ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

V НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45
Сёстры паслалі сказаць Езусу: “Пане, той, каго Ты любіш, хворы”. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: “Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе”. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: “Пойдзем зноў у Юдэю”. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: “Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе”. Езус сказаў ёй: “Уваскрэсне брат твой”. Марта сказала Яму: “Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень”. Езус сказаў ёй: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?”. Яна адказала Яму: “Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет”. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: “Дзе вы паклалі яго?”. Адказалі Яму: “Пане, ідзі і паглядзі”. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: “Глядзі, як Ён любіў яго”. А некаторыя з іх сказалі: “Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?”. Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: “Адсуньце камень”. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: “Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр”. Езус кажа Ёй: “Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?”. Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне”. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: “Лазар, выйдзі вонкі”. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: “Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць”. Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Божае святло перамагае грэх
   Кожнае нечаканае аздараўленне можна назваць цудам, але здаецца, што ўваскрашэнне памерлага з’яўляецца найбольш відавочным прыкладам гэтага. Евангелле паказвае нам, як Езус вяртае жыццё Лазару. Гэта адбываецца ў момант, калі праз 4 дні пасля смерці цела ўжо пачало раскладацца. Той, з кім ужо развіталіся, вярнуўся да жыцця.
    Няважна, ляжыць чалавек у магіле 100 гадоў ці толькі гадзіну. Ніхто не здольны ажывіць памерлага, бо ніхто, акрамя Бога, не мае ўлады над жыццём. Таму ўваскрашэнне Лазара з’яўляецца вялікім цудам. Аднак значна больш шакіруючым стане для нас паўстанне цел з мёртвых да новага, вечнага жыцця! Атрымаем тады хвалебнае, духоўнае цела, непадобнае на зямное.
    Езус дае нам сёння ключ, які адчыняе брамы вечнага жыцця. Гэтым ключом з’яўляецца вера: “Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25b). Таму, каб уваскрэснуць і мець магчымасць цешыцца вечным шчасцем, трэба шукаць сэнс жыцця ў Богу.
● Ці веру ва ўваскрасенне памерлых?
● Якія цуды ў маім жыцці здзяйсняе Пан?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.