ГРОДНА
Нядзеля,
14 красавіка
2024 года
 

IІI НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

Ян 4, 5–15. 19б–26. 39a. 40–42
Прыйшоў Езус ў самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: “Дай Мне піць”. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка кажа Яму: “Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі?”. (Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі). Езус сказаў ёй у адказ: “Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады”. Жанчына кажа Яму: “Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго?”. Езус сказаў ёй у адказ: “Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае”. Жанчына кажа Яму: “Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Іерусаліме”. Езус кажа ёй: “Павер мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ні на гэтай гары, ні ў Іерусаліме не будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне – ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе”. Жанчына кажа Яму: “Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё”. Езус кажа ёй: “Гэта Я, які гавару з табою”. Шмат самаран з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: “Расказаў мне ўсё, што я рабіла”. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: “Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету”.

Адкрыцца на ўздзеянне Божай ласкі
   Існуюць голад і прага – натуральныя патрэбы, якія заспакойваем, каб жыць і добра функцыянаваць. Існуюць таксама голад Бога і прага Яго блізкасці, а яшчэ прага задавальнення ўласных капрызаў і збірання зямных скарбаў.
    У Евангеллі чытаем, што самаранка прагнула праўды, адчувала голад Бога. Дзякуючы сустрэчы з Настаўнікам з Назарэта яе жыццё поўнасцю змянілася. Пакінула свой збан – сімвал таго, што чэрпала ад жыцця, – і адышла перамененая.
    Кожны з нас нясе сабраныя “скарбы”, згінаючыся пад іх цяжарам. Толькі сустрэча з Панам спрыяе таму, што можам адважна пакінуць неадпаведны стыль жыцця, якім жылі дагэтуль, і з радасцю дзяліцца Добрай Навінай. Тым самым мы перастаём чэрпаць з крыніцы гэтага свету, а выбіраем крыніцу вечнага жыцця, з якой Езус Хрыстус дае жывую ваду, што наталяе любую прагу.
● Ці адкрыты я на дзеянне Бога ў сваім жыцці?
● Што чэрпаю з крыніцы гэтага свету?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  262

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.