ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кожная ахвяра годная

На шляху да святасці

26 лютага.
Папяльцовая серада.
Пачатак Вялікага посту
На працягу стагоддзяў перажыванне часу Вялікага посту мела розныя формы, але заўсёды тую ж самую мэту – пакаянне за грахі і з’яднанне з Панам.
Сёння некаторыя з велікапосных практык святых могуць нас шакіраваць.
    Пэўныя з прымяняемых імі спосабаў утаймавання душы і цела не абмяжоўваліся перыядам Вялікага посту і суправаджалі святых штодня. Напярэдадні пакаяннага перыяду разглядзім некалькі такіх прыкладаў, каб натхніцца ўзорам любові і адданасці Езусу.

   Жыццё на слупе
    Св. Сымон Слупнік нарадзіўся ў канцы IV стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Жадаючы прысвяціць жыццё Богу, раздаў маёмасць убогім і ўступіў у ордэн эрэмітаў. Але хутка пакінуў кляштар, прагнучы жыць як пустэльнік. Стаў практыкаваць аскезу. Абмежаваў свой пасілак да мінімуму не толькі падчас Вялікага посту, але і на кожны дзень. Звязваў цела вяроўкай з пальмавага лубу, густа пераплеценай з калючкамі. Аднойчы папрасіў закрыць яго ў каменным баку для вады. І жыў у такой цеснай пячоры, што не мог выцягнуць ногі.
    Праз нейкі час Сымон пасяліўся паблізу Антыёхіі – цэнтра тагачаснага хрысціянскага жыцця. Там пабудаваў каменны слуп з невялікай платформай, на якой знаходзіўся на працягу 40-ка наступных гадоў. Ад дажджу і гарачага сонца яго абараняў толькі плашч з капюшонам. Большую частку жыцця святы прысвяціў малітве, стоячы на слупе. Многія гадзіны праводзіў за сузіраннем.
    Каменны слуп першапачаткова меў 3 метры ў вышыню. З цягам часу ён быў узняты прыблізна да 18-ці. З гэтай вышыні Сымон прапаведаваў людзям, якія ў вялікай колькасці прыбывалі сюды маліцца. Такім чынам навярнуў тысячы язычнікаў з паганскай Аравіі і Персіі. Многія прыходзілі да яго па параду і прасілі аб хадайніцтве перад Богам у прыватных і грамадскіх справах.
    Пасля смерці Сымона на месцы, дзе стаяў слуп, пабудавалі святыню. Пазней яна была разбурана. Сёння там стаіць алтар.
   
    40 дзён – 40 арэхаў
    Св. Андрэй Сверад з Польшчы жыў у часы, калі хрысціянізацыя грамадства была яшчэ павярхоўнай і тычылася пераважна вышэйшых класаў (Х стагоддзе). Адной з заслуг святога было распаўсюджванне веры менавіта сярод простага люду.
    Пасля ўступлення ў ордэн бенедэкцінцаў Андрэй Сверад вёў жыццё, поўнае цяжкасцей і нягод, здзіўляючы людзей сваёй пакорнасцю. Тры дні на тыдзень ён наогул нічога не еў: у панядзелак, сераду і пятніцу.
    А на Вялікі пост браў у абата толькі 40 грэцкіх арэхаў, якія былі адзінай ежай на працягу 8-мі тыдняў, за выключэннем субот і нядзель, калі прымаў супольны пасілак з братамі.
    Пасля дасягнення 40-ка гадоў манах атрымаў дазвол на пустэльніцкае жыццё. Згодна з правіламі ордэна, разам з вучнем, св. Бенедыктам, яны кожны тыдзень накіроўваліся ў пустэльню, да якой было паўдня дарогі, і вярталіся ў супольнасць на суботні вечар і ўсю нядзелю. У адасобленасці займаліся карчаваннем лесу.
    Працуючы ўвесь дзень, ноч манах стараўся праводзіць у малітве, пакінуўшы трохі часу для сну. Аднак каб нават сон зрабіць нязручным, ён сядаў на пень, акружаны вострымі прутамі, і надзяваў на галаву драўляны вянец з павешанымі на ім 4-ма камянямі, аб якія ўдараўся пры кожным кіўку. Акрамя таго, пустэльнік насіў латунны ланцужок, які праз некаторы час урос у цела. Менавіта гэта стала непасрэднай прычынай яго смерці, таму што пасля разрыву скуры развілася інфекцыя. Браты даведалася пра ланцужок, калі мылі цела перад пахаваннем і ўбачылі на жываце спражку.
   
    Убор, які мучыць цела
    Св. Фаўстына Кавальская (1905–1938) з Польшчы – манахіня, аўтар вядомага “Дзённіка” – таксама практыкавала сталыя ўтаймаванні цела. У яе выпадку гэта была валасяніца. Па-лацінску яна называецца “кілікум” (ад Кілікіі – краіны, з якой паходзіў св. Павел). Валасяніца прадстаўляла сабой пастухоўскую шату строгай формы, зробленую з грубай казінай або вярблюджай поўсці. Пра яе ў Бібліі згадвае прарок Ісая (Іс 50, 3), называючы мяшком, таму што “кілікум” сапраўды быў падобны на адвернуты мех з выразам для галавы.
    У каталіцкіх манастырах звычай нашэння валасяніцы даволі распаўсюджаны. Яе надзявалі пад хабіт ці сутану, таму ніхто, акрамя непасрэднага акружэння манаха ці манахіні, не ведаў пра ўтаймаванне асобы. У больш пазнейшы час назву “валасяніца” сталі адносіць таксама да калючай металічнай стужкі або ланцужка з шыпамі, якія носяць на сцягне.
    Кожная манаская асоба, якая жадала ўтаймоўвацца, носячы валасяніцу, павінна была атрымаць на гэта дазвол ад свайго настаяцеля, духоўнага кіраўніка альбо спаведніка. Так было і з с. Фаўстынай. З “Дзённіка” даведваемся, што манахіні дазвалялі надзяваць валасяніцу, напрыклад, на адну Імшу на працягу некаторага часу. Парой яе настаяцельніца давала дазвол на нашэнне валасяніцы больш за 2 гадзіны ў дзень.
    Св. Фаўстына цярпела, каб выпрасіць ласкі для душ грэшнікаў, вымаліць для іх вечнае збаўленне ў Небе. Манахіня запісала ў сваім “Дзённіку”: “Сёння я на працягу 7-мі гадзін насіла ланцужковы пояс, каб папрасіць аб ласцы раскаяння для гэтай душы; у сёмую гадзіну адчула палёгку, бо гэтая душа ва ўласным нутры спазнала прабачэнне, хаця яшчэ не спавядалася” (Дз. 1247–1248).
   
Кс. Віталій Сідорка
    Што датычыць сучаснага разумення і перажывання посту, я б не адважыўся сказаць, што ў Касцёле наступілі нейкія радыкальныя змены. Пост, як і многія стагоддзі таму, з’яўляецца дзейснай аскетычнай практыкай, што дапамагае хрысціяніну аднавіць сваю духоўнасць, ажывіць адносіны з Госпадам, а таксама звярнуць увагу на дапамогу бліжняму. З іншага ж боку, кожная эпоха і нават кожнае пакаленне вернікаў прыўносіць у касцёльную рэчаіснасць нешта сваё, адметнае. І мы таксама не выключэнне.
    Паспрабуем вылучыць некалькі “розніц” у перажыванні посту паміж намі і продкамі ў веры. Першая і, можа, найбольш распаўсюджаная – гэта абмежаванне ў ежы. Такая практыка вядома ўжо з часоў зараджэння хрысціянства. Варта ўсведамляць, што адмова ад некаторых няпосных страў католіку сярэднявечча каштавала нашмат больш, чым нам. У яго штодзённым рацыёне і так не часта прысутнічала мяса, не кажучы ўжо пра разнастайныя віды каўбас, кандытарскіх вырабаў і г. д.
    Другая рэч – залежнасць ад масавай культуры, перадусім індустрыі адпачынку. Адмова ад публічных забаў, фэстаў некалькі стагоддзяў таму была не такім цяжкім выпрабаваннем – іх і так было няшмат. Сучаснаму ж чалавеку часам вельмі складана адмовіцца падчас посту ад прагляду любімага серыяла ці тэлеперадачы, абмежаваць доступ у інтэрнэт ці праслухоўванне любімай музыкі.
    Трэцяя справа, практычна немагчымая для мінулага, – гэта канкурэнцыя посту з дыетай. Даступнасць таннай і каларыйнай ежы і злоўжыванне ёю прывяло да паўстання рознага роду методык і форм здаровага ладу жыцця. Тэндэнцыя атаясамлення аднаго з другім прыводзіць да неадпаведнага разумення таго, што такое пост. Часта гэты час ператвараецца ў яшчэ адну аказію, каб палепшыць сваю фізічную кандыцыю і пры нагодзе падрыхтавацца да летняга адпачынку.
    Варта разумець, пост – не толькі прычына, каб адмовіцца ад чагосьці ці абмежаваць сябе ў нечым, але каб прыглядзецца да сваёй хрысціянскай штодзённасці: да якасці сакраментальнага жыцця, да рэгулярнасці чытання Святога Пісання, рэлігійнай літаратуры і да т. п. Як у мінулыя часы, так і цяпер, пост з’яўляецца эфектыўным сродкам, які дазваляе чалавеку абудзіць сваю веру, навязаць больш блізкія адносіны з Панам. Гэта таксама добрая магчымасць, каб направіць “спаленыя масты” з іншым чалавекам праз прабачэнне, навязванне дыялогу, аказанне міласціны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.