ГРОДНА
Аўторак,
31 студзеня
2023 года
 

III ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Мц 4, 12–23
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія. Так збылося сказанае прарокам Ісаям, які кажа: “Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Іярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло”. З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім. Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.

Езус – шлях навяртання
   Кожнаму чалавеку неабходна навяртанне. Навярнуцца – значыць распачаць жыццё нанова, разам з Богам, згодна з Яго воляй. Навернуты – гэта той, хто даручыў Пану назаўсёды не толькі ўсё, што мае, але і ўсяго сябе; гэта той, хто паставіў Збаўцу на першае месца і аддана стараецца дасягнуць святасці. Справа датычыць і выпраўлення ад лёгкіх грахоў, штодзённых слабасцей, якія абцяжарваюць на шляху ў Божае Валадарства. Каб наблізіцца да Усемагутнага і перамяніць сваё жыццё, трэба заўважыць Езуса, які праходзіць побач, і пачуць Яго прапанову: “Ідзіце за Мной!” (Мц 4, 19). Так Хрыстос указвае нам шлях навяртання. Праз гэты заклік Бог працягвае чалавеку дапаможную далонь. Хто рашаецца пайсці за Ім, павінен пакінуць усё, разбурыць сцены, якія аддзяляюць ад Бога, адкінуць грэх і тое, што да яго вядзе.
    Езус кожнага з нас запрашае прыняць мужнае рашэнне аб навяртанні. Не трэба баяцца! Пан лечыць любыя хваробы і слабасці, а таксама ўздымае на духу ўсіх, хто прагне перамяніцца і крочыць Яго шляхам.
● Ці гатовы я стаць на дарогу ачышчэння?
● Якія маю адносіны з Богам?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  335

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.