ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Звеставанне Марыі

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Напэўна, Ты не адзін раз чуў гісторыю аб тым, як Арханёл Габрыэль завітаў да Найсвяцейшай Панны Марыі і абвясціў, што Яна народзіць Божага Сына. Гэтая ўрачыстая падзея называецца Звеставаннем Пана і адзначаецца ў Касцёле 25 сакавіка.
Анёл быў пасланы Стварыцелем, каб раскрыць Яго волю. Бог вырашыў выканаць ранейшае абяцанне, што пашле свайго Сына, які выкупіць увесь свет ад граху. Ён робіць гэта, таму што вельмі любіць чалавека. Божы Сын – Езус – павінен быў нарадзіцца на зямлі, і Марыя павінна была стаць Яго Маці. З гэтым паведамленнем Анёл прыйшоў да Марыі. Ён сказаў: “Радуйся, поўная ласкі, Пан з Табой”, – што азначае вялікую пашану ад Бога. Марыя прыняла волю Пана з пакорай, аддала Яму ўсё жыццё.
    У сцэне звеставання ёсць цудоўнае паведамленне пра Божую любоў. Трэба толькі адкрыць сваё сэрца і запрасіць Езуса ў жыццё, дазволіць прабываць у нас. Ён пераадолеў грэх, уваскрос і цяпер хоча жыць у кожным людскім сэрцы. Мусім быць адкрытымі, як Марыя падчас звеставання, каб прымаць волю Бога ў сваім жыцці, бо Усемагутны ведае лепш, што нам патрэбна. Аб гэтым няхай нагадае наступнае апавяданне.
Пэўны чалавек вельмі хацеў пазнаць Божы шлях, чаму свет выглядае так, як ён выглядае. Лёг пад дрэва і, разважаючы над гэтым, папрасіў у Бога даць адказ.
    Перад ім з’явіўся анёл і сказаў:
    – Пойдзем са мной, і я пакажу табе шляхі Пана.
    Не вагаючыся, ён рушыў услед за анёлам. Па дарозе яны сустрэлі двух чалавек: дрэннага і добрага. Першы ўручыў залаты кубак другому. Анёл пачакаў, пакуль яны заснулі, узяў ад добрага кубак і занёс яго дрэннаму. Чалавек, які ішоў з анёлам, спытаў:
    – Што ты робіш? Гэта ж крадзеж!
    – Не задавай пытанняў, проста ідзі і глядзі, і ты пазнаеш шляхі Пана, – адказаў анёл.
    І яны пайшлі далей да хаты аднаго бедняка. Калі той выйшаў з дома, анёл падпаліў яго. Раззлаваны чалавек, які ішоў з анёлам, абурыўся і рынуўся тушыць полымя, але анёл не дазволіў яму.
    – Як можна было падпаліць дом гэтага небаракі! Ты павінен дапамагаць людзям, а не здзекавацца з іх! – крычаў чалавек.
    – Ты сказаў, што хочаш ведаць Божы план, таму не перашкаджай, а проста ідзі далей, – спакойна сказаў анёл.
    Хутка яны дасягнулі струменя і спыніліся перад мосцікам. Туды ж падышлі бацька з сынам. Калі яны зайшлі на мосцік, анёл перавярнуў яго так, што бацька і сын упалі ў ваду.
   Цячэнне падхапіла дзіця, і яно патанула. Бацька вярнуўся дадому з болем у сэрцы.
    – Не, досыць гэтага! Я цярпеў, калі ты абрабаваў справядлівага чалавека, калі падпаліў дом небаракі, але тое, што забіў нявіннае дзіця – ужо занадта! Ты не анёл, а дэман, – крычаў чалавек, здзіраючы капялюш з галавы анёла.
    – Я анёл, пасланы Богам на зямлю, каб выканаць Яго волю і растлумачыць табе Божы шлях, – адказаў ён.
    – Гэта няпраўда, Бог не такі! Ён, напэўна, не прымушаў цябе рабіць тое, што ты зрабіў, – крыкнуў чалавек.
    – Добра! Я скажу табе, чаму дзейнічаў так у кожнай сітуацыі. У кубку, які ўзяў ад справядлівага чалавека, была атрута. Калі б я пакінуў яго, чалавек бы атруціўся. Злодзей, які хацеў атруціць праведніка, будзе пакараны за свае дзеянні. Бядняк, якому падпаліў дом, знойдзе на руінах вялікі скарб, які дазволіць яму квітнець да канца дзён. Мужчына, якога мы сустрэлі тут, каля струменя, быў дрэнным чалавекам. Ён не хацеў ведаць Бога і вёў бязладнае жыццё. Страціўшы свайго маленькага сына, які ўсё роўна апынецца ў Небе, ён навернецца да Бога і зменіцца. Так яны абодва будуць у Небе. Калі б я не зрабіў гэтага, абодва былі б асуджаныя. Ці гэтыя тлумачэнні, дапамаглі табе зразумець волю Бога?
   
    Слухаючы гісторыі анёла з цікавасцю, чалавек зразумеў, што Бог бачыць усё па-іншаму, больш дасканала, чым людзі. Ён таксама зразумеў, што Бог мае лепшае рашэнне для ўсяго, хаця знешне гэта можа выглядаць вельмі балюча.
    Дарагі Маленькі Чытач! Усе мы маем свае звеставанні. Так, як да Марыі, Бог і да нас пасылае анёла з цікавым паведамленнем. Гэтае паведамленне – праўда аб тым, што Бог вельмі нас любіць, і мае для кожнага свой план. Ён заўсёды робіць усё дзеля дабра чалавека, хоць часам гэтага не разумеем. Пэўныя падзеі ў жыцці могуць заставацца для нас загадкай. “Як гэта?”, “Гэта немагчыма!”, “Чаму я?” – часта кажам Богу. Марыя падчас Звеставання таксама ўсяго не разумела, але адказала анёлу: “Няхай мне станецца паводле твайго слова!”. Таму варта прасіць Марыю, каб мы маглі заўсёды з радасцю і даверам адказваць “так” на прапановы Бога.
   
   Заданне: вывучы малітву “Анёл Панскі” і маліся ёю кожны дзень, каб лепш разумець, чаго ад Цябе хоча Бог.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.