ГРОДНА
Чацвер,
23 мая
2024 года
 

Як парадзіць з няверуючым сужэнцам?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда, псіхолагСаюз паміж веруючай і няверуючай асобамі можа перажываць нямала складаных сітуацый. Яны бываюць рознымі, пачынаючы з таго, што такі чалавек не хоча хадзіць у касцёл сам, заканчваючы тым, што робіць немагчымым практыкаванне веры свайму веруючаму сужэнцу.
У залежнасці ад ступені “абцяжарвання жыцця” наступствы могуць быць больш ці менш балючымі псіхічна або нават фізічна. Самай распаўсюджанай праблемай у такіх адносінах з’яўляецца адсутнасць духоўнай сувязі і разумення ў сям’і. З аднаго боку, веруючы сужэнец спрабуе пайсці на саступкі, каб пазбегнуць чарговых канфліктаў, а з другога, жадае духоўнага росту, таму жыве ў стане пастаяннай унутранай барацьбы.
Раю веруючай асобе шукаць падтрымкі ў касцёле, у размове са святаром, падчас споведзі і малітвы, у парафіяльных групах, а найперш у чытанні Божага слова. Неабходна нястомна, нягледзячы ні на што, пазнаваць Бога, узмацняць сваю веру, жыць як сапраўдны хрысціянін.
    Здараюцца выпадкі, калі веруючая асоба хоча “сілай” навярнуць свайго сужэнца, але часцей за ўсё такія спробы дасягаюць зваротнага выніку. Не варта прымушаць кагосьці змяняцца.
    У падобнай сітуацыі далёкі ад Бога чалавек адчувае яшчэ большае нежаданне і мацней нервуецца. Бог заўсёды прагне для сужэнства адзінства. Таму найлепшы спосаб у такой сітуацыі – уласным прыкладам дэманстраваць сваю веру ў паўсядзённасці, станавіцца для няверуючай асобы жывым сведчаннем прысутнасці Бога ў жыцці. Св. Павел у Пасланні да Карынцянаў піша: “Бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа” (1 Кар 7, 14).
    Наступным ратункам з’яўляецца малітва за сужэнца. Я хацеў бы пераканаць людзей, каб не гублялі надзеі, калі не бачаць імгненнага эфекту ад сваіх дзеянняў. Памятайма, у Бога заўсёды ёсць план жыцця для кожнага з нас і нашых сужэнстваў. Нябесны Айцец найлепш ведае, як дастукацца да сэрца чалавека, ніводзін дарадца не справіцца з гэтым. Можна таксама запрашаць сужэнца з сабой на розныя нефармальныя сустрэчы (экскурсіі, прагулкі, забавы), каб такім чынам няверуючы мог пазнаёміцца з вернікамі ў звычайных абставінах, убачыць, як выглядае іх паўсядзённая рэчаіснасць.
    У самых складаных сітуацыях, такіх, напрыклад, калі няверуючы сужэнец катэгарычна забараняе веруючаму вызнаваць сваю веру, неабходна дамовіцца аб 2-3 гадзінах вольнага часу, якія можна выкарыстаць для ўласных патрэб. Аднак калі ўзнікае канфлікт сумлення (няверуючая асоба патрабуе ад верніка чагосьці несумяшчальнага з вучэннем Божым), тады варта прытрымлівацца слоў з Дзеяў Апосталаў: “Пётр і апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей»” (Дз 5, 29).
    Хочацца звярнуцца да маладых людзей, якія збіраюцца закласці сям’ю, каб давяралі Богу гэтую справу і не недаацэньвалі пытанні, звязаныя з верай.
    Пытанні можна дасылаць на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  223

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.