ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Вера падчас пандэміі: у самаізаляцыі, але з Богам

З жыцця Касцёла

У сувязі з пандэміяй каранавіруса Касцёл прапануе вернікам трымацца разам у рэжыме анлайн, каб лішні раз не падвяргацца рызыцы заражэння. Замест таго, каб масава збірацца ў святыні, кожны можа ўдзельнічаць у св. Імшы віртуальна. І ў абставінах, у якіх мы ўсе апынуліся, – гэта выбар у духу хрысціяніна: адказны і з клопатам пра бліжняга.
Зразумела, мы прызвычаіліся да велічы інтэр’ера святынь, магчымасці перадаць знак супакою парафіянам, прыняць Цела Хрыста… І гэта ўсё дадае нам набожнасці. Аднак Касцёл – не мураваныя ці драўляныя сцены, а найперш тое адчуванне блізкасці да Пана, што маем унутры сябе. І перыяд самаізаляцыі можа прынесці добры плён – паказаць, якая сапраўды наша вера. Пра адносіны з Богам, а таксама пра прыклады рэлігійных ініцытыяў у няпросты час распавядаюць вернікі, якія на некаторы перыяд аддалі перавагу рэлігійным практыкам у віртуальнай рэальнасці.

    На адной хвалі падчас набажэнстваў
   Кс. Яўген Эйсмант SAC, парафія свсв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (дэканат Радунь) Шчыра кажучы, у нашай парафіі даўно зарадзілася задума трансліраваць св. Імшы ў рэжыме анлайн. Хацелася выйсці ў сеціва, каб людзі, якія не маюць магчымасці прыйсці ў касцёл па той ці іншай прычыне, маглі ўдзельнічаць у цэлебрацыі Эўхарыстыі віртуальна. Аднак былі прычыны, па якіх ідэя так і заставалася нерэалізаваным планам. Цяпер жа наступіў момант, калі гэта сталася неабходнасцю.
    Трансліруем толькі нядзельныя набажэнствы. Па водгуках людзей, гэтага дастаткова. Аднойчы толькі здарылася сітуацыя, калі папрасілі правесці трансляцыю і ў будні дзень, бо ахвярадаўца цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
    Стараемся заўсёды сачыць за тым, колькі людзей удзельнічае ў Імшы анлайн. Статыстыка паказвае, што праз Instagram далучаецца больш гледачоў, чым праз YouTube. Аднак тых, хто Імшу даглядзеў да канца, на YouTube больш, чым у Instagram. Чаму так – вельмі проста. Многія, праглядваючы стужку, аўтаматычна сочаць за тым, што адбываецца ў нас.
    І звычайна пераходзяць далей, калі іх гэта не цікавіць. Але глядзіш – наступным разам хтосьці застанецца.
    Часцей у Імшы анлайн удзельнічаюць моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. Што датычыць людзей сталых – іх праз сілу не прымусіш застацца дома і маліцца ў самаізаляцыі. Старэйшае пакаленне прайшло вайну, камунізм, зачыненыя касцёлы – і ўвесь гэты час яны баранілі сваю веру. Цяпер, магчыма, не адчуваючы намацальнай небяспекі, яны нічога не баяцца, упэўненыя, што Бог абароніць. Таму, мяркую, дзеці і ўнукі павінны браць на сябе большую адказнасць і дапамагаць бабулям і дзядулям з тэхнічнага боку арганізоўваць св. Імшы анлайн.
    Падсумоўваючы, адзначу, што шмат пазітыўных водгукаў атрымліваем ад вернікаў і ад свецкіх улад. Асабіста я заўважаю сярод людзей дынамічнасць і ў зацікаўленасці рэлігінымі ведамі, і ў сведчанні сваёй веры: пішуць каментарыі, задаюць пытанні, дзеляцца меркаваннямі. Вельмі цешыць, што многія сталі перажываць свой рэлігійны досвед больш актыўна і больш свядома.
   
    Катэхеза анлайн
    Вольга Голуб,  сакратар Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гро- дзенскай курыі і Тэалагічнага каледжа імя св. КазіміраУ каледжы ў рэжым навучання анлайн мы перайшлі яшчэ ў сакавіку. Паслухмяныя свайму пастыру, паступілі згодна рэкамендацыям нашага біскупа Аляксандра Кашкевіча, які раіць пакуль што пазбягаць скопішча людзей.
    Для правядзення лекцый анлайн выкарыстоўваем праграму Zoom. Каб лекцыі адбываліся, кожны ўдзельнік анлайн-канферэнцыі – выкладчыкі і студэнты – усталяваў на сваім тэлефоне ці іншай прыладзе згаданую праграму. Я адказваю за арганізацыю канферэнцыі: высылаю выкладчыку і студэнтам яе ідэнтыфікацыйны нумар, за 10 хвілін да пачатку адкрываю ўваход у канферэнцыю. За гэты час можна праверыць падрыхтоўчыя моманты: ці працуе аўдыё і відэасувязь. Калі ўсё добра, распачынаем анлайн-навучанне. Каб не было шуму, які можа перашкаджаць падчас канферэнцыі, мікрафоны і відэа ў студэнтаў выключаныя. Кожны падпісаны сваім прозвішчам і імем, некаторыя ўстанавілі сваё фота, каб выкладчык ведаў, хто прысутны на лекцыі і хто задае пытанне.
    Большая частка студэнтаў – а гэта амаль 80% – удзельнічае ва ўсіх анлайн-лекцыях.
    На жаль, некаторыя не могуць прысутнічаць альбо спазняюцца на занятак па розных прычынах. Хтосьці ў час, калі праходзіць навучанне, працуе, а хтосьці не можа ўдзельнічаць, бо не мае адпаведнай прылады або якаснай сувязі, каб прымаць удзел у лекцыі анлайн. Сустракаемся ў інтэрнэт-прасторы ўвечары па буднях на працягу гадзіны, а па суботах – амаль цэлы дзень.
    Па-мойму, добра, што інтэрнэт дае магчымасць у цяперашняй сітуацыі не адмяніць заняткі ўвогуле, а працягваць іх. Вядома, гэта не зусім зручна, асабліва для выкладчыкаў, якія прызвычаіліся кантактаваць са студэнтамі непасрэдна, бачыць, як яны ўспрымаюць матэрыял, назіраць за іх рэакцыяй на тую ці іншую інфармацыю. У дадзеных абставінах гэта выглядае крыху інакш: пытанні можна задаць у даступным падчас канферэнцыі чаце або напрыканцы сустрэчы. Гэта іншы фармат, але новыя магчымасці.
    Разам з тым маем надзею, што ў бліжэйшы час сітуацыя ў нашай краіне зменіцца ў добры бок. Спадзяёмся і молімся, каб хворыя хутчэй акрыялі і жыццё людзей вярнулася ў норму. Як толькі сітуацыя выправіцца, адразу пяройдзем у звычайны рэжым і будзем сустракацца, як і раней, двойчы на месяц, у 2-ую і 4-ую суботу і нядзелю месяца.
   
   Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне запрашае далучыцца да супольнасці студэнтаў! Усім ахвотным атрымаць катэхетычную адукацыю просьба звяртацца па тэлефоне: (8 029) 887-71-05 з 10.00 да 18.00 штодзённа акрамя выхадных.
   
    Фізічна – дома, духоўна – у святыні
    РСям’я Яны, Аляксандра і Караліны Сасім,  парафія Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія)ашэнне маліцца дома далося нам нялёгка. Акурат тады набліжаўся Святы Пасхальны Трыдуум і Вялікдзень. Зразумела, у кожны з гэтых дзён хацелася прысутнічаць у касцёле: прыняць св. Камунію, асвяціць ежу і павіншаваць родных і знаёмых радасным “Алелюя”, з любоўю абняць іх. Аднак мы маем маленькае дзіця, сталых бабуль і дзядуль, і хочам зберагчы здароўе блізкіх, каб на наступны год, сустрэўшыся ў святыні, радасна сказаць ім: “Хрыстос Уваскрос!”.
    Як вынік, урачыстую Імшу мы перажывалі анлайн. Вельмі адказна падышлі да гэтага перажывання. Прадумалі ўсе нюансы, нават падабралі вопратку. Канешне, нельга параўнаць кожны перажыты Вялікдзень нашага жыцця з Пасхай 2020, так як не было звычайнага пачуцця велічы гэтага свята. Было цяжка з-за таго, што не змаглі прыняць Хрыста ў св. Камуніі. І з-за таго, што мала людзей мелі магчымасць знаходзіцца ў касцёле ў гэтую святую ноч… Аднак так было неабходна: гэта быў наш выраз любові да бліжняга.
    Цяпер кожную нядзелю працягваем удзельнічаць у св. Імшы анлайн. Самае цяжкае ў гэтым – немагчымасць сустрэчы з Хрыстом, утоеным у св. Камуніі. Аднак мы штораз стараемся злучыцца з Ім праз прыняцце духоўнай св. Камуніі. Смутна і тое, што нельга прыступіць тады, калі хочацца. Трэба шукаць магчымасць, калі ў касцёле будзе менш за ўсё людзей – у буднія дні ці раніцай.
    Але, у цэлым, духоўнае жыццё хрысціяніна не надта змянілася. Як і раней, можна здзяйсняць учынкі міласэрнасці, нават анлайн. Напрыклад, праз аказанне фінансавай дапамогі хвораму дзіцяці. Як і раней, можна чытаць Святое Пісанне, маліцца літаніямі, Вяночкам да Божай міласэрнасці і г. д. Зразумела, хацелі б прысутнічаць на св. Імшы, знаходзячыся непасрэдна ў касцёле. Зразумела, мелі рэлігійныя планы на лета: пайсці ў пілігрымку ў Навагрудак, Будслаў, Лагішын. Аднак няхай дзеля дабра і здароўя ўсіх вернікаў гэта пакуль і застаецца ў планах. Дасць Бог – і ўсё зменіцца!
   
    Каментарый святара
    ПКс. Станіслаў Краўчанка вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа  ў Лідзеандэмія ўзмацніла дзейнасць Касцёла ў інтэрнэце. Некаторыя хваляць рашэнне ўдзельнічаць у св. Імшы з дапамогай тэлевізара ці камп’ютэра. Іншыя кажуць, што анлайн-служба – “нешта не тое”. У кожным выпадку, віртуальная актыўнасць ў інтэрнэт-прасторы – гэта агульная рэакцыя Касцёла на рэчы, якія адбываюцца ў свеце, і жаданне выкарыстаць магчымасці, якія сёння ёсць у кожнага.
    Цудоўна, што інтэрнэт можа дазволіць нам разам трываць на малітве. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, можам быць аб’яднаны ў Хрысце, знаходзячыся ў розных месцах. Напрыклад, тата “за рулём” у дарозе, мама “на абедзе” ў шпіталі, дзеці з бабуляй і дзядулем “на ўдалёнцы” дома. Аднак варта памятаць, як нагадвае папа Францішак, што адносіны з Богам і бліжнім у рэальнасці ці ў рэжыме анлайн могуць быць рознымі. Часам у адным пакоі адначасова прысутнічаюць мама з дзецьмі, удзельнічаючы ў Імшы анлайн, і тата, які вядзе бітвы ў камп’ютэрных гульнях. Маю надзею, што тэхналогіі будуць для нас сродкам і інструментам, а не мэтай. Важна, каб былі не толькі “прыклеены” да экранаў, але сапраўды духоўна звязаны і з Богам, і бліжнім, і адзін з адным.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.