ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Як вернікі павінны трымаць рукі падчас малітвы “Ойча наш” у касцёле?

Задай пытанне

Жэсты і паставы цела ўдзельнікаў Эўхарыстыі апісаны ў “Рымскім Імшале”. У агульных уводзінах да галоўнай літургічнай кнігі Касцёла сказана, што цэлебрацыя Імшы – гэта дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага Божага народа, таму важна так яе наладзіць, “каб духоўныя служыцелі і вернікі, беручы ў ёй удзел адпаведна свайму становішчу, здабылі больш тых пладоў, дзеля атрымання якіх Хрыстус Пан устанавіў эўхарыстычную ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві і даверыў яе Касцёлу […] як успамін пра сваю муку і змёртвыхпаўстанне” (параўн. АУРІ 16–17).
Жэстам і паставам цела ў агульных уводзінах прысвечана некалькі пунктаў (гл. АУРІ 42–44), бо гэта важны момант падчас кожнай цэлебрацыі св. Імшы. Там падкрэсліваецца, што неабходна браць пад увагу апісаныя прадпісанні і традыцыйную практыку рымскага абраду, якія спрыяюць агульнай духоўнай карысці Божага народа больш, чым задавальненню прыватных схільнасцей і жаданняў.
Трэба адзначыць, што “аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, – гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на св. Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці ўдзельнікаў. […] Для дасягнення аднастайнасці ў жэстах і паставах цела падчас адной і той жа цэлебрацыі вернікі павінны слухацца настаўленняў, якія даюць дыякан, свецкі прыслугоўваючы ці святар згодна з нормамі, устаноўленымі ў Імшале” (параўн. АУРІ 42–43).
Што ж нам гаворыць Імшал адносна жэстаў падчас малітвы “Ойча наш”? “Пасля эўхарыстычнай малітвы святар, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай. Гэтую малітву, развёўшы рукі, ён прамаўляе разам з народам” (АУРІ 152).
Прадпісанне разводзіць рукі падчас малітвы “Ойча наш”, як, зрэшты, і іншых малітваў падчас св. Імшы, датычыцца толькі святара, які яе цэлебруе. Згодна з традыцыйнай практыкай рымскага абраду, вернікі не паўтараюць жэстаў святара, а моляцца склаўшы рукі ў агульнапрынятым жэсце. Такую самую паставу цела захоўваюць дыяканы і іншыя прыслугоўваючыя. Нідзе не сказана, што яны павінны маліцца з разведзенымі рукамі, як кажуць, “у жэсце аранта”: ні падчас малітвы “Ойча наш”, ні падчас іншых імшальных малітваў.
Вядома, што ў некаторых малітоўных групах і рухах існуе практыка маліцца з разведзенымі ці ўзнятымі ўгору рукамі, або таксама трымаючыся за рукі. Такім чынам вернікі могуць маліцца і ў сябе дома, калі ім гэта больш адпавядае. Аднак падчас св. Імшы ў касцёле няма месца для “самадзейнасці”. Мы ўсе ўтвараем у Хрысце адно цела, і нашы жэсты падчас Эўхарыстыі павінны гэта выяўляць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.