ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Сапраўдная Божая міласэрнасць. Як яе спазнаць?

На шляху да святасці

У дзённіку св. Фаўстыны Кавальскай “Міласэрнасць Божая ў маёй душы” чытаем, як Пан Езус гаворыць: “Душы гінуць, нягледзячы на Маю горкую муку. Я даю апошні шанс для ратунку – свята Маёй міласэрнасці. Калі яны не ўшануюць Маёй міласэрнасці, то загінуць навекі” (Дз. 965). Але якая яна – сапраўдная Божая міласэрнасць? І як яе атрымаць?
Уцёкі да Божай міласэрнасці з’яўляюцца апошнім шансам на выратаванне для пакутуючага ад зла чалавецтва. Яе можна дасягнуць праз:
   
    1. Пазнанне сапраўднага вобраза Бога як любячага Айца – справядлівага, міласэрнага, усемагутнага, жадаючага дабра і блізкага кожнаму чалавеку, шануючага яго свабоду, церпячага па прычыне людскіх грахоў і нядолі.
    Такі вобраз Бога прадстаўляе нам сам Божы Сын у прыпавесці пра міласэрнага айца і блуднага сына (параўн. Лк 15, 11–31).

   2. Пазнанне сваёй грэшнасці ў суаднясенні яе да Бога. У Бібліі чытаем, як габрэі, якія наракалі падчас вандроўкі ў пустыні, пасля пакарання ў выглядзе ядавітых змей прыходзяць да Майсея і кажуць: “Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змей” (Ліч 21, 7). Габрэі прызналі свой грэх і таму прасілі аб міласэрнасці. Няправільным было б, калі б чалавек, які часта сваімі правінамі даводзіць сябе да цярпенняў, чакаў, што Бог акажа яму міласэрнасць, калі не прызнае ўласнай грэшнасці і не пастановіць выправіцца.
   
    3. Усведамленне каштоўнасці Божай міласэрнасці. За яе заплачана бязлітаснай мукай і жудаснай смерцю Божага Сына. “Бо расплата за грэх – смерць, а дар Бога – жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 6, 23). Усведамленне гэтага дапаможа пазбягаць свядомага і дабравольнага граху як няўдзячнасці і подласці, а таксама ўпадзення ў крайнасць – празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць.
   
    4. Давер Богу як Таму, хто здольны аказаць міласэрнасць, даць патрэбныя ласкі і вечнае збаўленне. “Спадзяюся на Пана, спадзяецца душа мая на Яго слова [...], бо ў Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне” (Пс 130 (129), 5. 7). “Я цвёрда спадзяваўся на Пана, і Ён схіляўся нада мною, і пачуў мой крык. Падняў мяне з ямы пагібелі, з балоцістай багны, паставіў на скале мае ногі, умацаваў крокі мае (Пс 40 (39), 2–3). Іуда-здраднік усвядоміў свой грэх, раскаяўся, але не паверыў у тое, што Езус здольны яго прабачыць і дапамагчы (параўн. Мц 27, 3–5). Пётр жа ў адрачэнні ад Хрыста шчыра каяўся і верыў у прабачэнне (параўн. Ян 21, 17).
   
    5. Просьба аб міласэрнасці і пакорнае яе прыняцце як дару. У сцэне ўкрыжавання “адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстос? Уратуй сябе і нас». Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі»” (Лк 23, 39–43). Не можа атрымаць Божай міласэрнасці той, хто аб ёй не просіць і хто не каецца, каб яе заслужыць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.