ГРОДНА
Панядзелак,
20 мая
2024 года
 

У маі з Марыяй: побач са Слугой і Каралевай

Хрысціянскія традыцыі

Май – гэта месяц, калі сэрцы хрысціян радасна ўшаноўваюць Найсвяцейшую Панну Марыю праз адмысловыя малітвы і набажэнствы.
    Вернікі захапляюцца Мадоннай, даручаючы Ёй уласныя лёсы як Каралеве Неба.
Калі засяродзіцца над жыццём Марыі як зямной панны – якія мела рысы характару, аб чым думала, што адчувала – то можам усвядоміць, што Яна была простай жанчынай з цвёрдым унутраным стрыжнем. Давайце ўважліва прыглядзімся да адрэзкаў жыцця Марыі з Назарэта, каб яшчэ больш наблізіць Яе постаць.

   Стойкая ў веры з самага пачатку
    Традыцыя падае, што Марыя была ахвяравана на службу Богу ў іерусалімскай святыні. Пасля спаўнення 14-ці гадоў дзяўчына мусіла пакінуць яе, каб вярнуцца ў родны дом, а потым выйсці замуж. Аднак лічыла сваім прызначэннем службу Богу. Тады першасвятар правёў “выпрабаванне Божай волі”. Ён сабраў вакол алтара кіі, прынесеныя мужчынамі. Але толькі кій Юзафа выпусціў зялёнае лісце. Стала відавочна, што гэта Божы знак і Юзаф прызначаны для Марыі.
    Што павінна была адчуваць Марыя, калі мела жаданне працягваць служэнне Госпаду, аднак мусіла ажаніцца з Юзафам, значна старэйшым за Яе? Магчыма, мела сумненні, але ў сэрцы ведала, што менавіта гэтага хоча Стварыцель. Яна прыняла выклік і дазволіла Слову весці Яе.
   
    Паслядоўная ў выбары
    Колькі сіл каштавала Марыі звеставанне? Калі Яна яшчэ не жыла з Юзафам, стала цяжарнай. Іншымі словамі, зацяжарыла без удзелу мужа. У яўрэйскім законе здрада жанчыны азначала яе смерць праз укаменаванне. Таму мы можам толькі ўяўляць, колькі неверагоднай веры заключалася ў слове “Fiat”.
    Марыя змагла задушыць страх быць адкінутай сям’ёй і народам. Пазбавілася ад яго пры дапамозе чыстай і непахіснай веры. У той жа час закон і культура для Марыі былі вельмі важнымі, але не маглі перашкодзіць Ёй быць гатовай дзейнічаць і прымаць рашэнні ў адпаведнасці з воляй Стварыцеля. І гэта прыклад вялікай мужнасці і веры ў Божую апеку.
   
    Упэўненая, што Бог мае добры план
    Само нараджэнне Езуса таксама прадстаўляе Марыю як моцную жанчыну. Кожная любячая мама хоча даць свайму дзіцяці поўную бяспеку, тым больш на пачатку яго дзён у гэтым свеце. А дзе прыйшоў у свет Яе Сын? У стайні, у чужым горадзе сярод варожых позіркаў жыхароў, бо ніхто не хацеў дапамагаць Святой Сям’і ў патрэбе. Цяжка ўявіць, як Марыя глыбока ў душы скардзіцца і бунтуецца супраць Стварыцеля.
    Яна ведала, што павінна выканаць Божы план і спраўлялася ў любой сітуацыі. Узяць хаця б уменне ператварыць стайню ў дом. Няпростымі былі і ўцёкі ў Егіпет: без дастатковых сіл пасля родаў, з мужам, з якім толькі нядаўна пазнаёмілася, на адным асле, праз пустынныя тэрыторыі, з дзіцём на руках. Напэўна, дарога шмат каштавала, але нішто не магло звярнуць Яе з гэтага шляху.
    Калі любімы Езус згубіўся падчас паломніцтва ў святыню, Марыя праявіла мудрасць у выхаванні свайго Сына. Яна мае прэтэнзіі, але прымае, што патрэбы Дзіцяці таксама важныя. Ведае, што разумная свабода – гэта аснова, і не просіць аб большым. Спрабуе зразумець Яго матывы і Божы план.
   
    Моцная ў пакоры
    Незвычайную паставу Марыя дэманструе падчас грамадскай дзейнасці Езуса. Яна рэдка з’яўляецца ў Евангеллі. Мы амаль нічога не ведаем пра тое, што робіць Найсвяцейшая Маці. Але можам выказаць здагадку, што Яна вырашыла адступіць, каб вучэнне Хрыста не парушалася мацярынскімі патрэбамі. Пастава вялікай пакоры! Маці часта хочуць прысутнічаць у жыцці сваіх дзяцей. Раіць, накіроўваць, выбіраць за іх і падказваць лепшы выбар. Марыя здолела ўзяць сябе ў рукі. Яна добра ведае, калі і дзе патрэбная. Стрымлівае свае натуральныя мацярынскія схільнасці і дазваляе Езусу дзейнічаць паводле ўласнага плана. Не пярэчыць, не шантажыруе эмацыянальна, каб Сын застаўся з Ёю. Знаходзіцца побач, але не “паглынае” сваёй прысутнасцю.
   
    Бязмежна любячая
    Не трэба апісваць сітуацыю Марыі падчас мукі і смерці Езуса. Гэты вобраз красамоўны без слоў. Аднак варта разважыць значэнне адной сцэны з-пад крыжа. Калі Езус гаворыць Марыі і Яну: “Вось Маці твая”, “Вось Сын Твой”, – Марыя становіцца Маці ўсіх людзей. У тым ліку і мучыцеляў свайго Сына, абвінаваўцаў, салдат, фарысеяў… І гэта неймаверны досвед, які выходзіць за рамкі чалавечых магчымасцей. Неймаверна для кагосьці, хто не спазнаў Божага кіраўніцтва, Яго моцы і адносін з Ім. Марыя, бясспрэчна, ведае, што такое безумоўная любоў, і нястомна нас гэтаму вучыць.
    Маці Божая – моцная жанчына. І гэты сказ варта запомніць. Марыя дзейнічала, не здавалася, хаця Яе планы на жыццё разбурыліся. Не наракала, не абвінавачвала іншых ці самога Бога ў жыццёвых цяжкасцях. Яна была і ёсць адной вялікай актыўнай любоўю. Любіць нас з вышыні Неба і падтрымлівае ўласным прыкладам тут, на зямлі, жадаючы стаць непаўторнай заступніцай для кожнага чалавека.
   
Марыка СтарановічМарыя для мяне – прыклад усяго найлепшага, да чаго імкнуся, што адкрываю ў сабе; прыклад жаноцкасці, адданасці, чысціні, любові. Мая Сяброўка, блізкая ва ўсім. Мая Заступніца. Мая Каралева. Яркая Зорка ў маёй цемры. Яна такая блізкая, звычайная і адначасова – магутнай велічы і вышыні. Колькі сябе памятаю, я ад малодшых гадоў мела пэўную сувязь з Марыяй. Сувязь настолькі натуральную, якая нібы прысутнічала заўсёды. Гэта як з матуляй: ты ведаеш, што яна ёсць, адчуваеш яе любоў і пяшчоту заўсёды, дзе б ты ні быў і чым бы ні займаўся. Без яе не ўяўляеш сябе. І я веру: усё добрае і павучальнае, што мае месца ў маім жыцці – няспынная дапамога і апека Марыі.
    У студэнцкія гады я пазнаёмілася з постацямі святых з Кармэля: Тэрэзай ад Крыжа, Рафалам Каліноўскім. Моцна захапілася кармэліцкай духоўнасцю і трапіла на інфармацыю пра святы шкаплер. Даведалася, што ў горадзе, дзе я вучылася, служаць айцы кармэліты. І 7 гадоў таму афіцыйна далучылася да шкаплернага брацтва, прагнучы наследаваць цноты Марыі.
    Адным з абавязкаў шанавальнікаў Маці Божай з гары Кармэль з’яўляецца штодзённае прамаўленне выбранай малітвы да Марыі. З яе пачынаю свой дзень. Люблю маліцца Ружанец. Хоць часам гэтая малітва даецца цяжка, я заўсёды адчуваю яе моц і плён. Часта малюся марыйнымі спевамі, разважаю асобныя радкі ці нават словы. Ёсць таксама некаторыя любімыя малітвы, абразы.
    Маю адну незвычайную традыцыю: перыядычна ўпрыгожваю свой маленькі хатні алтарык новай выявай Маці Божай – і ўгледжваюся, захапляюся Яе прыгажосцю. З найбольш упадабаных, напрыклад, Марыя, Развязваючая Вузлы, або Марыя Зорка Мора. Зараз маю абраз Марыі Сеўнай. Люблю проста разважаць над Яе жыццём, жыццём звычайнай жанчыны. Гэта нараджае блізкасць: адчуваю, што Марыя разумее мяне. Люблю проста кіраваць да Яе свае думкі, словы, прасіць, дзякаваць, дзяліцца смуткам і радасцю – усім, што маю ў сабе.
Віталь ГрышкевічМарыя з’яўляецца для мяне духоўнай Маці. На маю думку, Яна дасканалы прыклад таго, як трэба чуць Бога і размаўляць з Ім. Узор чалавека: і для жанчыны, і для мужчыны. Можа скласціся ўражанне, што ў Марыі пераважае жаночы ідэальны вобраз, а я лічу, што Мадонна мае шмат рысаў, якія варта пераймаць мужчыне. Лепш за ўсё, мне здаецца, – улавіць мудрасць і прастату Яе захавання ў сям’і, супольнасці, Яе камунікаванне з Усявышнім пры зямным жыцці.
    Варта таксама заўсёды пытацца Маці Божую, як быць у той ці іншай штодзённай сітуацыі, шукаць парады – і Яна не пакіне. Ва ўласным жыцці заўважаю шмат праяў міласці, знакаў увагі Марыі. Здараецца, напрыклад, губляю супакой і паддаюся страху. У такім выпадку малітва на Ружанцы вяртае ўнутраны супакой і ўраўнаважанасць. Дарэчы, Ружанец стараюся адгаворваць штотыдзень. А яшчэ мы з жонкай вырашылі прайсці 33 дні падрыхтоўкі поўнага прысвячэння сябе Хрысту праз Маці Божую.
    Лічу, што ўшанаванне Марыі з’яўляецца ўшанаваннем Хрыста, і наадварот. Увогуле, гэта праяўляецца ў любым спосабе прытрымлівацца асноўных евангельскіх норм і законаў, у іх увасабленні ў жыццё і імкненні да святасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  226

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.