ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Што такое духоўная Камунія?

Задай пытанне

Праз сваю бязмежную любоў Пан Езус назаўсёды застаўся сярод нас у Эўхарыстыі і прагне, каб кожны прымаў Яго як спажытак, што дае вечнае жыццё. Ахвярны характар сакраманту раскрываецца ў саміх словах устанаўлення: “Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана” і “Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта” (Лк 22, 19–20). Ахвяра крыжа і ахвяра Эўхарыстыі – гэта адна ахвяра. Адным з’яўляюцца ахвяра і ахвярадаўца, адрозніваюцца толькі спосабы ахвярапрынашэння: крывавы – на крыжы, некрывавы – у Эўхарыстыі.
    Аднак удзел у Найсвяцейшай Ахвяры не заўсёды магчымы. Прычынамі могуць быць адсутнасць святара, вялікая адлегласць да касцёла, хвароба альбо ўнутраны стан душы. Выйсцем з падобных сітуацый з’яўляецца прыняцце духоўнай Камуніі.
Узнікненне практыкі духоўнай Камуніі звязана з фактам усталявання рэдкага прыняцця св. Камуніі пад выглядам Хлеба і Віна. У Сярэднявеччы існавала традыцыя прыступаць да св. Камуніі толькі на Вялікдзень, чаму спрыяла пастанова IV Латэранскага сабору. Ад Трыдэнцкага сабору рэкамендавалася прымаць духоўную Камунію, што найчасцей практыкавалася ў манаскіх супольнасцях, але не толькі.
    Лічылася, што “той, хто бачыў, той спажыў”. Молячыся, вернікі прымалі Камунію – гэта адбывалася ў той момант, калі святар узносіў Гостыю ўгору, такім чынам паказваючы яе ўсім вернікам. Практыка духоўнай Камуніі стала паспяхова ўкараняцца ў Касцёле на працягу стагоддзяў. Карыстаць з яе раілі многія настаўнікі духоўнага жыцця.
    Духоўная Камунія – гэта лучнасць чалавека з Эўхарыстычным Езусам, якая рэалізуецца праз прагненне прыняцця сакраментальнай Камуніі. Адначасова такое прагненне грунтуецца на веры, ажыўленай праз любоў.
    Галоўнымі элементамі духоўнай Камуніі з’яўляюцца:
    1. Моцнае прагненне, якое вынікае з жывой веры;
    2. Прагненне сакраманту Эўхарыстыі, які прыносіць збаўленне;
    3. Прагненне, якое вынікае з любові да Хрыста;
    4. Прагненне выразнае і свядомае.
    Духоўная Камунія, арыентаваная на сакраментальную Камунію, вядзе да яе і з ёю цесна злучана. Плён духоўнай Камуніі з’яўляецца, па сутнасці, тым жа, што і ў сакраментальнай Камуніі (эўхарыстычнай) – узрастанне асвячальнай ласкі, любові, чыстасці жыцця і еднасці з Хрыстом.
    Прыняцце духоўнай Камуніі з’яўляецца вялікім рэлігійным шансам не толькі для тых людзей, якія па знешніх прычынах не могуць прыступіць да сакраментальнай Камуніі, але таксама для тых, якія жывуць без касцёльнага шлюбу, але шчыра перажываюць за свае грахі і хочуць паяднацца з Хрыстом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.