ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Адказнасць за сваё жыццё і за жыццё іншых

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Апошнім часам Каталіцкі Касцёл настойліва заклікае вернікаў, каб па магчымасці заставаліся дома і ўдзельнічалі ў набажэнствах праз інтэрнэт. Дзеля чаго гэта патрэбна? Увесь свет ахапіў каранавірус – страшэнная хвароба, якая нясе спусташэнне і смерць. У небяспецы заражэння знаходзіцца кожны чалавек. Лекаў, якія маглі б прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі, на жаль, няма. І адзінае, што можа дапамагчы ўсім нам, каб не захварэць, – гэта захаванне неабходных мер засцярогі.
Да комплексных мер адносіцца самаізаляцыя, калі трэба выконваць строгі рэжым: не выходзіць на вуліцу без вострай неабходнасці, абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі і прытрымлівацца рэкамендацый па прафілактыцы вірусных захворванняў, прапанаваных медыкамі. Гэтыя варункі бяспекі датычаць людзей усіх узростаў. Асноўныя парады спецыялістаў дастаткова простыя: часцей мыць рукі, надзяваць маскі ў грамадскіх месцах, піць шмат вадкасці, добра адпачываць і харчавацца.
    Кожны з нас перад Богам адказвае за сваё жыццё і жыццё іншых людзей. Дзеля гэтага Усемагутны даў нам V запаведзь – “Не забівай”. Калі чалавек не захоўвае правілы асабістай бяспекі і гігіены, ён падвяргае небяспецы, перш за ўсё, сваё здароўе. Вірус перадаецца ад чалавека да чалавека, і заразіцца можа кожны, у любым месцы, у тым ліку і ў касцёле, побач з іншымі вернікамі. Дастаткова аднаго заражанага чалавека, каб хвароба пайшла далей. Неадказнае стаўленне да заклікаў можа справакаваць вялікую бяду. Таму Касцёл заклікае людзей заставацца дома, бо кожнаму з нас жадае дабра.
    Прапаную Тваёй увазе апавяданне пра хлопчыка, які не паслухаўся маці. Яно выразна паказвае, як безадказнасць чалавека можа выклікаць зло, якое запусціць бесперапынны ланцужок дрэннага.
    Маці забараніла сыну гуляць дома з мячом, але ён гэта праігнараваў. Раптам мячык трапіў у вазу, і яна разбілася. Хлопчык схлусіў, каб пазбегнуць пакарання. Ён сказаў маме, што гэта малодшы брат, поўзаючы, разбіў вазу.
    Жанчына вельмі раздражнілася: гэта была любімая ваза! Яна сабрала кавалкі вазы і паспрабавала іх склеіць. Але забылася выняць смажаніну з духоўкі, і тая згарэла. Калі бацька прыехаў дадому, есці не было чаго. Пасварыўшыся з жонкай па гэтай прычыне, ён, раззлаваны, пайшоў на абед у кафэ за вуглом. Там перанёс сваю злосць на афіцыянта, які стаў моцна нервавацца і міжволі перавярнуў кубак кавы на жанчыну, запэцкаўшы той сукенку. Жанчына села ў машыну і накіравалася дадому, каб пераапрануцца. Але яна так моцна засмуцілася, што з-за слёз не бачыла дарогі. Не паспела спыніцца на светлафоры і ўрэзалася ў машыну наперадзе.
    Кіроўца пашкоджанага аўтамабіля выйшаў вельмі раззлаваны. Да таго ж, ён спазняўся на працу.
    Так сталася, што той мужчына выкладаў у школе, сярод вучняў якой быў і хлопчык, што разбіў вазу. Настаўнік прыехаў на працу ў вельмі дрэнным настроі. На ўроку яму ўвесь час здавалася, што хтосьці перашкаджае. Першым, хто трапіў на вочы і хутка атрымаў пакаранне, аказаўся менавіта той самы хлопчык… Так, не паслухаўшыся маці і схлусіўшы, ён распачаў ланцуг злосці і раздражнёнасці, а цяпер заплаціў за свой дрэнны ўчынак.
    Мы не заўсёды ўсведамляем наступствы, што могуць мець нашы дзеянні, але павінны паспрабаваць унесці ў свет любоў і радасць, каб пачаць ланцужок дабра.
    Дарагі Маленькі Чытач! Бог вучыць людзей быць міласэрнымі да кожнага чалавека. Тым самым мы становімся падобнымі да Бога. Гэта так узнёсла і звычайна адначасова… Кожны дзень прапануе мноства магчымасцей праявіць міласэрнасць, таму заклікаю ўсіх вас іх заўважаць і выкарыстоўваць.
   
   Заданне: маліся разам з бацькамі за нашу краіну, каб як мага хутчэй мінула пандэмія каранавіруса.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.