ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Усведамляючы атрыманую ласку

З жыцця Касцёла

З першых дзён жыцця Касцёл дае кожнаму магчымасць праз сакрамант хросту стаць членам яго супольнасці. Карыстаючыся гэтым правам, бацькі нясуць немаўлят у святыні. Разам з тым, здараюцца выпадкі, калі чалавек па незалежных ад яго абставінах прымае хрост будучы ўжо дарослай асабой. Такім чынам, у адрозненні ад нованароджанага ён цалкам усведамляе, што адбываецца падчас хрышчэння, і можа захаваць у памяці перажыванні гэтага ўзнёслага моманту – “афіцыйнага” прыйсця Хрыста ў яго сэрца. Пра шлях да рашэння пахрысціцца, уражанні падчас прыняцця хросту і тое, як сакрамант паўплываў на далейшае жыццё, распавядае новы член вялікай сям’і Касцёла Станіслаў Дзянісаў.
Бог дзейнічае знянацку
    Сакрамант хросту я прыняў, маючы амаль 30 гадоў. Як вядома, Хрыстос у гэтым узросце ўжо актыўна прапаведаваў, а я толькі даведаўся пра Яго існаванне. Гледзячы з перспектывы часу, разумею, што з’яўленне ў маім жыцці Езуса – гэта не вынік чарады здарэнняў, але цалкам Божая воля.
Я нарадзіўся ў няверуючай сям’і. Сярод нас быў толькі адзін ахрышчаны чалавек. Ад астатніх ён адрозніваўся толькі тым, што насіў крыжык на залатым ланцужку. Таму прыкладу веры я не бачыў, і маім духоўным выхаваннем ніхто не займаўся. Пераломным момантам стаў будзённы выпадак.
    Неяк мне давялося працаваць на будоўлі з адным руплівым пратэстантам. Не сакрэт, што ад будаўнікоў можна часам пачуць шмат праклёнаў, што ляцяць у бок адзін аднаго –вымагае спецыфіка прафесіі. Чуючы гэта, ён гаварыў, што калі не навярнуцца, можна трапіць у пекла. Хоць я лічыў таварыша рэлігійным фанатыкам, ягоныя словы мяне чамусьці зачапілі. Жахлівы сэнс пасыла гэтага чалавека стаў штуршком, які прымусіў пачаць думаць пра Бога. А што, калі Ён ёсць?..
   
    Кароткім шляхам да Айца
    Ува мне нарадзілася нечаканае жаданне пахрысціцца. Хоць цяпер разумею гэта інакш: Бог захацеў, каб я прыйшоў да Яго. Пачаў разведваць, як гэта зрабіць. Найперш накіраваўся ў адзін з гродзенскіх касцёлаў па месцы пражывання. Аднак застаць там святара было складана: чалавек разрываўся паміж дзвюма парафіямі. У выніку апынуўся ў айцоў францысканцаў.
    Адзін з іх пачаў рыхтаваць мяне да прыняцця сакраманту: распавядаў пра таямніцы веры, знаёміў з асновамі хрысціянскага жыцця. Ён жа знайшоў хросных бацькоў, бо самому мне складана было абраць кагосьці са свайго атачэння. Пазнаёміліся мы за 15 хвілін да цырымоніі – я ледзь запомніў іх імёны. Гэта было маладое сужэнства. Памятаю, яшчэ падумаў: унікальны выпадак атрымаецца, бацькі малодшыя за сына.
    Тое, што мы не ведалі адзін аднаго і мелі пэўную розніцу ва ўзросце, не перашкодзіла ў далейшых зносінах. Хросныя прывялі мяне на евангелізацыйны курс, дзе блізка пазнаў Бога і радасць быцця побач з Ім. Яны і надалей заўсёды гатовыя дапамагчы і падказаць, калі гэта неабходна. Адказныя хросныя – вялікая справа. Дзякуй Богу за іх!
   
    Выгадная здзелка
    Перад прыняццем хросту я меў звычайныя перажыванні чалавека, які рыхтуецца да чагосьці новага і важнага ў сваім жыцці. Разважаў пра тое, на што гэта будзе падобна. І ў мяне ўзнікла трывалая асацыяцыя – дагавор. Я нібы збіраўся падпісаць дамову з Богам, сведчачы, што разумею свае правы і абавязкі і абяцаю іх прытрымлівацца.
    Чарговай думкай было тое, што пасля прыняцця сакраманту хросту былое жыццё застанецца ў мінулым, а пачнецца новае. На той момант я ўжо ведаў, як павінна выглядаць штодзённасць хрысціяніна, і збіраўся да яе імкнуцца. Не схлушу, калі скажу, што ўжо станоўча адказваючы на пытанне святара, ці адракаюся ад зла, адчуваў, як перараджаюся.
    Сёння магу сцвердзіць: пасля адкрыцця сэрца на Хрыста я сапраўды змяніўся. З’явілася жаданне быць карысным людзям. Я знайшоў асяроддзе, дзе адшукаў самога сябе. Большасць вольнага часу праводжу ў пабрыгіцкім касцёле. Наведваю тэматычныя сустрэчы (напрыклад, біблійныя), рэалізую свае музычныя і будаўнічыя навыкі, удзельнічаю ў дабрачынных акцыях. Галоўнае – усё, што цяпер раблю, прыносіць мне вялікае задавальненне.
    Калі першапачаткова я нават не ведаў дарогі ў касцёл, то цяпер штодзённа імкнуся туды. Не ўяўляю свайго жыцця без святыні, вернікаў і малітвы. Разам з тым, разумею, што стаю толькі на пачатку шляху і мне яшчэ шмат давядзецца спазнаць. Спадзяюся, што з Божай дапамогай стану прыкладам для такіх людзей, сярод якіх сам быў раней.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.