ГРОДНА
Нядзеля,
14 красавіка
2024 года
 

Служыць сабою

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! На працягу сваёй доўгай гісторыі Каталіцкі Касцёл займаўся дабрачыннасцю. Дапамогу, якую ён аказваў бедным, самотным і бяздольным, раней нярэдка называлі “карытас”. Само гэтае слова азначае любоў, братэрскую дапамогу і апеку. Цяпер жа так называецца дабрачынная арганізацыя, якая дзейнічае ў межах Касцёла. Дзейнасць “Карытас” вельмі важная, без яе Касцёл страціў бы давер у вернікаў: калі б толькі гаварыў, але нічога не рабіў. “Карытас” пакліканы да таго, каб аказваць людзям любоў і міласэрнасць.
Выдатным узорам дабрачыннасці з’яўляецца сам Пан Езус, які не толькі навучаў, але і дапамагаў людзям: аздараўляў, лячыў. Ён надалей вучыць, як быць побач з іншым чалавекам. Таксама і наша задача заключаецца ў дапамозе патрабуючым, прысвячэнні свайго вольнага часу, далучэнні да спраў міласэрнасці. Бескарыслівае служэнне дзеля іншых прыносіць задавальненне, надае сэнс жыццю, абараняе ад роспачы з-за пачуцця немагчымасці штосьці змяніць да лепшага.
У сучасным свеце дабрачыннасць, шчодрасць і шанаванне даброт – гэта рысы, якія неабходна ў сабе фарміраваць, паколькі яны характэрны для добрых хрысціян. Асоба, адчувальная да нястачы іншых людзей, ніколі не зачарсцвее сэрцам. Яна заўсёды здолее працягнуць руку дапамогі, стаць “выратавальным колам” для кагосьці, хто патрабуе падтрымкі, часам нават проста добрага слова.
    Маленькі Чытач, прапануем Тваёй увазе невялічкае апавяданне, з якога ўбачыш, што часам нават нязначная дробязь можа стаць для кагосьці жыццёвай неабходнасцю.
    У пэўнай вёсцы жыў фермер па імені Радрыга. Разам са сваёй жонкай Марыяй яны вырошчвалі на полі кукурузу. Мелі тры дачкі і двух сыноў. Мужчыну вельмі любілі і шанавалі. Ён ахвотна дапамагаў усім, каму патрэбна была дапамога.
    Аднойчы Радрыга выбраўся ў горад. На дарогу Марыя прыгатавала яму смачнае галдапінта, некалькі бананаў і пачатак кукурузы. На палове шляху Радрыга прагаладаўся, вырашыў адпачыць і з’есці галдапінта. З’еў таксама бананы, а кукурузу не захацеў, таму выкінуў яе, каб не насіць з сабой.
    Калі Радрыга дабраўся да горада, вырашыў усе справы, а затым заглянуў на рынак, каб купіць тое-сёе жонцы і дзецям. Дарогу яму заступіла жанчына з дзіцём на руках, просячы што-небудзь паесці, “хаця б пачатак кукурузы”. Радрыга адказаў, што нічога не мае. І ў той жа момант узгадаў, што зрабіў з пачаткам кукурузы па дарозе ў горад.
    Па вяртанні мужчына ўжо не быў такім вясёлым: перад вачыма стаяла жанчына і кукуруза, якую бяздумна выкінуў. Калі прыйшоў дадому, жонка спыталася, як прайшло падарожжа. Яна бачыла, што мужа непакоіць нейкая праблема, але Радрыга моўчкі пайшоў спаць. А снілася яму галодная жанчына з дзіцём і пачатак кукурузы.
    Калі рассвітала, Радрыга, як кожную раніцу, абышоў усю гаспадарку і ўбачыў, што кукуруза завяла, на полі засталіся толькі сцябліны раслін. У глыбіні душы мужчына ўсведамляў, што гэта яго віна. Яшчэ раз прыгадаў пачатак кукурузы, і па яго шчаках пакаціліся слёзы. Зразумеў, што жыццё ў дастатку не даецца раз і назаўсёды, а можа змяніцца з дня на дзень. Таму трэба шанаваць тое, што маеш, і дзяліцца гэтым з іншымі.
   
    Дарагі Маленькі Чытач! Кожны чалавек павінен вучыцца таму, каб служыць сабою. Сёння перад намі стаіць задача быць людзьмі міласэрнасці, не стамляцца рабіць дабро, несучы бліжнім радасць і надзею.
   
   Заданне: заплануй на штодзень добры ўчынак у адносінах да бліжняга. Старайся быць адчувальным да патрэб акружаючых і рабіць усё, што ў Тваіх сілах.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  262

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.