ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Святая Кніга (2)

Інтэрв'ю

У мінулым нумары “Слова Жыцця” кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнай тэалогіі і выкладчык Святога Пісання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, распавёў пра каштоўнасць чытання Бібліі і натхнёнасць яе тэкстаў. У працягу размовы – практычныя парады для вернікаў па спазнані Святой Кнігі.
– Біблія паўстала тысячагоддзі таму. Якім чынам яна ўпісваецца ў сучасную рэальнасць, захоўваючы актуальнасць і даючы адказы на хвалюючыя пытанні?
    – “Высыхае трава, вяне кветка, а слова Бога нашага трывае заўсёды”, – чытаем у Кнізе прарока Ісаі (Іс 40, 8). “Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць”, – гаворыць Езус (Мк 13, 31). “Слова Божае жывое і дзейснае […], здольнае судзіць думкі і намеры сэрца”, – піша аўтар Паслання да Габрэяў (Гбр 4, 12). Гэта толькі некаторыя з біблійных тэкстаў, якія падкрэсліваюць актуальнасць і нятленнасць Божага слова.
Мінаюць стагоддзі і тысячагоддзі, змяняецца свет і чалавек разам з ім, але людская прырода нязменная. Праблемы і выклікі, небяспекі і пагрозы – нягледзячы на велізарную прорву месца і часу, якая аддзяляе сучаснага чалавека ад аўтараў, герояў і першапачатковых адрасатаў кніг Бібліі, – у асноўным застаюцца тыя ж, як нязменным застаецца і шлях да выратавання, які нам паказвае Бог у словах Святога Пісання. Менавіта таму Біблія па-ранейшаму з’яўляецца (і застанецца назаўжды) самай чытаемай кнігай у свеце, перакладаемай на большасць моў, друкуемай у найбольшай колькасці экземпляраў, прадаваемай і распаўсюджваемай бясплатна самымі шматлікімі партыямі.
   
    – З чаго лепш пачынаць чытаць Біблію? Якія існуюць спосабы пазнання Святога Пісання, і ў чым яны заключаюцца?
    – Тым, хто раней наогул не чытаў Біблію, я б раіў пачаць з Новага Запавету, а дакладней – з Евангелляў, якія набліжаюць асобу Езуса Хрыста, Яго словы і ўчынкі. Прачытаўшы ўвесь Новы Запавет, неабходна пазнаёміцца са Старым, які ў святле Новага становіцца значна больш зразумелым і, несумненна, бліжэйшым.
    Было б добра паставіць сабе за мэту прачытаць усё Святое Пісанне, таму што гэта самая важная і ўнікальная кніга, якая для нас, хрысціян, з’яўляецца крыніцай веры. Аднак я б не рэкамендаваў спяшацца, каб “праглынуць” Біблію як мага хутчэй. Лепш чытаць павольна, але сістэматычна: кароткімі ўрыўкамі, спрабуючы засяроджвацца на тэксце. Такім чынам мы з часам “адчуем смак” у чытанні Святога Пісання, і яно стане нашай штодзённай патрэбай сэрца.
    У Інтэрнэце можна знайсці розныя планы чытання Бібліі, якія прапануюць знаёміцца з асобнымі кнігамі ў адпаведным парадку. Мы, безумоўна, можам іх выкарыстоўваць. Аднак я б не рэкамендаваў карыстацца планамі і даведнікамі, якія абяцаюць чытачу, што, напрыклад, з іх дапамогай ён пазнае Святое Пісанне за тры дні альбо прачытаўшы дзесяць выбраных “найбольш важных” урыўкаў і да т. п. Мы не павінны чакаць, што такога тыпу “біблійныя дапаможнікі” паглыбяць наша веданне Божага слова ці абудзяць запал да яго вывучэння.
    Канешне, каб зразумець складаныя, няясныя месцы ў Бібліі, мы можам выкарыстоўваць розныя дапаможныя сродкі: перш за ўсё, зноскі і каментарыі ў самім Святым Пісанні (калі ў нашым выданні такія ёсць), а таксама спецыялізаваныя каментарыі тэолагаў, біблістаў ці душпастыраў, біблійныя атласы, розныя даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі. Такога тыпу дапаможнікі аблягчаюць зразуменне розных складанасцей і таямніц біблійнага тэксту.
   
    – У якіх крыніцах трэба шукаць каментарыі да Святога Пісання, каб не трапіць на вольнае і суб’ектыўнае трактаванне?
    – Неабходна прызнаць, што Біблія па прычыне сваёй старажытнасці і прыналежнасці да іншага, зусім чужога для нас культурна-цывілізацыйнага асяроддзя, з’яўляецца складанай кнігай, часам нават загадкавай, адкрытай для розных інтэрпрэтацый. Таму правільнае разуменне сэнсу сакральных тэкстаў часта патрабуе значных спецыяльных ведаў.
    На жаль, бывае, што задачу тлумачэння або каментавання Святога Пісання бяруць на сябе людзі, якія не маюць належнай навуковай падрыхтоўкі ці хочуць па розных прычынах здзейсніць свядомую маніпуляцыю тэкстам. Так узнікаюць каментарыі і іншыя “біблійныя дапаможнікі”, якія адлюстроўваюць некаторыя суб’ектыўныя перакананні іх аўтараў і якія замест таго, каб тлумачыць, засланяюць ці нават скажаюць сэнс тэкстаў Святога Пісання. Каб мінімізаваць рызыку трапіць на літаратуру такога тыпу, варта карыстацца экземплярамі, выдадзенымі ў надзейных і аўтарытэтных выдавецтвах, якія звычайна старанна клапоцяцца пра сваю рэпутацыю і не друкуюць кнігі сумніўнай каштоўнасці. Калі гэта магчыма, можна пазнаёміцца з біяграфіяй аўтара, каб даведацца, ці мае ён адпаведную спецыяльную адукацыю і ці прафесійна займаецца дысцыплінамі, звязанымі з Бібліяй.
    Трэба таксама памятаць пра тое, што ў тэалогіі называецца аналогіяй веры: Святое Пісанне, якое з’яўляецца Божым Адкрыццём, не можа ўтрымліваць відавочных і непераадольных супярэчнасцей альбо зместу, які не згаджаецца з асноўнымі праўдамі веры. Таму калі ў каментарыі да Бібліі ці ў іншым падобным выданні знаходзім занадта экстравагантныя выказванні, якія выклікаюць у нас унутраны пратэст, паколькі яны несумяшчальныя з праўдамі веры, якія вызнаём, альбо яўна супярэчаць іншым тэкстам Святога Пісання, неабходна разглядаць гэта як сігнал папярэджання:
    магчыма, мы маем справу з, мякка кажучы, не вельмі вартай публікацыяй.
   
    – Ці можам інтэрпрэтаваць Святое Пісанне даслоўна?
    – Каб адказаць на гэтае пытанне, выкарыстаю простую аналогію. Уявім сабе, што знаходзімся ў кнігарні, якая прапануе чытачам разнастайную літаратуру: энцыклапедыі, слоўнікі, падручнікі, афіцыйныя выданні дзяржаўных законаў, а таксама мастацкую літаратуру, паэзію, тэатральныя п’есы, дзіцячыя кнігі, анталогіі старажытных легенд, крымінальныя дэтэктывы і навуковую фантастыку, дзённікі і ўспаміны вядомых людзей і г. д.
    Ці будзем аднолькава даслоўна інтэрпрэтаваць кожную з гэтых пазіцый, не беручы пад увагу ні намер аўтараў, ні жанр, ні літаратурныя ўмоўнасці, у якіх яны былі напісаны? Вядома, што не. Так і са Святым Пісаннем. Хоць як Божае Адкрыццё яно з’яўляецца адным цэлым, усё ж складаецца з мноства кніг, якія былі створаны ў розныя перыяды і адрасаваны розным катэгорыям чытачоў. Асобныя кнігі і нават асобныя часткі адной кнігі часта належаць да розных літаратурных жанраў і перадаюць Божыя ісціны рознымі сродкамі выражэння. Гэтая вялікая разнастайнасць Бібліі патрабуе не менш разнастайнага падыходу пры інтэрпрэтацыі яе тэкстаў.
    Паказальна, што афіцыйны дакумент Папскай біблійнай камісіі пад назвай “Інтэрпрэтацыя Святога Пісання ў Касцёле” (1993), прадстаўляючы багацце метадаў і падыходаў да інтэрпрэтацыі біблійнага тэксту з іх моцнымі і слабымі бакамі, адназначна негатыўна ацэньвае г. зв. фундаменталісцкае чытанне, якое заключаецца ў даслоўным, літаральным трактаванні ўсіх без выключэння тэкстаў Святога Пісання, без належнага ўліку разнастайнасці літаратурных форм і жанраў, а таксама працэсаў, звязаных са стварэннем натхнёных Кніг, што прыводзіць да дэфармацыі біблійнага паслання і скажэння яго сэнсу.
   
    – Як тлумачыць тэксты Бібліі дзецям і выхоўваць у іх любоў да Святога Пісання? З якога ўзросту варта пачынаць знаёміць дзяцей з Божым словам?
    – У Другім Пасланні да Цімафея св. апостал Павел піша адрасату прыгожыя словы: “Ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста” (2 Цім 3, 14–15). З кантэксту відаць, што св. Павел вельмі пазітыўна ацэньвае той факт, што Цімафей з ранняга дзяцінства вывучаў Біблію – Божае слова. Ці з’яўляецца што-небудзь перашкодай, каб і сёння маленькія хрысціяне знаёміліся са Святым Пісаннем?
    Напэўна, азнаямленне дзіцяці з Бібліяй можна распачаць тады, калі яно можа зразумець самыя простыя гісторыі, расказаныя бацькамі. У Святым Пісанні ёсць шмат простых па форме, але ў той жа час вельмі маляўнічых аповедаў, якія ўзрушваюць дзіцячую фантазію і выдатна падыходзяць для гісторый, якія могуць расказваць бацькі: стварэнне свету і чалавека, патоп, Вавілонская вежа, некаторыя падзеі з гісторыі патрыярхаў, з жыцця каралёў і ізраільскіх прарокаў, а ў Новым Запавеце – выбраныя эпізоды з жыцця і дзейнасці Пана Езуса, асабліва здзейсненыя Ім цуды... Вядома, дзіця зразумее ўсё гэта па-свойму, крыху наіўна. Не трэба хвалявацца па гэтай прычыне і спрабаваць навязваць малому змест, які перавышае яго пазнавальныя здольнасці. Усё мае свой час, і па меры сталення дзіця будзе разумець Божае слова лепш і глыбей.
    Выдатнай дапамогай з’яўляецца г. зв. Біблія для дзяцей, у якой побач з адпаведна падабранымі фрагментамі Святога Пісання, перададзенымі простай і даступнай мовай, змешчаны цудоўныя ілюстрацыі. Такая Біблія будзе служыць дзіцяці доўгія гады: спачатку можна разам з ім праглядваць ілюстрацыі і расказваць аб тым, што на іх прадстаўлена; з часам, калі навучыцца чытаць, будзе самастойна звяртацца да тэксту; а калі вырасце і возьме ў рукі “звычайнае” Святое Пісанне, у яго застанецца цудоўнае памяць пра дзяцінства – першая “ўласная” Біблія.
   
    – Ці трэба працягваць чытаць Біблію, калі не разумееш прачытанага?
    – Не варта адчайвацца, калі нешта ў ёй нам няяснае. Чым больш будзем чытаць Святое Пісанне, тым лепш будзем яго разумець. У вывучэнні Божага слова мы трохі падобныя да немаўлят, якія вучацца размаўляць, слухаючы словы бацькоў, асабліва маці. Спачатку малое не разумее, што яму кажуць мама і тата, потым адрознівае прасцейшыя словы і спрабуе іх паўтарыць, і нарэшце за адносна кароткі час дзіця цалкам засвойвае мову сваіх бацькоў і ўсё свабодней і лягчэй ёю карыстаецца. У Бібліі Бог звяртаецца да нас, як любячы Айцец да сваіх дзяцей: чым даўжэй і настойлівей мы слухаем Яго Слова, тым больш яно становіцца для нас зразумелым і даступным.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.