ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Адвэнт: дробны добры ўчынак на кожны дзень

Хрысціянскія традыцыі

1 снежня ў Касцёле распачынаецца асаблівы час – перыяд чакання Нараджэння Хрыста, Адвэнт. Рана надыходзячы змрок і паўсюднае мільгаценне ліхтарыкаў пагружаюць у атмасферу задумення, планавання, падрыхтоўкі да прыйсця ў свет Дзіцятка Езус. Шматлікія вернікі натхняюцца, каб прысвяціць гэты час служэнню бліжнім, адрачэнням, духоўнаму ўзрастанню, добрым учынкам. Некаторыя адважваюцца ўзяць сур’ёзныя пастановы і рупліва прытрымліваюцца іх на працягу 4-ох тыдняў.
Рэдакцыя “Слова Жыцця” прапануе чараду ідэй для плённага перажывання Адвэнту. Можна следаваць парадам штодня або выбраць са спісу некалькі спраў, якія захочацца выканаць. У абодвух выпадках гэта дапаможа Табе, дарагі Чытач, усцешыць бліжняга і стаць крыху бліжэй да Госпада.
1. Пажадай прадаўцу ў краме добрага дня. Вось убачыш, як прыемна будзе чалавеку.
    2. Паразмаўляй з дзядулем ці бабуляй, што жыве па суседстве.
    Выслухай старога – пажылыя людзі маюць вялікую патрэбу ў гутарцы.
    3. Пахвалі працу іншага чалавека. Магчыма, гэта натхніць вас абодвух на яшчэ большыя здзяйсненні.
    4. Прабач свайго ворага, няхай нават ужо не маеш з гэтым чалавекам ніякіх зносін. Не захоўвай крыўды ў сэрцы.
    5. Пераглядзі свой гардэроб. Занясі старую, але цэлую і чыстую вопратку ў пункт збору адзення для бяздомных.
    6. Прапусці каго-небудзь у чарзе. Навучыся не спяшацца.
    7. Заплануй удзел у Раратах. Прапануй таварышу далучыцца.
    8. Памаліся за нядобразычліўцаў. У першую чаргу, гэта злагодзіць стаўленне да іх.
    9. Прысвяці вечар родным і блізкім. Запрасі іх у госці на пачастунак.
    10. На працягу дня знайдзі час для чытання Бібліі.
    11. Пачастуй чым-небудзь гарачым бяздомнага – гарбатай ці піражком.
    12. Аддай непатрэбныя (у добрым стане) рэчы таму, хто мае ў іх неабходнасць.
    13. Усміхніся сустрэчнаму. Магчыма, гэта падыме яму настрой.
    14. Патэлефануй сябру, з якім даўно не размаўляў або пасварыўся. Зрабі першы крок. 15. Ахвяруй некалькі хвілін святому апекуну. Памаліся праз яго заступніцтва – папрасі аб чым-небудзь або аддзяч за штосьці.
    16. Купі аздабленні і надай свайму пакою святочны настрой. Павесь гірлянду на акно, каб на вуліцы было крыху святлей, а мінакам – весялей.
    17. Дапамажы бліжняму парадай. Напэўна, хтосьці з акружэння мае ў ёй патрэбу.
    18. Падрыхтуй падарункі на Каляды для родных і сяброў.
    19. Абмяжуй выкарыстанне гаджэтаў: не гуляй зашмат у камп’ютарныя гульні і не “сядзі” падоўгу ў сацыяльных сетках.
    20. Прымі ўдзел у дабрачыннай акцыі. І гэта не абавязкова павінна быць грашовае ахвяраванне.
    21. Схадзі на споведзь – ачысці сваю душу ад граху.
    22. Прымі ўдзел у парафіяльных рэкалекцыях. Звычайна яны трываюць 3 дні.
    23. Пашукай інфармацыю на тэму цікавых калядных традыцый. Будзе чым здзівіць сям’ю на Раство.
    24. Падзяліся аплаткай і схадзі на св. Імшу Пастэрку.
    25. Радуйся і святкуй Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы!
    Сёлета Бог ізноў народзіцца як маленькае Дзіця, і наша найважнейшая задача – падрыхтаваць Яму цёплую “стаенку” ў сваім сэрцы. З запалам прыступаючы да пастаноў, галоўнае не забывацца, дзеля Каго мы ўсё гэта робім…
    Няхай сёлетні Адвэнт стане добрым часам для кожнага з нас: прынясе змены на лепшае, вырашыць спрэчкі, упарадкуе жыццё, натхніць на заўзятае выкананне абавязкаў, якія вынікаюць з паклікання, і адорыць сапраўднай радасцю. Няхай гэты перыяд напрыканцы каляндарнага года стане часам поўнай гармоніі з сабой, сусветам і Госпадам. Усім бласлаўлёнага часу!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.