ГРОДНА
Пятніца,
14 лютага 2025 года |
Святая Кніга

Адпаведны дакумент Святы Айцец падпісаў у дзень літургічнага ўспаміну смерці св. Гераніма – вялікага перакладчыка Бібліі на зразумелую простым людзям мову.
Пра сутнасць Нядзелі Божага слова і каштоўнасць кнігі Святога Пісання ў інтэрв’ю для “Слова Жыцця” распавядае кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнай тэалогіі і выкладчык Святога Пісання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. †
– Кс. Аляксандр, у чым сэнс Нядзелі Божага слова? На які плён разлічана ініцыятыва Святога Айца?
– Папа Францішак у апостальскім пасланні ў форме motu proprio “Aperuit illis” падкрэслівае, што ўстанаўленне Нядзелі Божага слова мае на мэце прыгадаць праўду пра тое, што Бог у сваёй бясконцай любові вядзе са сваім людам нястомны дыялог. Гэты дыялог адбываецца праз Святое Пісанне, якое Пантыфік называе скарбніцай, што змяшчае ў сабе невычэрпныя духоўныя багацці. Урачыстая цэлебрацыя Нядзелі Божага слова мае быць выразам нашай удзячнасці Пану Богу за такі цудоўны дар. Акрамя таго, адзначэнне нядзелі, прысвечанай Божаму слову, павінна заахвоціць нас да штораз глыбейшага ўключэння ў поўны любові дыялог з Богам праз частае, а лепш за ўсё рэгулярнае чытанне Святога Пісання, разважанне яго зместу і кіраванне ім у паўсядзённым жыцці.
Варта заўважыць, што ўзгаданы папскі дакумент не ўсталёўвае нейкіх канкрэтных літургічных норм ці абрадаў, звязаных з цэлебрацыяй Нядзелі Божага слова, але заахвочвае кожную супольнасць у Касцёле перажываць гэты дзень урачыста і знайсці такую форму святкавання, якая б выразна падкрэсліла значэнне Бібліі ў жыцці Касцёла і ўказала вернікам вартасць як асабістага, так і супольнаснага чытання Божага слова.
– Папа Францішак адзначыў, што цэлебрацыя Нядзелі Божага слова носіць экуменічны характар. Якім чынам гэта павінна дапамагчы ўмацаваць сувязь паміж рэлігіямі?
– Безумоўна, Нядзеля Божага слова выдатна ўпісваецца ў кантэкст студзеня – месяца, падчас якога стараемся ўмацаваць нашу духоўную сувязь з вызнаўцамі іудаізму і молімся аб еднасці хрысціян. Святы Айцец Францішак падкрэслівае, што выбар менавіта гэтага перыяду літургічнага года не быў выпадковасцю.
Верым, што Пан Бог скіраваў сваё Слова найперш выбранаму народу – люду Ізраэля. Тое, што мы, хрысціяне, называем Старым Запаветам, з’яўляецца Бібліяй яўрэйскага народу, якую мы “атрымалі ў спадчыну” ад сваіх старэйшых братоў у веры. Чытаючы Стары Запавет, даведваемся аб тым, як Пан Бог аб’яўляў сябе сынам Ізраэля, як нястомна ўваходзіў з імі ў дыялог любові, прамаўляючы да свайго люду рознымі спосабамі: як праз словы прарокаў і натхнёных біблійных аўтараў, так і праз канкрэтныя гістарычныя падзеі, у якіх народ Ізраэля бачыў рэалізацыю збаўчых Божых планаў. Чым глыбей як хрысціяне пазнаём Стары Запавет, тым лепш разумеем, якая моцная сувязь яднае нас з вызнаўцамі іудаізму: вера Ізраэля і яго гісторыя – частка супольнай гісторыі збаўлення.
У святле хрысціянскай веры Божае аб’яўленне дасягнула сваёй паўнаты ў Асобе Езуса Хрыста – уцелаўлёнага Божага слова. Як чытаем у Пасланні да Габрэяў, “шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына” (Гбр 1, 1–2а). Усе хрысціянскія канфесіі прызнаюць Біблію крыніцай Божага аб’яўлення і вераць, што ўсё Святое Пісанне – як Стары, так і Новы Запавет – сведчыць аб Хрысце: пазнаванне Бібліі набліжае чалавека да Божага Сына і робіць магчымай асабістую сустрэчу з Ім. Таму паслядоўнікі Хрыста незалежна ад канфесіі, да якой належаць, не толькі глыбока паважаюць Святое Пісанне, але і імкнуцца рэгулярна чытаць і лепш пазнаваць Божае слова, каб магчы рэалізаваць яго ў сваім жыцці. Чым больш мы наблізімся да Хрыста, тым лепш пазнаем Яго, чым больш любові да Яго будзем мець у сваіх сэрцах, тым лягчэй нам будзе пераадольваць доўгі і цяжкі шлях да еднасці.
– У пратэстантаў і яўрэяў Біблія мае вельмі вялікае значэнне – штодня сягаюць да яе тэкстаў. Як прывіць гэтую звычку многім католікам?
– На жаль, у сувязі з рознымі гістарычнымі ўмовамі, і не толькі, Каталіцкі Касцёл не заўсёды дастаткова клапаціўся аб тым, каб пасяліць у сэрцах сваіх вернікаў любоў да Святога Пісання і імкненне да частага асабістага яго чытання. У гэтым плане можна шмат чаму навучыцца ў прадстаўнікоў іудаізму ці ў братоў пратэстантаў.
На шчасце, Каталіцкі Касцёл “даганяе”, асабліва пачынаючы з перыяду пасля ІІ Ватыканскага Сабору, вынікамі якога сталі, між іншым, вялікі рух біблійнага аднаўлення, паглыбленне важнасці Святога Пісання ў літургіі, катэхезе, у агульным і спецыялізаваным душпастырстве, а таксама ў іншых сферах жыцця Касцёла. У паслясаборны час нарадзілася шмат каштоўных душпастырскіх ініцыятыў, накіраваных на зацікаўленне вернікаў Бібліяй і палягчэнне вывучэння гэтай унікальнай Кнігі.
Варта адзначыць, што ў мясцовай рэчаіснасці гэты працэс пачаўся са значным спазненнем, таму што фактычна да пачатку 1990-ых гадоў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза немагчыма было набыць экземпляр Бібліі, а душпастырская дзейнасць Касцёла, асабліва ў катэхетычна-адукацыйным аспекце, была значна абмежаваная. Такім чынам, у адрозненне ад заходніх краін, у нашым кантэксце толькі ў апошнім дзесяцігоддзі XX стагоддзя сапраўды ўзніклі ўмовы, якія дазвалялі асабістае і супольнаснае вывучэнне Святога Пісання. Гэта, безумоўна, не азначае, што католікі да нядаўняга часу не ведалі Божага слова. Удзел у св. Імшы і іншых літургічных набажэнствах, падрыхтоўка да першых сакрамантаў, рэлігійнае выхаванне ў сям’і – усё гэта прыводзіла да таго, што самыя важныя моманты Бібліі былі вернікам вядомыя. Аднак абуджэнне ў людзей жадання асабістага чытання Божага слова па-ранейшаму застаецца вельмі важнай праблемай для ўсёй супольнасці Касцёла: не толькі для святароў, кансэкраваных асоб, катэхетаў, кіраўнікоў рэлігійных груп і рухаў, але і для тых вернікаў, якія ўжо адкрылі для сябе багацце і прыгажосць чытання Бібліі і якія цяпер, дзелячыся сведчаннем веры, могуць заахвоціць іншых (напрыклад, членаў уласнай сям’і, знаёмых, сяброў, калег) звярнуцца да Святога Пісання.
– Як спалучыць тое, што Біблія з’яўляецца Божым словам, але напісана людзьмі? Што азначае натхнёнасць яе тэкстаў?
– Біблійнае натхненне – адна з самых складаных тэалагічных праблем. Не ўнікаючы ў падрабязнасці і значна спрашчаючы, паняцце натхнення можна прадставіць наступным чынам: каб напісаць Біблію, Бог выкарыстаў людзей, якіх сам абраў і заклікаў да гэтай задачы, і адначасова так паўплываў на іх розум і волю, што яны верна і без памылак перадалі ўсё, што Ён хацеў адкрыць чалавецтву.
Тое, што Святое Пісанне – гэта натхнёная Кніга, азначае, што Усемагутны пэўным чынам “прынізіўся” да ўзроўню чалавека, скіроўваючы да яго сваё Божае слова ў выглядзе слова чалавечага. Тут можна ўбачыць аналогію з таямніцай Уцелаўлення, у якой Божы Сын прынізіў сябе і прыняў чалавечую натуру. Развіваючы гэтую думку, можам зрабіць выснову, што гэтак жа, як Езус Хрыстус стаў падобным да чалавека ва ўсім, акрамя граху, так і Божае слова падобна на слова чалавечае ва ўсім, акрамя памылкі. Аднак тут варта ўдакладніць: Святое Пісанне не ўтрымлівае памылак у пытаннях, якія непасрэдна звязаны з нашым збаўленнем. Таму не трэба здзіўляцца, калі ў Святым Пісанні знойдзем некаторыя гістарычныя, геаграфічныя і прыродныя недакладнасці. Гэта цалкам натуральна: Біблія была напісана натхнёнымі аўтарамі, якія мелі звычайныя чалавечыя абмежаванні. Аднак вера кажа нам, што Святы Дух “паклапаціўся”, каб у пытаннях збаўлення Святое Пісанне не ўтрымлівала нават найменшай памылкі. Таму разам з псалмістам можам хваліць Бога і дзякаваць Яму за такі цудоўны дар, якім з’яўляецца Біблія: “Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі” (Пс 119 (118), 105).
– Чым з’яўляецца практыка веры без звароту да тэкстаў Святога Пісання? Ці мае шанс на развіццё?
– Ва ўзгаданым ужо апостальскім паслані “Aperuit illis” папа Францішак цытуе вядомае выказванне св. Гераніма, доктара Касцёла (IV-V стагоддзе): “Няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”. Зразумела, мы ўсе ў пэўнай ступені знаёмімся са Святым Пісаннем, нават прымаючы ўдзел у св. Імшы, слухаючы пропаведзі, удзельнічаючы ў традыцыйных набажэнствах і нават молячыся, таму што ўсе малітвы ў пэўнай ступені натхнёныя біблійным зместам. Думаю, цяжка было б знайсці католіка, які б зусім не кантактаваў з Божым словам.
І ўсё ж, глыбіня і інтэнсіўнасць нашага духоўнага жыцця могуць быць рознымі. І калі сапраўды хочам, каб наша вера не была слабой і павярхоўнай, а станавілася мацнейшай і больш пэўнай, калі прагнем узбагаціць сваё духоўнае жыццё, усталяваць больш цесныя адносіны з Богам, даведацца, чаму верым так, а не інакш, адкуль бяруцца і на чым грунтуюцца праўды вызнаваемай намі веры – абавязкова трэба часта, а лепш за ўсё штодзённа чытаць Святое Пісанне.
У казанні, прамоўленым у першую Нядзелю Божага слова, Святы Айцец сказаў: “Нам патрэбна Яго Слова: слухаць сярод тысяч слоў кожны дзень тое адно Слова, якое гаворыць не пра рэчы, але распавядае пра жыццё. Дарагія браты і сёстры, давайце падрыхтуем у сабе месца для Божага слова! Давайце кожны дзень чытаць некалькі радкоў з Бібліі. Пачнём з Евангелля: будзем трымаць яго адкрытым на тумбачцы дома, насіць з сабой у кішэні ці сумцы, адкрываць на мабільных тэлефонах – дазволім яму натхняць нас кожны дзень. Тады ўбачым, што Бог побач з намі, што Ён асвятляе цемру і з любоўю вядзе наша жыццё на глыбіню”. Няхай гэтае заахвочванне Святога Айца ўпадзе на ўрадлівую глебу чалавечых сэрцаў ва ўсім свеце!
Як правільна чытаць Святое Пісанне? Ці можам інтэрпрэтаваць Божае слова даслоўна? Працяг інтэрв’ю чытайце ў наступным нумары.

|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 321 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.