ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Каб “Прыпяць” не расцягнулася: коштам свайго жыцця

З жыцця Касцёла

26 красавіка прыпадае чарговая гадавіна з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая стала самай буйной у гісторыі ядзернай энергетыкі. Пра падзеі першых дзён пасля катастрофы і адзін з галоўных урокаў, які можна вынесці з трагедыі, распавядае ваенны хімік з Гродна Генадзь Марчук.
– Спадар Генадзь, распавядзіце, калі ласка, якім чынам Вы трапілі на месца аварыі на Чарнобыльскай АЭС у якасці ліквідатара?
    – Добра памятаю, што загад накіравацца ў Чарнобыль атрымаў перад самым Вялікаднем, які ў той 1986 год святкавалі 4 мая. Я служыў ва ўзброеных сілах у складзе трэцяй брыгады хімічнай абароны ў расійскім горадзе Кінешма. Гэта была адмысловая вайсковая частка, якая па сваіх прафесійных магчымасцях магла выконваць задачы па ліквідацыі наступстваў аварыі.
Генадзь Марчук (справа) у лагеры ліквідатараўАдразу пачалася інтэнсіўная падрыхтоўка: фарміравалі эшалоны з тэхнікай, прыцягвалі асабовы склад. Я адчуваў сябе вінцікам у магутнай машыне. Быў тады маладым афіцэрам, поўным рамантызму. Удзел у падобным мерапрыемстве расцэньваў як важную місію.
    Разам з іншымі афіцэрамі я атрымаў заданне сабраць людзей для ўдзелу ў ліквідацыі. Аднак нас прасілі не ўказваць, для чаго гэта патрэбна. Таму тлумачылі байцам, што едзем на вучэнні ў Беларусь. Шчыра кажучы, не было ніякай трывогі адносна будучай ліквідацыі, толькі цікавасць. Пачуццё адноснага спакою абумоўлівалася таксама тым, што і нам, афіцэрам, не маглі да канца акрэсліць сітуацыю, бо ніхто не ведаў, на які канкрэтна ўчастак паедзем і які аб’ём працы будзем выконваць. Пастаноўка задачы адбывалася па прыбыцці на месца.
    У выніку мы апынуліся ў 30-ці кіламетрах ад эпіцэнтра катастрофы. Там і разбілі лагер. Многім, у тым ліку і групе пад маім камандаваннем, давялося працаваць у непасрэднай блізкасці да рэактара – 200 метрах.
   
    – Якія канкрэтна дзеянні праводзіліся?
    – На тэрыторыі Чарнобыльскай зоны размясціўся навуковы штаб, дзе пастаянна вяліся дыскусіі па прадпрыманні мер па ўхіленні наступстваў аварыі. Аднак улічваючы, што атамшчыкі ўпершыню сутыкнуліся з падобнай катастрофай, большасць рашэнняў прымалася “метадам тыку”.
    Працы па ліквідацыі наступстваў пачалі з вёсак. Мылі дахі дамоў. Апрацоўвалі адмысловым растворам лясы і дарогі, каб утрымаць і не дапусціць распаўсюджання радыёактыўнага пылу, не дазволіць радыяцыі выйсці за тую тэрыторыю, дзе яна знаходзілася. Таксама перакопвалі грунт. Калі радыёактыўная гразь з рэактара падала на зямлю, мы яе проста пераварочвалі, і яе ўжо станавілася крыху менш.
    Пасля было вырашана класці бетонныя пліты на зямлю, таму вялікія плошчы побач са станцыяй забетаніраваны. Перад гэтым здымалі радыёактыўны грунт, які грузілі ў кантэйнеры і перавозілі на асвінцаваных камазах у сховішча ядзерных адходаў. Мелася спецыяльная агароджаная пляцоўка на тэрыторыі самой станцыі, вельмі блізкая да рэактара. Мяне прызначылі камандзірам групы, якая займалася выкананнем гэтай задачы.
    Калі прыязджаў камаз, мы па камандзе з рацыі хутка выбягалі з бункера і ў такім жа рытме выконвалі працы. Я ў гэты момант не пераставаў сачыць за часам і паказчыкамі радыяцыі, каб лішнія секунды не знаходзіцца пад апраменьваннем. Каб гэтага не дапусціць, адна каманда не магла працаваць доўга. Ліквідацыя не павінна была спыняцца ні на хвіліну, таму толькі на наш аб’ект прыходзілася 12 каманд, кожная з якіх працавала па 2 гадзіны.
    Мяркую, што частка выкананых дзеянняў была памылковай, але галоўнае – мэты ўдалося дасягнуць. У верасні “дзірку” рэактара прыкрылі саркафагам, стрымаўшы паток радыяцыі.
   
    – Што ўзгадваеце як самае цяжкае падчас ліквідацыі?
    – Вар’яцкую спякоту, якая стаяла на працягу ўсяго лета. А працаваць мы павінны былі ў гумовым камплекце. Процівагазы, плашчы, бахілы і пальчаткі – гэта ўсё, што было ў нас на ўзбраенні. Некаторыя хлопцы, з больш слабым арганізмам, трацілі прытомнасць у такім абмундзіраванні. Калі высветлілася, што ўздзеянне радыяцыі можа стрымаць толькі бункер або асвінцаваныя касцюмы, нам выдалі звычайную вопратку са шчыльнай баваўнянай тканіны, якая падлягала знішчэнню пасля заканчэння кожнай змены.
    Памятаю, што ў спякоту чакалі хаця б маленькай палёгкі ад надвор’я. Аднак хмары ў небе разганяў самалёт. Гэта рабілася для таго, каб дождж не змыў спецсастаў, які мы распылялі па ўсёй тэрыторыі. Ён паніжаў агульны радыёактыўны фон да ўзроўню, прыдатнага для жыцця.
   
    – Як увогуле здзяйсняўся кантроль над ступенню апраменьвання людзей?
    – Сачылі за гэтым працэсам афіцэры і камандзіры груп. Разам з тым, кожны з удзельнікаў ліквідацыі меў пры сабе індывідуальны прыбор уліку ўзроўню радыяцыі – спачатку ў выглядзе шарыкавай ручкі, пасля ў выглядзе бірулькі, якая ўстаўлялася ў адмысловую прыладу. Сутачная доза радыяцыі не магла перавышаць 1,8 рэнтген. За ўвесь перыяд працы ліквідатар мог атрымаць максімум 25 рэнтген – тады меў магчымасць трапіць дадому.
    З гэтымі разлікамі напачатку ўзнікалі цяжкасці. Мужчыны, якія хацелі як мага хутчэй вярнуцца да сваіх сем’яў, імкнуліся знайсці самыя забруджаныя месцы і, адпаведна, як мага хутчэй апрамяніцца да патрэбнага паказчыка. Рызыкі смерці пры такім хуткім апраменьванні яны не ўсведамлялі. Часам патрэбна было адсядзець некалькі дзён у лагеры перад тым, як пачуеш дазвол ісці працаваць.
    Перад кожнай вылазкай ліквідатараў у радыёактыўную зону спецыяльныя людзі ездзілі і вымяралі ўзровень радыяцыі пэўнай мясцовасці. Паказчыкі маглі моцна адрознівацца: напрыклад, у адным месцы ступень радыяцыі меншая, а праз кіламетр адлегласці – у разы большая. Гэтае веданне дапамагала нам зрабіць разлік, колькі часу трэба правесці ў дадзенай зоне, каб не перашчыраваць з дозай апраменьвання.
   
    – Якія праблемы са здароўем Вы мелі пасля заканчэння ліквідацыі?
    – Складана даць дакладны адказ. У той перыяд я быў спартыўным, моцным хлопцам, а з цягам часу ўзнікалі тыповыя ўзроставыя хваробы. Да таго ж, медыкі тады мелі цыркуляр, які забараняў ім ставіць дыягназы, звязаныя з аварыяй на Чарнобылі. Яго дазвалялася парушаць толькі ў крайніх выпадках, калі выразна праглядалася прамянёвая хвароба. Дарэчы, узгадваю два кантрасныя прыклады ўздзеяння радыяцыі: на здаровых салдатаў і на маёра з пабітым воспай тварам. Хлопцы пасля ліквідацыі сталі бясплоднымі, а ў мужчыны твар стаў чысты, як у немаўляці.
   
    – Што для Вас з’яўляецца самым страшным у Чарнобыльскай катастрофе?
    – Маленькія трагедыі асобных людзей, з якіх склалася мазаіка агульначалавечай бяды. Я нават не кажу пра набытыя хваробы і смерці, якіх была незлічоная колькасць. Здараліся і іншыя драматычныя выпадкі: жыхары, якія засталіся без прытулку; маці, якую разлучылі з дзіцём падчас эвакуацыі, размеркаваўшы паасобку ў розныя аўтобусы і накіраваўшы ў розных напрамках; недзеяздольная бабуля, якая засталася адна ляжаць у хаце пасля вываду ўсёй вёскі…
    Разам з тым, я заўсёды з гонарам узгадваю і распавядаю пра падзеі таго года: вялікімі чалавечымі рэсурсамі было прадухілена штосьці страшнае. Калі б не асабісты подзвіг кожнага з ліквідатараў, не быў бы выкананы такі аб’ём працы з такой інтэнсіўнасцю, і “Прыпяць” расцягнулася б на велізарныя тэрыторыі. Адвага, адданасць і дабрачыннасць удзельнікаў ліквідацыі дадала мне веры ў чалавецтва.
    Шкада толькі, што на дадзены момант паняцце “ліквідатар” у нашай краіне скасавана. Людзей, якія непасрэдна займаліся ліквідацыяй, афіцыйна залічылі да шэрагу пацярпелых ад наступстваў аварыі. Такім чынам, мы растварыліся ў масе перасяленцаў. А хочацца хаця б найменшага: ведаць, колькі нас засталося і часам сабрацца разам…
   
    Сапраўды, хоць у атэістычныя часы савецкая ўлада намагалася выгнаць Бога з людскіх сэрцаў, ахвярныя ўчынкі ліквідатараў у экстрэмальных умовах сведчаць пра тое, што складана выкараніць з чалавека святло, закладзенае Усявышнім. Подзвіг герояў наглядна паказвае, што любоў да бліжняга жыве: яна закладзена ў самой сутнасці чалавечага стварэння.
    Няхай жа Чарнобыльская трагедыя будзе не толькі сімвалам нядобрасумленных рашэнняў і загубленых лёсаў, але і сведчаннем таго, што нават у бязбожныя часы хрысціянскія каштоўнасці маюць шанс на перамогу!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.