ГРОДНА
Аўторак,
18 лютага 2025 года |
З жаночым клопатам пра Касцёл

З такімі словамі звярнуўся аднойчы св. Ян Павел ІІ у сваім лісце да цудоўнай паловы чалавецтва.
Сапраўды, нішто не можа замяніць увагі, клопату, вытрымкі і любові, якія паходзяць ад жанчыны.
Дух жаноцкасці з’яўляецца таксама неад’емнай часткай Касцёла, якая надае яму ўтульнасць, хараство і моц.
З нагоды Міжнароднага жаночага дня рэдакцыя газеты “Слова Жыцця” прапануе чытачам пазнаёміцца з некаторымі верніцамі дыяцэзіяльнага Касцёла, якія робяць яго стойкім і прываблівым. †
Упрыгожваючы літургію

Калі я вучылася ў каледжы, узнікла ідэя сабраць галасістую старэйшую моладзь, каб упрыгожыць спевам святочную св. Імшу. Атрымалася добра, таму вырашылі рэгулярна збірацца на рэпетыцыях. Так нарадзіўся парафіяльны моладзевы хор “Calasanz”, якім я кірую ўжо на працягу 15-ці гадоў.
Сустракаемся кожную суботу, каб практыкаваць спеў. Рэпетыцыю пачынаем і заканчваем малітвай праз заступніцтва св. Цэцыліі і св. Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна піяраў. Песні рыхтуем адпаведна літургічнаму перыяду – калядны час, Вялікі пост, Вялікдзень. Вучым і нелітургічныя песні. Спяваем як ва ўнісон, так і шматгалосна. Працуем з дыханнем, дыкцыяй, якасцю гука. Усё дзеля таго, каб аздабленне Эўхарыстыі было сапраўды на высокім узроўні. На свята Хрыста Валадара падчас св. Імшы маем традыцыю ўрачыста прымаць у хор новых удзельнікаў. Таксама я заўсёды стараюся арганізаваць для калектыву супольнае чаяванне або інтэграцыйныя паездкі. Узамен ад моладзі атрымліваю іх палаючыя сэрцы і вочы! Бачу, як хлопцы і дзяўчаты становяцца бліжэй да Бога і Касцёла, таксама як і я ў свой час. І тады ўсведамляю, што маё служэнне дасягае мэты.
Разам з тым, я ўжо больш за 15 гадоў іграю ў касцёле на аргане. Наш інструмент быў сканструяваны ў 1990-ых гадах і генеральна рэканструяваны ў 2015 годзе. Стаўлюся да яго з асаблівым клопатам. Дбаю пра касцёльны арган самастойна, а па больш сур’ёзных пытаннях звяртаюся да майстра з Польшчы. На падбор твораў да св. Імшы мяне звычайна натхняе літургія слова.
Зразумела, калі ахвяруеш сябе дзеля чагосьці, гэта не можа застацца без увагі. У 2017 годзе ў Ліхэні Польская правінцыя Піяраў выказала мне падзяку за шматгадовую службу на карысць дзяцей і моладзі ў харызме ордэна. Атрымала дыплом і статуэтку “Каласанс з дзіцём”. Гэта быў вельмі кранальны момант. Таксама прыемна, калі выпускнікі дзякуюць за гады ўдзелу ў хоры і прызнаюцца, што сумуюць па супольным спеве. Акрамя ўсяго, я штодня адчуваю бласлаўленне Пана, Яго прысутнасць і дапамогу! Не ведаю, адказ гэта на маё служэнне ці проста Божая любоў…
Душа рэлігійнага тэатра
І

Традыцыйна кожны год тэатр прадстаўляе 2 спектаклі: на Божае Нараджэнне і інсцэніраваны Крыжовы шлях.
На працягу 20-ці гадоў вельмі складана пісаць і рэалізоўваць сцэнарыі на адну і тую ж тэму нават чалавеку з адпаведнай адукацыяй і досведам. Я не маю патрэбнай адукацыі і не мела досведу, але маю шчасце атрымліваць натхненне Святога Духа. Гэта Ён вучыць заўважаць нябачнае хараство і глыбокі сэнс у звычайных рэчах. Усё геніяльнае – простае. Аднак разам з тым самае складанае – пачуць ад Святога Духа, у якім накірунку ісці ў пошуках ідэі. Цікава, што як бы я не хацела заўчасна мець сюжэт, калі Дух не падкажа, можна бясплённа разважаць над гэтым на працягу года. Часам падказка можа ўзнікнуць у імгненне вока, як прасвятленне. Напрыклад, пачула песню, стала сведкай пэўнай сітуацыі або ўбачыла натхняльную карціну – і ўсё, ідэя ў табе.
Галоўная мэта пастановак – данесці Радасную Навіну да сэрцаў гледачоў самымі рознымі мастацкімі спосабамі: словам, спевам, харэаграфіяй, пантамімай, сімвалізмам. Таксама хочацца навучыць гледача пасля прагляду нашых спектакляў задумвацца над сваім жыццём і нешта змяняць да лепшага. Аднак тэатр – гэта не толькі гледачы, але і акцёры, якія імкнуцца рэалізаваць свае здольнасці і таленты на Божую хвалу.
Асаблівым дасягненнем нашай супольнай дзейнасці лічу атрыманне тэатрам “Віфлеемская зорка” з Воўпы звання ўзорнага. Яго прысвойвае Міністэрства культуры РБ. Тым самым Божая справа перакрочыла мяжу, якая аддзяляе Касцёл ад дзяржавы. Разам з тым, яшчэ моцна ганаруся ўсімі акцёрамі: і былымі, і цяперашнімі. Без іх нават самы ўдалы сцэнарый не стане спектаклем. Чарговая новая пастаноўка для мяне як нараджэнне дзіцяці… Ганаруся шматлікімі першымі месцамі тэатраў у розных конкурсах, між іншым, на Міжнароднай Парафіядзе ў Варшаве. Ганаруся тым, што паклікана прыносіць іншым карысць. А тое, што магу займацца любімай справай, ды яшчэ служыць гэтым Богу і людзям, – найвялікшая падзяка для мяне.
Катэхеза як апостальства
У

Сутыкаючыся ў жыцці з рознымі людзьмі, я бачыла, што сярод нас шмат тых, хто не ведае Нябеснага Айца. Зразумела, што хачу несці Божае слова. Так склалася, што на той момант, калі ўва мне абудзілася гэтае жаданне, у парафіі не было катэхета. Добра памятаю першы занятак. Адпрасаваныя белая блузка і чорная спадніца, як належыць настаўніцы, і моцнае хваляванне. Гэта быў перыяд Вялікага посту, і я распавядала пра пакуты Езуса Хрыста, на якія Ён згадзіўся дзеля любові да чалавека. Памятаю, як некаторыя дзеці пранікліся маім настроем, расчуліліся і заплакалі…
Хоць за 22 гады выкладання шмат ведаў адклалася ў галаве, лічу, што трэба нястомна развівацца. Чэрпаю інфармацыю з інтэрнэту, занатоўваю каштоўныя думкі з рэкалекцый, чытаю рэлігійную літаратуру. Моцна цешуся, калі намаганні не праходзяць дарэмна. Здараецца, хлопцы і дзяўчаты застаюцца пасля заняткаў, дапытваюцца пра тое, што іх больш зацікавіла. Тады адчуваю, што служыць дзецям і моладзі – гэта як магчымасць быць 13-ым апосталам. Пра гэта кажу і маленькім вернікам, раю несці Добрую Навіну, якую яны пачулі на занятках, далей у свае дамы.
З іншага боку, заўсёды прымаю блізка да сэрца, калі бачу, што нехта з вучняў перастаў удзельнічаць у катэхезе і аддаліўся ад Касцёла. У такіх выпадках стараюся паведаміць бацькам. Але гэта не заўсёды прыносіць плён, і “авечка” губляецца. Разам з тым я ўдзячна Богу, што амаль усе хлопцы і дзяўчаты наведваюць катэхезу, пачынаючы з пачатковых і заканчваючы апошнім класам школы.
Я адчуваю ўдзячнасць ад Госпада за сваё служэнне на кожным кроку жыцця. Самым вялікім дарам лічу магчымасць штодня ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў новапабудаваным касцёле ў Астрыне пасля знішчэння былога. Таксама я шчаслівая мець добрага, любячага мужа і дзяцей, якімі ганарымся.
Асаблівае прызнанне атрымліваю і ад сваіх падапечных, калі адчуваю, што заслужыла іх давер. Неаднаразова тое ці іншае дзіця звярталася да мяне за падтрымкай ці за парадай. У такія моманты разумею, што спаўна рэалізоўваюся ў сваім служэнні.
Надаць бляск святыні
П

Быў 1961 год, хутка пасля знішчэння Фары Вітаўта. Я паўтарала свой штодзённы шлях і, параўняўшыся з катэдрай, убачыла, што на прыступках кленчаць людзі. Падумала, што вернікі прыйшлі памаліцца, але касцёл пакуль зачынены. Калі вярталася дадому пасля працы, гляджу – усё яшчэ стаяць. Пасля даведалася, што ўлады хацелі разбурыць і катэдру, а людзі такім чынам баранілі яе. Вернікі кленчылі амаль месяц – удзень і ноччу – падмяняючы адзін аднаго. Давялося і мне быць сярод іх. Аднойчы ў нядзелю, калі мы з сяброўкамі ішлі на танцы, каля катэдры нас затрымаў ксёндз. Растлумачыўшы, у чым справа, папрасіў, падмяніць людзей і памаліцца. Мы засталіся, адгаворваючы Ружанец. Узгадваючы той выпадак, разумею, што гэта быў мой першы выразны клопат пра касцёл, пра які ў будучыні буду дбаць штотыдзень.
І вось ужо амаль на працягу 20-ці гадоў я рэгулярна наводжу парадак у катэдры. Добра памятаю, як вырашыла ўзяцца за гэтую справу. Пэўным разам прыйшла на св. Імшу, стала на калені і адчула, як непрыемна коле ногі пясок. Можа, нядобрасумленна прыбраліся? Падумала, што было б цудоўна, калі б мне дазволілі выдаліць смецце. А праз некаторы час даведалася, што касцёлу патрэбна прыбіральшчыца. Апранула лепшы капялюш, шубку і пайшла ў канцэлярыю. Кс. Ян Кучынскі, пробашч, якраз чакаў гасцей з Польшчы, прыняў мяне за адну з візіцёрак.
Усміхнуўшыся, пагадзіўся на прапанову. Па сённяшні дзень я прыходжу прыбіраць, як кажуць, “пры парадзе”. Маё служэнне – гэта той шчаслівы выпадак, калі на працу – як на свята.
Выконваю свае абавязкі двойчы ў тыдзень і перад святамі. Мыю падлогу, праціраю пыл з паверхняў: лавак, статуй, канфесіяналаў. У касцёле ўжо на працягу доўгага часу ідзе рэстаўрацыя, таму налёту заўсёды шмат. Узбіраюся і на хоры, каб задбаць пра арган. Аднойчы трапіла яшчэ вышэй – на вежу з гадзіннікам, каб памыць лесвіцу. Усё жыццё баюся вышыні, але гэтую задачу выканала без цяжкасцей, дзякуй Богу.
Звычайна спраўляюся за 5 гадзін. Даўжэй атрымалася толькі аднойчы, калі наш касцёл перажываў трагедыю – гарэў алтар. Як звычайна, прыйшла раніцай на працу, гляджу – унутры ўсё чорнае ад дыму. І мы на працягу дня расчышчалі смецце, мылі паверхні. Натрудзіліся, але паспелі, каб раніцай наступнага дня касцёл ужо быў адчынены, і вернікі маглі сабрацца на св. Імшу.
Сёння маю 88 гадоў. Разумею, што знаходжуся ў хісткім узросце. Таму ўдзячна кс. Яну, што дазваляе працягваць служэнне, бо я ўжо не ўяўляю жыцця без сваёй сціплай місіі. Мяне гэтая праца падбадзёрвае і натхняе.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 317 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.