ГРОДНА
Серада,
23 красавіка 2025 года |
Хрыстос памёр, Хрыстос уваскрос, Хрыстос прыйдзе зноў!

Як рыхтуюцца да светлага свята Вялікадня вернікі ў Гродне?
Чаму дзень радаснага напаміну пра перамогу вечнага жыцця над смерцю лічыцца найвялікшай падзеяй для хрысціян? Чаму так важна зрабіць крок насустрач Богу і звярнуцца да сваіх каранёў? †
Чаму дзень радаснага напаміну пра перамогу вечнага жыцця над смерцю лічыцца найвялікшай падзеяй для хрысціян? Чаму так важна зрабіць крок насустрач Богу і звярнуцца да сваіх каранёў? †
П

Напярэдадні свята мы звычайна ладзім кірмашы на буйных прадпрыемствах горада, дзе выстаўляем працы нашых падапечных і іх бацькоў. Кожны ахвотны можа набыць унікальныя і непаўторныя сувеніры, зробленыя ўручную, узамен на ахвяраванне на карысць хворых дзяцей. Хачу адзначыць, што перад важнымі хрысціянскімі святамі, такімі як Раство ці Вялікдзень, людзі спяшаюцца рабіць дабро, больш актыўна ўключаюцца ў дабрачыннасць і ахвотна набываюць нашы вырабы.
У гэтым годзе эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце ўносіць карэктывы ў перадвелікодную падрыхтоўку не на нашу карысць. Хутчэй за ўсё, давядзецца адмовіцца ад таго фармату кірмашоў, да якіх мы ўсе прызвычаіліся. Зараз у хоспісе арганізавана свайго роду выстава велікодных прац, і людзі, якія праходзяць міма, могуць да нас зайсці, выбраць нешта для сябе і, пакінуўшы ахвяраванне, стаць уладальнікам непаўторнай рэчы, якую не купіш ні ў адной краме свету. Выручаныя сродкі будуць выдаткаваны на аздараўленне цяжка хворых дзяцей ля мора.
Мне вельмі прыемна, што ў хоспісе ўтварылася мікрасуполка, дзе ўсе дапамагаюць адзін аднаму і ў радасную, і ў цяжкую хвіліну – штодня. Звычайна перад Вялікаднем, яшчэ ў часе посту, бацькі прыносяць посныя стравы, частуюць адзін аднаго, абменьваюцца рэцэптамі, прымаюць удзел у духоўных сустрэчах, на якія запрашаем святароў розных канфесій. А калі наступае святочны перыяд, адорваюць дзяцей і адзін аднаго падарункамі, частуюць кулічамі, шчыра дзеляцца радасцю, не шкадуючы сваіх эмоцый.
Калі ж казаць пра мае сямейныя велікодныя звычаі, то яны, з большага, будуць падобны на тыя, што практыкуюцца многімі, паколькі я вырасла ў класічнай хрысціянскай сям’і. Памятаю яшчэ з дзіцячых гадоў, што хатнія прытрымліваліся посту, абавязкова наведвалі святочнае набажэнства, а Вялікдзень заўсёды адзначаўся ў шырокім коле родных і блізкіх. Тое традыцыйнае разуменне свята, яго сімволіку, знакавасць і адметнасць, што заклалі ўва мне з дзяцінства, стараюся перадаць сваім дзецям.
У нашым доме нязменна вось ужо колькі гадоў фарбуем яйкі выключна ў чырвоны колер у цыбульным лупінні. Абавязкова пячэм булкі, бо не магу ўявіць сабе свята з пірагамі, купленымі ў супермаркеце. Стол засцілаем саматканым абрусам, які мне дастаўся ад прапрабабулі. Увогуле, стараемся рыхтавацца да свята без мітусні, размерана. Наводзім парадкі ў хаце і ў душы. І кожны год, нібыта ўпершыню, з вялікай надзеяй на радаснае і добрае чакаем светлага дня Вялікадня.

У нас існуе прыгожая традыцыя, калі перад Пальмовай нядзеляй разам аздабляем вербы. Хтосьці задоўга да святочнага дня сее і сушыць сухацветы, каласкі, хтосьці скручвае кветкі з паперы, іншыя нарыхтоўваюць вярбовыя галінкі. Затым мы ўсе разам бярэмся за працу. З вялікай ахвярнасцю і адказнасцю стараемся, каб на выхадзе атрымаліся прыгожыя вырабы, выкананыя з душой. У Пальмовую нядзелю вербачкі будуць прададзены, а выручаныя сродкі – накіраваны на будову касцёла.
Таксама стараемся стварыць святочны настрой у капліцы праз асаблівае ўбранне і дэкарацыі, нейкае тэатральнае прадстаўленне ці выступленне з удзелам дзяцей, тэматычную выставу вырабаў ручной працы ці малюнкаў. Я цвёрда пераканана, што нельга на святы скнарнічаць. Але тут не ідзе гаворка аб нейкім баляванні з шыкам, а хутчэй аб стварэнні адпаведнай атмасферы. Вельмі важна паказаць, што гэта не свята манахінь, што працуюць у парафіі, не свята пробашча, а наша агульнае свята. Важна абудзіць у парафіян жаданне прымаць удзел у яго падрыхтоўцы.
З года ў год я з’яўляюся адказнай за святочныя дэкарацыі ў капліцы, мне гэта вельмі падабаецца. Да таго ж, атрымліваецца няблага: праца даецца з лёгкасцю, ідэй хапае. Зразумела, што на Вялікдзень заўсёды галоўны акцэнт робіцца на Гробе Панскім. Але і тут ёсць магчымасць для творчых эксперыментаў, каб не паўтарацца. Адзінае, што застаецца нязменным – цішыня, Езус і мноства кветак. Калі я працавала ў Расіі, мы штогод закуплялі каля сотні вазонаў з азаліямі для велікодных дэкарацый.
У цяперашніх рэаліях такі размах, вядома, немагчымы. Але я ўсё роўна стараюся прыўнесці нейкую навізну, каб чалавек, які прыйшоў у святыню, атрымаў яшчэ і эстэтычнае задавальненне.

У мяне з урачыстасцю Уваскрасення Пана звязаны ўнутраныя, асабістыя перажыванні. І гэта вельмі інтымны досвед, які нават складана апісаць словамі. Чалавек увесь час імкнецца да пэўнай дасканаласці ў розных сферах свайго жыцця. Часам нават можа здавацца, што недзе дасягнуў вышынь. А потым ён глядзіць на ўсё з боку і разумее, які вялікі шлях яшчэ чакае наперадзе…
З велікоднай тэматыкай звязаны дзве мае працы. Першая – “Вербная нядзеля”, дзе адлюстравала дзяўчынку з традыцыйнай гродзенскай вярбой у строі, які адсылае да нашай беларускай нацыянальнасці. Гэтае белакурае дзяўчо атаясамлівае чыстае, дзіцячае адчуванне свята. Другая праца – “Езус Міласэрны”. Я вельмі шчаслівая, што ўдалося яе напісаць. Не магу ўзгадаць ніводнай іншай карціны, якая б стваралася з такімі моцнымі эмоцыямі і перажываннямі.
Аднойчы я разбірала свае старыя эскізы і знайшла партрэт Хрыста. Тады падумала, што нядрэнна было б нешта падобнае напісаць, але адкінула гэтую думку, бо, як бы меркантыльна гэта не гучала, кожны мастак імкнецца прадаць свае творы, а такога роду палотны не вельмі запатрабаваныя. Але потым абставіны склаліся такім чынам, што я ўсё-такі ўзялася за працу.
Пісала гэтую карціну з вялікім страхам. Часам здавалася, што зараз нехта вырве яе з маіх рук. Часам вельмі моцна перажывала і задумвалася над тым, ці наогул маю права, ці дастаткова здольная для таго, каб намаляваць Божае аблічча. Нягледзячы на тое, што праца называецца “Езус Міласэрны”, яна, на маю думку, выдатна адлюстроўвае велікодны настрой. Гэта вобраз уваскрослага Хрыста – пасля апошняй вячэры, пасля Галгофы, пасля распяцця. Ён з характэрнымі ранамі на далонях, з добрым, любячым выразам твару, у якім яскрава бачна Божая любоў да ўсіх людзей – таямнічая і недасягальная.
В

Цяпер я ўжо пасталела. Прыйшло разуменне велічы тых падзей, якія мелі месца 2 тысячы гадоў таму, пагэтаму з яшчэ большым хваляваннем чакаю і перажываю радаснае свята Вялікадня. А як інакш? Езус – мой Цар, які аддаў сваё жыццё за мяне – слабога і грэшнага чалавека. Ён не стамляецца прабачаць зноў і зноў. І ўжо некалькі гадоў запар я стараюся прысутнічаць на ўсяночнай адарацыі, каб ад шчырага сэрца дзякаваць Хрысту за Яго бязмежны і бескарыслівы давер, за Яго пастаянную прысутнасць. Адчуваю, што самае галоўнае ў гэты дзень – быць там, побач з магілай, у якой ужо няма Збаўцы, і пачуць радаснае: “Вясёлы дзень для нас настаў, якога свет увесь жадаў: сёння Хрыстос з гроба ўстаў. Алелюя, Алелюя, Алелюя!”.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 253 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.