ГРОДНА
Пятніца,
12 красавіка
2024 года
 

Бог звяртаецца да чалавека праз Біблію

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Ці любіш Ты атрымліваць лісты або паведамленні? Сёння я хачу распавесці пра ліст, які для мяне і для кожнага чалавека напісаў самы дарагі на свеце Айцец – Пан Бог. Гэты цудоўны ліст называецца Святое Пісанне, або таксама Біблія.
Біблія з’яўляецца святой кнігай, таму што яе аўтар – сам Бог. Але Ён выбраў яшчэ аўтараў-людзей, якія пад натхненнем Святога Духа запісалі словы Усемагутнага. У Бібліі Бог паступова адкрываецца чалавеку, паказвае яму сваю вялікую любоў і крок за крокам вядзе да сябе. З аднаго боку, Святое Пісанне адрасавана ўсім людзям, якія жывуць на зямлі, а з іншага – скіравана кожнаму з нас асабіста. Гэта Божае Адкрыццё, якое з’яўляецца асноўнай крыніцай веры. Усе, хто чытае або слухае Божае слова, маюць жывы кантакт з Панам.
Святое Пісанне мы можам назваць Божай бібліятэкай. Яна ўтрымлівае 73 кнігі і складаецца з 2-юх частак: Старога Запавету і Новага Запавету. Слова “запавет” азначае дамову, якая пацвярджае саюз Бога з людзьмі. Стары Запавет утрымлівае 46 кніг, якія апавядаюць аб людзях і падзеях да нараджэння Езуса Хрыста: пра стварэнне свету і чалавека, пра першародны грэх, пра пакліканне і гісторыю выбранага народа, пра запавет на гары Сінай, пра прароцтва аб прыйсці нашага Збаўцы, Езуса Хрыста. Новы Запавет складаецца з 27-мі кніг, якія апавядаюць аб жыцці і дзейнасці Езуса Хрыста, Яго апосталаў і пра заснаваны Ім Касцёл.
    Біблія з’яўляецца самай важнай і галоўнай кнігай у свеце, таму яе называюць Кнігай кніг. Калі чалавек уважліва чытае яе і хоча перамяніцца, каб жыць паводле праўды Божай, яна дапаможа. Менавіта аб гэтым, дарагі Маленькі Чытач, будзе сённяшняе апавяданне італьянскага святара Бруна Фэрэра “Замураваная Біблія”.
   
    10 мая 1861 года пажар знішчыў горад Гларыс у Швейцарыі: згарэлі 490 дамоў. Жыхары вырашылі адбудаваць свой горад.
    У адну са шматлікіх майстэрняў, якія тады паўсталі, прыбыў малады муляр з паўночнай Італіі. Звалі яго Ян. Юнак павінен быў даследаваць стан пашкоджанага муру. Калі пачаў удараць малатком, адваліўся кавалак тынку. І ён убачыў кнігу, якая знаходзілася на месцы адной цэглы. Тоўсты том такім чынам замуравалі. Ян з зацікаўленасцю выцягнуў кнігу. Гэта аказалася Святое Пісанне.
    Малады муляр ніколі асаблівым чынам не цікавіўся рэлігіяй, але падчас абедзеннага перапынку пачаў чытаць кнігу. Працягнуў потым чытаць вечарам дома… і так падчас шматлікіх далейшых вечароў. Паволі адкрываў словы, якія Бог скіраваў да людзей.
    Праз два гады прадпрыемства, на якім працаваў Ян, перанеслі ў Італію. Майстэрні былі вельмі вялікімі, а працаўнікі жылі супольна ў некалькіх пакоях. Аднойчы вечарам сусед Яна з цікавасцю назіраў за хлопцам, які ўважліва чытаў сваё Святое Пісанне.
    – Што чытаеш? – спытаўся.
    – Святое Пісанне, – спакойна адказаў той.
    – Хм! Як ты можаш верыць ва ўсю гэтую хлусню? – з насмешкай сказаў сусед. – Падумай толькі, што я аднойчы замураваў адну Біблію ў сцяне дома ў Швейцарыі. Цікава мне, ці які д’ябал альбо хтосьці замест яго выдаўбіў яе адтуль?
    Ян падняў галаву і паглядзеў у вочы калегі:
    – А калі б я паказаў табе менавіта тую Біблію?
    – Пазнаў бы, бо пазначыў яе спецыяльна, – адказаў.
    Ян падаў калегу том, які трымаў у руцэ:
    – Ці пазнаеш тут свой знак?
    Калега ўзяў у рукі кнігу і ў здзіўленні змоўк. Гэта была менавіта тая Біблія, якую ён замураваў у Швейцарыі, кажучы тады сябрам: “Хацеў бы паглядзець, ці выберашся адсюль!”. Ян усміхнуўся:
    – Як бачыш, вярнулася да цябе!
   
    Вось так, дарагі Маленькі Чытач, Біблія можа паўплываць на жыццё чалавека, таму яна павінна быць у кожнай сям’і і займаць ганаровае месца ў доме. Святое Пісанне трэба чытаць і звяртацца да яго за парадай. Перад чытаннем Божага слова варта запаліць свечку і папрасіць Святога Духа, каб асвятліў розум і дапамог зразумець, што Бог хоча сказаць у дадзены момант.
    Бягучы год у нашым Касцёле аб’яўлены Сусветным годам Бібліі. Таму і я заклікаю Цябе, Маленькі Чытач, часта карыстацца гэтай цудоўнай кнігай і з яе чэрпаць мудрасць.
   
    Заданне: раскажы сваім сябрам пра Біблію; выбяры дзень і час, калі будзеш чытаць і разважаць Божае слова, і папрасі дарослых, каб дапамаглі Табе ў гэтым.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.