ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

I НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

Мц 4, 1–11
Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам”. А Ён сказаў у адказ: “Напісана: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых»”. Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: «Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй». Езус сказаў Яму: “Напісана таксама: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго»”. Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: “Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне”. Тады сказаў яму Езус: “Адыдзі, сатана, бо напісана: «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць»”. Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

Школа паслухмянасці
   Пустыня – месца, пазначанае смерцю – часам становіцца калыскай новага жыцця. Менавіта там вандруючы люд стаў выбраным народам: атрымаў Закон і заключыў Запавет з Богам. У пустыні Езус рыхтаваўся да сваёй збаўчай місіі і перамог спакусы д’ябла, пацвярджаючы такім чынам, што з’яўляецца сапраўдным Божым Сынам, спажытак якога – выконваць волю Таго, хто паслаў Яго.
    Пустыня – гэта таксама месца змагання за выжыванне. Яна вучыць пакоры, паслухмянасці. Прыгадвае, наколькі далікатнае наша існаванне. Разам з тым пераконвае, што для жыцця дастаткова самых простых рэчаў.
    У пустыні чалавек вучыцца давяраць Богу і па-сыноўску падпарадкоўвацца Яго волі. Непаслушэнства Адама наклікала смерць на многіх (параўн. Рым 5, 15), але Бог не пакінуў чалавека самотнага і не аддаў у рукі бяссіллю адносна зла. Жыццядайнае апраўданне спасылае на ўсіх людзей паслухмянасць Езуса (параўн. Рым 5, 18).
    Можна сказаць, кожны мае сваю пустыню – тэрыторыю барацьбы са спакусамі і сталення ў даверы Богу. Мы сёння, напярэдадні Вялікага посту, запрошаны выйсці ў гэтую пустыню, каб распачаць час адасобленасці, які трывае 40 дзён. Як выбраны народ, можам у гэты перыяд пілігрымаваць унутр уласных сумленняў і так, як Езус, стаць на старану Бога, а не супраць Яго. Калі даверымся мудрасці Евангелля, з любога выпрабавання выйдзем пераможцамі. У час Вялікага посту ўступім у школу паслухмянасці Пана!
● Ці здольны я змагацца са спакусамі і перамагаць?
● Ці паслухмяны я Богу?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.