ГРОДНА
Пятніца,
30 верасня
2022 года
 

Ян Павел II і Маці Божая

Праз прызму пантыфікату святога Папы

Ян Павел ІІ ахвяраваў кулю  для фігуры МБ Фацімскай "Я ўвесь Твой, і ўсё маё Табе належыць. Прымаю Цябе ва ўсім, што маё. Дай мне Сэрца Тваё, Марыя. "
У 1958 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны дапаможным біскупам Кракаўскай архідыяцэзіі. На яго гербе віднелася літара “М”, якая сімвалізавала адданасць Марыі. Дэвізам былі абраны словы “Totus Tuus” (“Цалкам Твой, Марыя”).
    Гэтыя ж словы прагучалі з вуснаў Яна Паўла II на самым пачатку яго пантыфікату. Адлюстраваліся яны і ва ўсім служэнні Папы-паляка. “Моцай гэтых слоў я змог прайсці праз досвед страшнай вайны, жудасную нацыстскую акупацыю, а пазней і праз іншыя складаныя пасляваенныя выпрабаванні, – скажа ён пазней у адной са сваіх прамоў. – Магчымасць прыняць Марыю ў свой дом, у сваё жыццё – прапанова для нас усіх”.
Караль Вайтыла паходзіў з веруючай сям’і, і з марыйнай духоўнасцю быў знаёмы з дзяцінства. Пасля смерці маці бацька адвёз 8-гадовага Караля і яго старэйшага брата Эдмунда ў санктуарый Маці Божай у Кальварыі Зэбжыдоўскай. Пазней на хлопца вялікі ўплыў акажа “Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі”, напісаны французскім тэолагам і містыкам св. Людвікам Марыя Грыньёнам дэ Манфортам.
    З маладых гадоў Караль пачне насіць шкаплер. Не здыме яго да апошняга дня свайго жыцця. З ім і будзе пахаваны. У гаміліі падчас развітальнай св. Імшы тады яшчэ кард. Ёзэф Ратцынгер сказаў: “Святы Айцец знайшоў найчысцейшае адлюстраванне Божай міласэрнасці ў Маці Божай. Ён, які страціў у дзяцінстве ўласную маму, тым больш палюбіў Маці Божую”. Паўтараючы за Бенедыктам XVI можна сцвердзіць, што святы Папа па-сыноўску любіў і шанаваў нябесную Маці, якая замяніла яму маці зямную.
    Гэты сыноўскі стасунак да Марыі адлюстроўваўся ў даверы, які св. Ян Павел II меў да нябеснай Маці. Яшчэ знаходзячыся ў клініцы Джэмэлі пасля замаху на сваё жыццё, Папа прасіў, каб яму прывезлі дакументы, звязаныя з аб’яўленнямі Марыі ў Фаціме. Пра тыя падзеі ўспамінаў так: “Пасля пакушэння на плошчы св. Пятра, калі я апрытомнеў, думкамі адразу ж аказаўся ў гэтым санктуарыі, каб у сэрцы нябеснай Маці скласці падзяку… Ва ўсім, што здарылася, я ўбачыў – і заўсёды буду гэта паўтараць – асаблівую мацярынскую апеку Марыі. А што ў планах Провіду няма выпадковасцей – убачыў у гэтым выклік і, хто ведае, напамін паслання, якое выйшла адсюль”.
    Праз год пасля пакушэння, 13 мая 1982 года, Пантыфік накіраваўся ў Партугалію, каб аддаць свет пад апеку Беззаганнаму Сэрцу Марыі, рэалізуючы фацімскае пасланне. Тады ж ён уклаў у карону фігуры Маці Божай кулю, што раніла яго на плошчы св. Пятра ў Рыме. Як заўважыў аднойчы ў размове са святарамі-філосафамі з Польшчы, што ўвайшло ў кнігу “Памяць і самасвядомасць”, “Агджа ведаў, як страляць, і страляў, несумненна, беспамылкова. Толькі што нібы «хтосьці» вёў гэтую кулю...”. Яшчэ не раз будзе дзякаваць Марыі за ўратаванне свайго жыцця.
    Падчас апошняга, трэцяга візіту ў Партугалію ў 2000 годзе ў знак падзякі за апеку Маці Божай намеснік св. Пятра ахвяраваў марыйнаму санктуарыю свой персцень з Яе выявай і змешчаным папскім дэвізам, які на самым пачатку пантыфікату атрымаў ад блізкага супрацоўніка і сябра кардынала Стэфана Вышынскага. Ян Павел ІІ да апошняга быў адданым сынам Найсвяцейшай Маці. Часта прасіў Нябесную Заступніцу моцна трымаць яго за руку. Яшчэ ў 1985 годзе падчас апостальскага візіту ў бельгійскі горад Мехелен склаў (і пакінуў там) наступную малітву:
   
"Калі б аднойчы мне прыйшлося доўга ляжаць без свядомасці, прагну, каб кожная гадзіна, якую мне дадзена перажыць такім чынам, была бесперапыннай падзякай, а мой апошні ўздых стаў уздыхам любові. Тады, у такі момант, мая душа, вядзёная рукой Марыі, стане перад Табою, каб вечна апяваць Тваю хвалу. Амэн."

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  93

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.