ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Праўдзівая гісторыя пра св. Мікалая

Дзіцячы куточак

Гэта было даўно. У пэўным горадзе жыла багатая сямейная пара, якая не мела дзяцей. Яна доўга і аддана малілася аб дары патомства. Нарэшце Бог выслухаў гарачую просьбу сужэнцаў, і ў іх нарадзіўся сын, якому надалі імя Мікалай.
    Хлопец падрастаў добрым і ветлівым. Аднойчы ён выбраўся на пікнік. Па дарозе сустрэў двух дзяцей: яны былі сумнымі і галоднымі. Мікалай вырашыў пачаставаць малых сваімі бутэрбродамі, але напалоханыя дзеці ўцяклі. Тады хлопец скеміў падкінуць ім ежу. Паставіў кошык на парогу хаткі і схаваўся ў кустах. Калі ўбачыў, з якім задавальненнем дзеці ўпляталі бутэрброды, адчуў вялікую радасць. З таго часу беднякі пачалі расказваць адзін аднаму пра анёла, які прыносіць ежу. Аднак ніхто яго не бачыў.
Мікалай вырас мудрым маладым чалавекам. Пасля смерці бацькоў ён пастанавіў адправіцца да свайго дзядзькі, які быў біскупам Міры. Прадаўшы амаль усю маёмасць, Мікалай раздаў грошы патрабуючым. Пакінуў сабе толькі на падарожжа. Аднак дабраўшыся на месца, даведаўся, што дзядзька памёр.
    Жыхары Міры мусілі выбраць новага біскупа, але не маглі дамовіцца паміж сабою. Таму вырашылі аддаць справу Божаму Провіду. “Няхай біскупам стане той, хто першым увойдзе ў святыню”, – сказаў хтосьці з жыхароў. Калі раніцай людзі накіраваліся ў касцёл, засталі там Мікалая, які маліўся. Яму і было прапанавана ўзначаліць мясцовую супольнасць. Маладзён прыняў гэтую годнасць і гонар, але адначасова і вялікую адказнасць.
    З часам ён вельмі палюбіўся вернікам за сваю працавітасць і міласэрнасць.
    Памятаючы радасць убогіх, якім дапамагаў, малады чалавек працягваў падкідваць бедным тое, чаго патрабавалі. Людзі зноў загаварылі пра добрага анёла. Адна дзяўчынка моцна захацела ўбачыць чароўную істоту. Яе малітву ў касцёле пачуў біскуп Мікалай. Калі спытаўся, аб чым просіць анёла, тая адказала: “Ой, гэта такая дробязь. Не ведаю, ці магу турбаваць гэтым… Мне хацелася б мець хаця б адну цацку. Ніколі не мела ніводнай”. На што ён усміхнуўся і кіўнуў галавой.
    Вечарам перад сном дзяўчынка марыла аб тым, каб убачыць анёла, які прынясе ёй ляльку. Схапілася пасярод ночы, бо пачула нейкі шум. Убачыла, што нешта ўпала ў пакой праз фортку. Падбегла да акна і заўважыла за шыбай постаць у плашчы і капюшоне, якая хутка аддалялася. Дзяўчынка саскочыла на зямлю і басанож пабегла за таямнічай асобай. Хутка аказалася перад касцёлам. Постаць знікла ўнутры. Дзяўчынка заўважыла на зямлі гузік і падняла яго. Вырашыла пакінуць сабе як напамін аб гэтым здарэнні.
    На наступны дзень дзяўчынка накіравалася ў святыню, каб падзякаваць Богу за атрыманы падарунак. Мела з сабой новую ляльку і знойдзены гузік. Якраз тады міма праходзіў біскуп Мікалай. Дзяўчынка заўважыла, што на яго ўборы не хапае гузіка.
    – Ой, біскуп! У мяне твой гузік! – усклікнула ўзбуджана. – Гэта ты…
    – Чшш! Не кажы нікому. Гэта будзе наша таямніца, – перабіў яе біскуп Мікалай.
    Дзяўчынка згодна кіўнула.
    Пасля многіх гадоў сваёй дзейнасці – як публічнай, так і ўтоенай, у якасці ціхага дабрачынца і апекуна ўбогіх – біскуп Мікалай памёр. Людзі яшчэ доўга ўзгадвалі пра яго добрае сэрца, сціпласць і чуллівасць. Ні ў каго не было сумненняў, што біскуп Мікалай быў святым чалавекам.
    Мінулі сотні гадоў, а 6 снежня, у гадавіну яго смерці, дзеці і дарослыя і надалей знаходзяць дробныя падарункі, якія вельмі цешаць. Існуе павер’е, што іх прыносіць усё той жа добры анёл…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.