ГРОДНА
Нядзеля,
21 красавіка
2024 года
 

Сведка нашых часоў

На шляху да святасці

Светлай памяці кс. прэлата Юзафа Грасевіча можна аднесці да ліку выдатных постацей Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Па-першае, ён з’яўляецца сузаснавальнікам манаскай супольнасці Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Па-другое, яго злучалі вузы сяброўства з бл. Міхалам Сапоцькам. Па-трэцяе, святар спрыяў захаванню і выратаванню ад знішчэння слыннага абраза Езуса Міласэрнага, намаляванага мастаком Яўгенам Казіміроўскім паводле апісання св. Фаўстыны.
Айцец кангрэгацыі
    Менавіта ў Каменцы (дэканат Шчучын), у невялікай парафіі св. Антонія і Аб’яўлення Пана, куды кс. Юзаф Грасевіч прыбыў разам з трыма манахінямі, пачала таемна паўставаць Кангрэгацыя Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якая вызначыла заклік папы Пія Х “Аднавіць усё ў Хрысце” як сваю галоўную мэту. Манахіні называлі кс. Грасевіча сваім айцом, паколькі ён апрацаваў статуты кангрэгацыі, а затым быў іх духоўным кіраўніком, спаведнікам, прамаўляў рэкалекцыі, праводзіў дні засяроджання.
    Сёстры памятаюць святара як чалавека адданай і глыбокай малітвы. Капліца, дзе ён часта засяроджваўся перад Найсвяцейшым Сакрамантам, была вельмі маленькай і цеснай, паколькі змяшчала толькі адзін кленчнік. Ксёндз прыходзіў туды штодня, каб набрацца Божай моцы і натхніцца на стварэнне гамілій і прамоў.

    Апостал Міласэрнасці
   У сваіх пропаведзях кс. Грасевіч часта казаў пра Бога, багатага на міласэрнасць, а таксама ўзгадваў Найсвяцейшую Панну Марыю як Маці Міласэрнасці. Гаворачы пра Бога, падкрэсліваў Яго найлепшую прыкмету – прабачэнне чалавеку грахоў і грэбавання, калі ён толькі будзе мець веру і мужнасць, каб з пакаяннем стаць на калені. Ролю ж Марыі бачыў у тым, што Яна нястомна ахінае кожнага плашчом сваёй апекі.
    Кс. Грасевіч выдатна ведаў гісторыю паўстання першага абраза Езуса Міласэрнага, намаляванага ў 1934 годзе ў Вільні, і яго нялёгкі лёс. У 1956 годзе святар прывёз абраз у касцёл св. Юрыя ў Новай Рудзе (дэканат ГроднаУсход), дзе змясціў на сцяне паміж прэзбітэрыем і цэнтральнай навай. Ён знаходзіўся там 40 гадоў.
    Па ініцыятыве кс. Грасевіча ў парафіі паўстаў звычай правядзення набажэнства Вяночка да Божай міласэрнасці. Менавіта тут на тэрыторыі сучаснай Беларусі стаў развівацца культ Езуса Міласэрнага, пра які сёння ведае ўвесь свет.
   
    Сябар бласлаўлёнага
    Кс. Міхал Сапоцька, які шмат клапаціўся пра развіццё культу Божай міласэрнасці, вельмі ўсцешыўся, што абраз трапіў у добрыя рукі. Акрамя таго, ён на працягу пэўнага часу быў спаведнікам кс. Грасевіча. Пазней згадваў у сваіх успамінах, што той аказаў вырашальны ўплыў на яго жыццё.
    Трэба падкрэсліць вялікую заслугу кс. Грасевіча ў захаванні абраза Езуса Міласэрнага ад знішчэння ці страты. У 1970 годзе мясцовыя ўлады вырашылі ператварыць касцёл у Новай Рудзе ў склад. Да святыні пад’ехалі грузавікі, і адтуль пачалі ўсё выносіць. Цудам удалося затрымаць абраз у святыні, бо не было дастаткова доўгай лесвіцы, каб яго зняць.
    Па распараджэнні кс. Грасевіча абраз быў перададзены назад у Вільню, дзе знаходзіцца да сёння.
   
    Духоўны кіраўнік
    Кс. прэлат Юзаф Грасевіч разам з кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам і кс. б-пам Антоніем Дзям’янкамРуплівы святар пакінуў пасля сябе мноства нататак, якія да гэтага часу захоўваюць сёстры з кангрэгацыі, пра развіццё якой ксёндз шмат дбаў. Падчас кожных рэкалекцый і дзён засяроджання ён запісваў свае пастановы ў сшытак. Занатоўваў таксама думкі, якімі пазней хацеў падзяліцца з вернікамі падчас казання.
    Пасля адных з такіх рэкалекцый, якія адбыліся 28–30 жніўня 1956 года, святар пазначыў наступныя словы: “Абудзіць у сабе няспыннае жаданне заўсёды ісці наперад. Для гэтага патрэбна быць дасканалым – такім, наколькі дасканалы наш Нябесны Айцец” (параўн. Мц 5, 48). Для сваіх парафіян падчас тых жа духоўных практыкаванняў ён напісаў наступнае заданне: “Заахвоціць вернікаў да працы над сабой; а да тых, хто выказаў жаданне выправіцца, прыйсці з канкрэтнай дапамогай. Сем’і заахвоціць, каб удасканальвалі сваё жыццё па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта”. Напрыканцы жыцця, калі святар ужо ўсведамляў набліжэнне дня сустрэчы з Богам, шмат пісаў пра смерць і пераход у іншы свет, да якога хацеў належным чынам падрыхтавацца. “Сказаў с. Вандзе, што трэба збірацца ў Неба, таму павінны пастаянна памятаць пра найлепшую падрыхтоўку да смерці”, – напісаў святар. Кс. Грасевіч добра разумеў, што ў гэтым можа пасадзейнічаць Маці Міласэрнасці. Часта звяртаўся да Яе: “Дарагая Маці, хто падрыхтуе мяне да таго дня, калі Ты гэтага не зробіш?”.
    Вельмі простыя тэксты, запісаныя блакітным чарнілам, даюць шмат падстаў для роздуму таксама сучасным людзям. У гэтых нататках заключаецца багацце душы простага святара, які быў верны Богу і ўсе свае цярпенні ахвяраваў Езусу і Яго Маці.
    Кс. Грасевіч адышоў у вечнасць 1 сакавіка 2000 года. Памёр ва ўзросце 97-мі гадоў. Пахаваны побач з касцёлам у Каменцы, на абароне якога аддана і рашуча стаяў на працягу апошніх гадоў святарскай службы.
   
7 сакавіка ў касцёле св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы адбудзецца св. Імша за кс. прэлата Юзафа Грасевіча ў 20-ую гадавіну смерці.
    Пачатак у 12.00.
    Да ўдзелу ў малітве за спачылага святара запрашаецца духавенства, манаскія асобы і ўсе вернікі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  255

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.