ГРОДНА
Чацвер,
22 лютага
2024 года
 

Жыві ў Хрысце вечна!

З жыцця Касцёла

З недаверам раніцай 17 лютага бягучага года па ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, краіне і свеце разышлася сумная вестка пра тое, што ў шчучынскай бальніцы памёр малады святар. Ва ўзросце 35-ці гадоў па ўзнагароду да Пана адышоў кс. Павел Барысевіч… Хтосьці сказаў: “Расставанне – гэта тое, чаго мы баімся і чаго стараемся не дапусціць, хаця яно заўсёды прыходзіць”. Аднак яно наймацней паражае, калі настае нечакана, у раптоўны і неспадзяваны момант. На жаль, смерць нікога не пытаецца, не папярэджвае пра свой візіт. Як злодзей, прыходзіць непажадана, нечакана і забірае тое, што мела для нас вялікую вартасць.
Сціплы і справядлівы
    Кс. Павел служыў у некалькіх парафіях нашай дыяцэзіі. Спачатку быў вікарыем у парафіi св. Юзафа ў Гродне, парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні і парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, затым – адміністратарам у парафіі Божага Цела ў Дварцы. Апошнім месцам яго паслугі стала Наваельня (дэканат Дзятлава), дзе працаваў на працягу амаль 5-ці гадоў.
Усе, хто ведалі ксяндза, згаджаюцца, што ён быў сціплым, справядлівым, спакойным чалавекам. Шмат гадоў змагаўся з хваробай. Праблемы са здароўем пачаліся яшчэ падчас вучобы ў семінарыі. Кс. бп Юзаф Станеўскі, які быў тады рэктарам Гродзенскай ВДС, пацвярджае, што неаднаразова пра гэта чуў. Але нягледзячы ні на што ксёндз старанна выконваў душпастырскія абавязкі, рамантаваў плябанію, клапаціўся пра святыню і ніколі не скардзіўся, не наракаў на жыццёвы крыж, яго цяжар. Меў так шмат планаў і мар, столькі хацеў яшчэ зрабіць для Касцёла…
    У памяці сваіх аднакурснікаў, з якімі разам крочыў да алтара Хрыста і захапляўся святарствам, ён застаўся чалавекам з добрым сэрцам, простым і стрыманым. Па іх словах, кс. Павел ніколі не ўзвышаўся над іншымі. Ціха, без галоснасці выконваў тыя задачы і абавязкі, якія ўскладаў на яго Касцёл.
    У Дзятлаўскім дэканаце святар таксама ахвотна дапамагаў, па меры сваіх магчымасцей. Кс. Віктар Захарэўскі з Раготна, найбліжэйшы сусед, падкрэслівае, што заўсёды было бачна жаданне кс. Паўла служыць Богу і людзям. “Ён вельмі цешыўся сваім пакліканнем, нягледзячы на цяжкасці, – адзначае кс. Віктар. – У маім сэрцы святар застанецца як добры сусед, брат у Хрысце, памочнік у складаныя моманты”.
    Найбольшы ўдар смерць нанесла бацьку і маці, брату і сястры – бліжэйшым родным кс. Паўла. Моцна перажываюць парафіяне, для якіх ён стараўся быць добрым пастырам, якім штодня служыў, прысвячаў сябе, прапаведаваў, быў распарадчыкам Божых таямніц...
    Кс. Павел ужо больш не “спусціць” вернікам Бога на зямлю сваім голасам, ужо больш не навучыць іх, не адпусціць грахі, не ўдзеліць бласлаўлення. Для іх ён заўсёды меў час, нягледзячы на сваю хваробу, заўсёды спяшаўся на дапамогу ўсім, хто звяртаўся ў патрэбе. “У гэтага святара былі такія казанні, якія чалавека падымаюць з кален. Ён заўсёды дарыў крылы. Гэта вялікая страта... Я дзякую Богу, што сустрэла такога святара на сваім шляху.
    І ўпэўнена, што кc. Павел будзе мне дапамагаць з Неба”, – гаворыць Алена Шмауст.
   
    Вяртаецца да сваіх
    Кс. Павел пахаваны каля роднага касцёла ў Старых Васілішках (дэканат Шчучын). Менавіта тут усё пачалося! Тут ён быў ахрышчаны, прыступіў да іншых сакрамантаў. Велічная гістарычная святыня стала тым месцам, дзе выспяваў да рашэння пайсці за голасам Хрыста. Тут жа адбыўся ўрачысты дзень прыміцый, калі ён упершыню ўвайшоў у родны касцёл у якасці святара, каб здзейсніць Ахвяру св. Імшы на алтары. І цяпер вяртаецца да сваіх... Вяртаецца на зямлю, дзе нарадзіўся і быў выхаваны. Вяртаецца назаўсёды, каб усім, хто будзе ісці ў касцёл, прыгадваць пра крохкасць жыцця – праўду пра наша існаванне.
    Перад абліччам смерці кожнага святара, а тым больш таго, хто адыходзіць у маладым узросце, па-людску занадта рана, важка гучаць словы малітвы св. Амброзія Міланскага: “Пане, я не плачу, што Ты забраў яго ў мяне, але дзякую Табе за тое, што даў мне яго”. Дзякуй Богу за гэтага святара! За яго святарскае сэрца – добрае і любячае, за яго святарскія вусны, што абвяшчалі Божае слова, слова Праўды, а таксама настаўлялі і ўказвалі людзям дарогу да Неба, у дом Айца. Дзякуй Богу за яго святарскія рукі, што адпускалі грахі, дзялілі Цела Хрыста і бласлаўлялі, за яго сведчанне ў святарскай паслузе.
    Гэтая заўчасная смерць таксама для ўсіх нас з’яўляецца ўрокам і папярэджаннем, што заўсёды павінны быць гатовыя сустрэцца з Панам. “Бог утаіў ад нас гадзіну смерці, каб чакалі яе кожны дзень”, – казаў св. Аўгусцін. Аб Божым Валадарстве трэба маліцца, для Божага Валадарства трэба працаваць і дзеля Божага Валадарства трэба пакутаваць. Глыбока верым, што прыгнёт і цярпенні, якія перажываў кс. Павел Барысевіч у сваёй хваробе, не аддзялілі яго ад Божай любові, адкрытай і падоранай кожнаму Езусам Хрыстом, адзіным Збаўцам чалавека. З верай і надзеяй звяртаемся да святара ў думках і гаворым: “Жыві ў Хрысце вечна!”.
   
Св. Імша ў 30-ты дзень пасля смерці кс. Паўла Барысевіча адбудзецца ў Старых Васілішках
    Супольная малітва ў інтэнцыі асягнення вечнага шчасця для спачылагa запланавана на 18 сакавіка ў парафіяльным касцёле свсв. апосталаў Пятра і Паўла.
   Пачатак св. Імшы ў 12.00.
    Да ўдзелу запрашаюцца святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  314

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.