў цярпеннях і праследаваннях, якія перажываў Хрыстос. Адносна ганіцеляў трэба паводзіць сябе спакойна і мякка, не “аддаючы злом за зло ці знявагай за знявагу” (параўн. 1 П 3, 9). Падказкай тут будуць словы св. апостала Пятра: “Рабіце гэта лагодна, з бояззю Божай і добрым сумленнем, каб у тым, за што абгаворваюць вас як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць ваша добрае жыццё ў Хрысце” (1 П 3, 16).
    Кожны вернік павінен абараняць святароў, а таксама ахінаць іх штодзённай малітвай.
   
    – Невыпадкова Сусветны дзень малітвы аб святасці святароў штогод адзначаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. У гэты дзень спяваем, каб Езус “учыніў сэрцы нашыя да свайго падобнымі”. Так вернікі моляцца не толькі за сябе, але асабліва за святароў, каб Хрыстос перамяняў іх сэрцы на падабенства свайго Сэрца. Чаму так важна не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго года маліцца за святароў, а таксама аб добрых і святых душпастырах?
    – Так, гэта праўда, што не толькі ў гэты дзень неабходна маліцца за ксяндзоў, але і штодзённа. Шырокую вядомасць мае апостальства “Маргарытка” – групы вернікаў, якія кожны дзень моляцца дзесяткам Ружанца за аднаго з абраных душпастыраў.
    Кожны святар узяты сярод людзей і для людзей прызначаны. Таму ён пастаянна мае патрэбу ў малітве, каб узрастаць у святасці і, адпаведна, у пастырскай любові да даручаных яму вернікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.