ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Распачынаем час Вялікага посту

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Кожны чалавек, незалежна ад таго, кім з’яўляецца, калі-небудзь пакіне гэты свет і пойдзе да Бога. Ён не возьме з сабой нічога з таго, што сабраў тут, на зямлі.
    Нават пакіне цела, якое пакладуць у магілу. Адзінае, што возьме, – уласная душа. Ад таго, якой яна будзе, залежыць, куды трапіць:
    у Неба, чысцец або пекла.
Увесь перыяд Вялікага посту, які хутка распачнецца ў Касцёле, нагадвае нам пра гэта і заклікае нястомна клапаціцца пра сваю душу. Ці добрая яна, ці чыстая і прыгожая? Або, магчыма, непрыгожая і вельмі брудная? Яна становіцца агіднай і брыдкай, калі чалавек дрэнна сябе паводзіць – не любіць іншых, думае толькі пра тое, каб яму самому было добра і камфортна. Але калі мы дапамагаем іншым, дзелімся з патрабуючымі, калі ўдзячныя за тое, што маем, калі слухаем бацькоў і настаўнікаў, жывём так, як вучыў нас Езус, душа іскрыцца і пачынае ззяць.
    Маленькі Чытач, а Ты хацеў бы стаць перад Богам у тым выглядзе, у якім Ён задумаў? Прапаную Тваёй увазе цікавае апавяданне, з якога можаш даведацца пра тое, як захоўваць сваю душу ў чысціні, каб яна была такой жа, як пасля хросту.
Шмат гасцей прыйшло на вяселле, якое адбывалася ў невялікім мястэчку. Святар па традыцыі сустрэў маладую пару ў дзвярах касцёла і павёў да алтара. Пасля шлюбнай цырымоніі госці выстраіліся ў рад, каб выказаць свае пажаданні маладым сужэнцам. Сярод іх была і бабуля нявесты. Калі падышла чарга, яна падарыла ўнучцы незвычайныя падарункі: венік, люстэрка і крыж.
    Здзіўленая дзяўчына спыталася:
    – Бабуля, для чаго мне гэта трэба?
    Тая ж з усмешкай адказала:
    – Венік для таго, каб ты змятала смецце перад дзвярыма свайго сэрца. Люстэрка патрэбна, каб назіраць за зменамі ў сабе і часамі рабіць пэўныя высновы. А калі ў цябе з’явяцца праблемы і цярпенні, то глядзі на крыж і памятай, што на Неба трэба ісці такім шляхам, як Хрыстос.
    Дарагі Маленькі Чытач! Касцёл прапануе тры рэчы, якія дапамагаюць захоўваць душу ў чысціні: гэта малітва, пост і міласціна. Акурат так, як мы сілкуемся некалькі разоў на дзень, каб не быць галоднымі, павінны памятаць аб тым, каб і душа не была галоднай. Таму неабходна часта звяртацца да малітвы: яна павінна быць для кожнага з нас штодзённай ежай. Няхай будзе простай і, можа, кароценькай, але ўчыненай з павагай і любоўю да Бога.
    Другое – гэта пост. Неабходна адмовіцца ад чагосьці прыемнага, камфортнага і зусім не абавязковага. Варта выбіраць тое, што складаней, а не тое, што лягчэй. Можна адмовіцца, напрыклад, ад прысмакаў, прагляду мультфільмаў, любімай цацкі, гульні ў камп’ютар ці з тэлефонам. Навошта? Як наша цела, якое павінна трэніравацца, каб быць у тонусе (таму мы бегаем, скачам, плаваем), так і душа патрабуе нагрузкі, каб заставацца здаровай і моцнай. А такой нагрузкай для душы і з’яўляецца адмаўленне ад чагосьці.
    Яшчэ адным сродкам дапамогі для душы з’яўляецца міласціна. Часцей за ўсё яе разумеюць як даванне грошай бедным.
    На самой справе, гэта проста дзяленне з іншымі. Але не толькі тым, чаго маем шмат і што больш не патрэбна, можам дзяліцца ўсім, чым надзяліў нас Бог: сваім часам, талентамі, а таксама, пры неабходнасці, матэрыяльнымі рэчамі. Міласціна палягае на ахвяраванні з любоўю тым, хто гэтага найбольш патрабуе.
    Такім чынам, нашу душу робяць вельмі прыгожай малітва, пост і міласціна. Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам, калі можам пастарацца стаць лепшымі, каб спадабацца Пану.
   
   Заданне: распрацуй на час Вялікага посту каляндар, у якім запішы ўсе свае пастановы, і імкніся верна іх выконваць.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.