ГРОДНА
Аўторак,
25 чэрвеня
2024 года
 

Узяць Марыю да сябе

Слова рэдактара

 Месяц май самы прыгожы з усіх месяцаў, бо гэта пара кветак і свежай зеляніны, час, калі ўсё ажывае, адраджаецца. Менавіта гэты месяц нашы продкі прысвяцілі Маці Божай, якая прысутнічала на світанку Адкуплення чалавека.
   Праз Марыю прыйшоў да нас Хрыстос, каб праз Яе ж удзяліць нам неабходныя ласкі. Яна, будучы Маці Езуса, Уцелаўлёнага Божага Сына, з’яўляецца таксама Маці ўсіх з’яднаных з Хрыстом – Маці Яго Касцёла. Св. Ян Павел II, чый соты дзень нараджэння будзем адзначаць у гэтым месяцы, падкрэсліваў, што “плён Яе жыцця выспеў пад Крыжом, дзе самым трагічным чынам была аб’яўлена праўда, што Бог ёсць Любоў.
У духу гэтай Божай любові, паслухмяная закліку Сына, Яна прыняла ў апостале Яне нас усіх як сваіх дзяцей” (Angelus, 1999). Марыя вызваляе нас ад незлічоных небяспек, якіх не змаглі б пазбегнуць самастойна. Яна ахвяруе чалавеку ўсё, што “захавала ў сваім сэрцы”. У Марыі знаходзім першы знак надзеі. Звяртаемся да Яе, калі адчуваем сябе згубленымі, калі хочам выпрастаць кірунак жыцця, а таксама калі згасае вера ў нашых сэрцах. Просім Яе заступніцтва, калі перажываем драму адзіноты, ізаляцыі і пакінутасці ў сувязі з пануючай пандэміяй каронавіруса. Маці Божая з’яўляецца вернай надзеяй на збаўленне, якая ззяе сярод жыццёвых цяжкасцей.
    Сёлетні май не такі, як заўжды. У нашых парафіях не будзе традыцыйных урачыстасцей Першай св. Камуніі, а моладзь не зможа прыняць сакрамант канфірмацыі. Усё гэта адбудзецца крыху пазней... У нашых святынях значна менш людзей, менш пажылых, адданых жанчын, якія абаранялі Божае і святое. Не ва ўсіх будзе магчымасць кожны дзень збірацца ў касцёлах або каля прыдарожных капліц. Некаторыя застануцца ў сваіх “хатніх касцёлах”, каб там з верай і любоўю ўглядацца ў Маці Бога, ушаноўваць Яе. Кожны пакліканы вызнаваць сыноўскую любоў, вучыцца ў Найсвяцейшай Маці прыгожаму ладу жыцця і прасіць аб апецы. Кожны мае права “ўзяць Яе да сябе”.
    Задача для нас – прыняць Марыю як сваю духоўную Маці. Бярэм Яе да сябе ў плоскасці нашага розуму – калі пазнаём Яе, бачым у святле веры вялікую годнасць Марыі як Маці Бога-Чалавека, калі ўсведамляем вялікую ролю, якую адыграла ў жыцці Хрыста і якую выконвае як Маці Касцёла. Мы павінны таксама ўзяць Марыю да сябе ў плоскасці сэрца, палюбіўшы Яе як найлепшую Маці. Гэтая любоў будзе праяўляцца ў актыўным служэнні Ёй, у радасным святкаванні марыйных урачыстасцей, у ахвотным удзеле ў марыйных набажэнствах і паломніцтвах у Яе санктуарыі. Нам таксама трэба ўзяць Марыю да сабе ў плоскасці свайго жыцця, г. зн. пераймаць Яе ў радасным служэнні Пану Богу.
   
    Дарагія Чытачы!
   Будзем жыць у свядомасці таго, што Марыя бяспечна правядзе кожнага, хто даверыцца Ёй, праз мірскую пілігрымку ў вечную Айчыну. Дзякуйма Ёй за тое, што з’яўляецца нашай Маці, і за тое, што заўсёды на баку чалавека!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  190

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.