ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хто можа прымаць сакрамант намашчэння хворых?

Задай пытанне

У Кодэксе кананічнага права ясна гаворыцца: “Намашчэнне хворых можна ўдзяліць верніку, які дасягнуў магчымасці для ўсведамлення і знаходзіцца ў небяспецы смерці з-за хваробы ці старасці” (ККП 1004).
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае: “Касцёл верыць і вызнае, што сярод сямі сакрамантаў існуе адзін, спецыяльна прызначаны для ўмацавання тых, хто змучаны хваробай – намашчэнне хворых. Гэтае святое намашчэнне хворых устаноўлена Хрыстом, нашым Панам, як сапраўдны сакрамант Новага Запавету, пра які ўзгадвае евангеліст Марк, таксама яго раіць вернікам і апостал Якуб, брат Пана” (ККК 1511).
Апостальская канстытуцыя “Sacram unctionem infirmorum” ад 30 лістапада 1972 года, прынятая пасля ІІ Ватыканскага сабору, якая рэгулюе парадак Намашчэння хворых, пастанавіла, што “сакрамант намашчэння хворых удзяляецца небяспечна хворым асобам праз памазанне ілба і далоняў асвечаным адпаведным чынам алеем – аліўкавым ці з іншых раслін – і праз прамаўленне слоў: «Праз гэтае святое намашчэнне няхай Пан у сваёй бясконцай міласэрнасці ўмацуе цябе ласкай Святога Духа. Амэн. Пан, які вызваляе цябе ад грахоў, няхай уратуе і міласціва падтрымае»”.
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла адзначаецца, што намашчэнне хворых не з’яўляецца сакрамантам тых, хто памірае. Час для яго прыняцця несумненна прыходзіць ужо тады, калі вернік знаходзіцца ў смяротнай небяспецы праз хваробу ці старасць. “Калі хворы, які ўжо прыняў намашчэнне, выздаравее, ён можа ў выпадку новай цяжкай хваробы зноў прыняць гэты сакрамант. Пры адной і той жа хваробе, калі яна ўзмацнілася, сакрамант можа быць прыняты паўторна. Разумна прыняць сакрамант намашчэння напярэдадні сур’ёзнай аперацыі” (ККК 1515). Тое ж самае датычыцца і пажылых людзей. Яны могуць прыняць сакрамант паўторна, калі заўважальна слабеюць.
З усяго ўзгаданага вышэй можна зрабіць выснову, што намашчэнне хворых прымаецца і ўдзяляецца толькі тады, калі чалавек перажывае цяжкую хваробу (незалежна ад узросту), знаходзіцца ў смяротнай небяспецы з-за хваробы альбо ў пажылым узросце. Не трэба прымаць намашчэнне, калі не існуе пералічаных умоў, бо гаворка ідзе пра важную рэч – сакрамант Касцёла. Не трэба таксама яго прымаць і “на будучыню”.
Вельмі важна! Да сакраманту намашчэння хворых, як і да кожнага іншага сакраманту, трэба быць адпаведна падрыхтаваным, знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, г. зн. пасля споведзі. Трэба таксама памятаць, што сакрамант намашчэння хворых не ўдзяляецца тым, хто трывае ў яўным цяжкім граху.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.