ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Радасць бескарыслівага служэння

З жыцця Касцёла

У апошні час валанцёрскі рух набірае абароты. Гэта звязана з тым,  што яго сталі актыўна прапагандаваць, а таксама папулярызаваць рознага роду добраахвотніцкую дзейнасць11 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых. Гэта асаблівая нагода, каб узмацніць салідарнасць з тымі, хто пакутуе і чакае дапамогі, а таксама каб прыгадаць дзейнасць людзей, якія сталі міласэрнымі самаранінамі для бліжніх.
Аб тым, чаму час, праведзены з хворым, – святы час, у чым сутнасць валанцёрства і як можна падтрымаць церпячых, разважаем разам з с. Аляксандрай Арэшка з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

   Шлях да валанцёрства
    С. Аляксандра Арэшка CSFN дапамагае ў якасці валанцёра цяжкахворым у хоспісе для дарослых. Дзейнасць на карысць тых, каго ўжо нельга вылечыць, хто знаходзіцца ў самай апошняй, тэрмінальнай стадыі хваробы, стала неад’емнай часткай жыцця манахіні з 2018 года. Нягледзячы на тое, што ўжо была паклікана на службу Богу і людзям, мела асабістыя абавязкі ў супольнасці, яе не пакідала жаданне знайсці “пакліканне ў пакліканні”, каб рэалізаваць сябе на ўсе сто адсоткаў. У сувязі з гэтым было шмат пошукаў і спроб, але сястра адчувала, што “ўсё не тое”.
    “Аднойчы ў сацыяльных сетках я ўбачыла аб’яву наступнага зместу: «Цэнтр Дапамогі Жыццю» запрашае творчых людзей, якія займаюцца рукадзеллем, прыняць удзел у дабрачынным кірмашы на карысць пацыентаў хоспіса». А паколькі ў вольны час я майстравала паштоўкі, то з радасцю прапанавала свае вырабы, – распавядае с. Аляксандра. – Калі кірмаш скончыўся, мне патэлефанавалі супрацоўнікі цэнтра, каб падзякаваць, а я ў сваю чаргу запыталася, ці магу яшчэ чым-небудзь дапамагчы. У выніку была запрошана на сустрэчу, дзе пазнаёмілася з дзейнасцю першай у Беларусі ўстановы, якая бясплатна аказвае комплексную дапамогу невылечна хворым людзям. У той жа дзень я напісала заяву з просьбай прыняць мяне ў валанцёры”.
   
Сусветны дзень хворых адзначаецца 11 лютага не выпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1858 годзе адбылося першае аб’яўленне Маці Божай у Лурдзе (Францыя). Такім чынам, духоўным натхненнем для хворых і іх апекуноў з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Менавіта таму галоўныя ўрачыстасці па чарзе, раз на 2-3 гады, адбываюцца ў марыйных санктуарыях свету.

    Ахінаць сваёй апекай штодня
    Валанцёр – гэта чалавек, які аддае свой час, сілы, любоў і дабрыню людзям, не патрабуючы нічога ўзаменМанахіня ўзгадвае, што першы дзень у хоспісе быў вельмі хвалюючым. Яна ўважліва назірала за вопытнымі валанцёрамі, вучылася, як правільна сябе паводзіць з пацыентамі, як пачынаць і падтрымліваць з імі размову. “Я на свае вочы ўбачыла, што тут нясуць сваё служэнне людзі, якія валодаюць, перш за ўсё, памяркоўнасцю, міласэрнасцю, паважлівым стаўленнем да хворага і, што немалаважна, адсутнасцю пачуцця гідлівасці, – дзеліцца манахіня. – Таксама я зразумела, што кожны чалавек, які прыходзіць у хоспіс у якасці валанцёра, павінен мець вялікае сэрца; што ў працэсе зносін з цяжкахворай асобай і яе блізкімі валанцёру давядзецца мяняць ролі: у нейкіх пытаннях быць памочнікам, у нейкіх – партнёрам, у нейкіх – сябрам ці проста чалавекам, які прысвяціў час, падзяліўся сваім цяплом, пабыў побач”.
    З цягам часу с. Аляксандра атрымала неабходныя навыкі і распачала сваё служэнне ў хоспісе: стала абмываць хворых, стрыгчы ім пазногці, мяняць бялізну, а таксама цешыць слодычамі і гарбатай, прапануючы “Вазок радасці”.
    “У хоспісе ўрачы, медсёстры і валанцёры ўсімі магчымымі спосабамі імкнуцца забяспечыць лепшую якасць жыцця невылечна хворым, паколькі кожны чалавек мае права правесці апошнія дні жыцця так, каб не было балюча і самотна, а значыць, не было страшна. Таму нароўні з медыцынскімі працэдурамі і абязбольваннем – канцэрты, прысмакі, утульная атмасфера, даверлівыя зносіны, суперажыванне і абмеркаванне хвалюючых тэм. Няважна, колькі засталося – год, месяц ці нават тыдзень. Галоўнае, каб сённяшні дзень чалавек пражыў якасна, у эмацыянальным дабрабыце, – падкрэслівае суразмоўца. – Як праходзіць побыт пацыента хоспіса? Ён у асноўным ляжыць у палаце. І калі побач ёсць той, з кім можна пагаварыць, які прынясе не шпітальную ежу, няхай нават самую смачную, а, напрыклад, кавалак пірага ці духмяны яблык, гэта зробіць хворага хоць крыху больш шчаслівым у дадзены момант”.
    С. Аляксандра звяртае ўвагу на тое, што вакол хоспісаў вельмі шмат міфаў. Адзін з іх пераконвае, што хоспіс – дом смерці. А гэта далёка не так! Наадварот, невылечна хворых людзей тут “вяртаюць” да жыцця, у якім няма болю, трывогі і адзіноты. Таксама многія лічаць, што адправіць блізкага чалавека ў хоспіс – здрада. Як яму потым глядзець у вочы? “На самой жа справе сорамна не аказаць належную дапамогу, калі чалавек ляжыць дома і пакутуе ад болю, – падкрэслівае манахіня. – У хоспісы не «здаюць». Іх выбіраюць самі хворыя ці іх родныя як самае аптымальнае рашэнне, калі патрэбную дапамогу па нейкіх прычынах не могуць аказаць у хатніх умовах: калі чалавек самотны альбо калі яму патрэбна пэўнае медыцынскае абсталяванне ці спецыяльны догляд, які сваякі не ў стане забяспечыць. Варта падкрэсліць, што выбар на карысць хоспіса не азначае, што ад чалавека адмовіліся, паколькі родныя ў любы час могуць яго наведаць”.
   
    Выпрабаванне для душы і веры
    С. Аляксандра дапамагае пацыенту хоспіса ў выкананні гігіенічных працэдурЯк адзначыў у пасланні на XXIV Сусветны дзень хворых папа Францішак, людзі, якія пакутуюць ад цяжкай хваробы, часта схільныя да таго, каб у глыбіні душы задаваць сабе пытанні: “Чаму гэта здарылася менавіта са мной? Чаму Бог пасылае мне такія выпрабаванні?”. Некаторыя з іх, адоленыя пачуццём нeсправядлівасці, упадаюць у адчай, думаюць, што ўсё страчана. Іншыя ж наадварот – пакутуюць, але разам з тым выказваюць згоду з воляй Божай. Вера служыць ім крыніцай суцяшэння: яна не знішчае хваробу, але дае ключ, з дапамогай якога чалавек можа адкрыць для сябе больш глыбокі сэнс пакуты, убачыць, што яна набліжае да Езуса, які ідзе побач.
    “У маю памяць урэзаўся адзін дзень, калі стала сведкам адыходу пацыента хоспіса ў іншы свет, – узгадвае манахіня. – Я дапамагала хвораму выконваць гігіенічныя працэдуры, як раптам пачула з суседняй палаты жаночы лямант: “Дапамажыце! Памаліцеся!”. Хуценька прыбегла на голас, стала каля ложка хворай і пачала чытаць малітву “Вітай, Марыя”. Ужо праз некалі секунд нямоглая знайшла ў сабе апошнія сілы, прыпаднялася на локцях і пачала голасна маліцца: «Веру ў Бога...», – а я ў той момант гладзіла яе па галаве. Напрыканцы малітвы жанчына стала спакойнай, пасля паклала галаву на падушку і заснула, а ўжо праз пару гадзін адышла да Госпада. Гэтая гісторыя выразна паказвае, што чалавек у час цярпення мае вялікую патрэбу ў Божай падтрымцы”.
    С. Аляксандра падкрэслівае, што час, праведзены з хворымі, дапамог ёй асэнсаваць шмат рэчаў. Манахіня гаворыць, што хоспіс – гэта, магчыма, адзінае месца, дзе час цэніцца, дзе жыццё ўспрымаецца як каштоўнасць, незалежна ад працягласці. Штодня яна становіцца сведкай момантаў, калі такія дробязі, як прамень сонца праз хмары, шчабятанне птушак ці свежая духмяная гарбата, на якія мала хто звяртае ўвагу ў паўсядзённасці, адчуваюцца як сапраўднае шчасце.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.