ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Колеры Адвэнту

Хрысціянскія традыцыі

Набліжаецца цудоўны час – Адвэнт.
    У кагосьці ён атаясамліваецца са ззяннем гірлянд у крамах і на вуліцах.
    Хтосьці ўспрымае гэты перыяд у адценнях цёмных раніц і далікатнага святла свечак падчас раратніх св. Імшаў альбо бачыць драўляныя яслі і залатое сена добрых учынкаў, сабраных для Дзіцятка Езус.
    Для некаторых гэта цяжкі час перад першымі Святамі без самых блізкіх, якія адышлі ў вечнасць…
    А з чым у Вас атаясамліваецца Адвэнт?
У маім уяўленні Адвэнт прыгадвае прыгожы аздобны ліхтарык, які вісіць на цаглянай сцяне і адкідвае яснае цёплае святло. Нядаўна я ўпершыню ў жыцці малявала акварэллю, і гэты новы досвед захапіў мяне да глыбіні душы. Паспрабую намаляваць сваю карціну пад назвай “Адвэнт”.
Бяру ў рукі чысты аркуш паперы. Яго некранутая бель сімвалізуе цішыню, без якой не ўдасца адпаведным чынам перажыць падрыхтоўку да прыходу Збаўцы. Яна вельмі патрэбная, таму што вакол нас і ў нас саміх шмат шуму і мітусні. Цішыня дапамагае заўважыць, што маем жыццё ў сабе – унутранае жыццё. Чым і як часта кормім сваю душу? Нярэдка так актыўна клапоцімся аб здаровым харчаванні, дыетах... А ці дбаем аб спажытку духоўным?
    Ці насычаем душу малітвай, размовай з Усемагутным, Божым словам, сакрамантамі?
    Цішыня неабходна, каб пазнаць сябе, а затым даваць сябе іншым. Мы штодзённа маем важныя тэмы для абмеркавання, справы для вырашэння, музыку для праслухвання, тэлефоны для размоў і смс…
    Усё гэта заглушае свядомасць. Патрабуем цішыні, каб сустрэцца з Богам. Нябесны Айцец нястомна нас чакае, звяртаецца да нас, але маем занадта шмат усяго ў галаве, занадта шмат шуму навокал, каб здолець Яго пачуць.
    Аднак звычайнага белага аркуша недастаткова. Павінна быць адпаведная папера – для акварэльных фарбаў. Ад яе якасці залежыць, ці ўдасца карціна, ці фарбы будуць сябе паводзіць, як трэба. Цішыня таксама мае сваю якасць. Нам неабходна як знешняя, так і ўнутраная цішыня. Што гэта значыць? Пазбаўленне ад навакольнага хаосу дапамагае засяродзіцца. Аднак нашмат важней умець суцішыць сэрца. Калі прыслухаемся да сябе, заўважым, які хаос пануе ўнутры нас: адна думка апярэджвае другую, пачуццё наганяе пачуццё, успаміны заліваюць уяўленне, пільныя справы патрабуюць увагі… Не верыце? Паспрабуйце хаця б цягам 5-ці хвілін захоўваць знешнюю цішыню – і ўпэўніцеся.
    Пасля выбару адпаведнай паперы можна брацца за эскіз, які аблегчыць маляванне фарбамі. Гэты эскіз – план перажывання Адвэнту, канкрэтная прапанова таго, як будзе выглядаць наша чаканне Збаўцы.
    Гаворка пра актыўнае чаканне. Гэта праца над сабой, дакладныя пастановы, барацьба са слабасцю, ачышчэнне сэрца ад усяго таго, што перашкаджае, што не дазваляе Хрысту нарадзіцца ўва мне. Што хочам намаляваць падчас гэтага Адвэнту? Якую пастанову возьмем?
    Перад вачыма далікатны, але даволі выразны эскіз алоўкам, які паказвае, дзе знаходзіцца галоўны аб’ект малюнка – у нашым выпадку ліхтар, якія мае памеры, у якім месцы і якім чынам прымацаваны да сцяны. Інакш кажучы, маем канкрэтны духоўны план на Адвэнт. Ведаем, што хочам змяніць у сабе і якім чынам будзем да гэтага імкнуцца.
    Надышоў час размалёўвання малюнка, каб стаў жывым, прыцягваў увагу, асвячаў наша жыццё і жыццё іншых людзей. Пачнём ад святла: вельмі мяккага, светла-жоўтага, у некаторых месцах белага, што асвячае ліхтар і сцяну, на якой ён вісіць. Святло – гэта ласка, што ззяе ў нашых сэрцах.
    Ласка дае святло і сілу, грэх жа прыносіць у сэрца змрок. Нібы ведаем аб гэтым і нават разумеем, але ці калі-небудзь задумваліся над тым, чым з’яўляецца цемра ва ўласнай душы і якія мае наступствы? Які колер пераважае ў нашым сэрцы – змрок ці святло? Ці падабаецца тое, што бачым, і ці хочам гэта змяніць? Святло на малюнку мае светлае адценне і асвячае ўсё навокал. Якое святло гарыць у нашых сэрцах?
    Кожная акварэльная фарба павінна высахнуць, каб не змяшацца з наступнымі колерамі. Падобным чынам адбываецца з пастановамі ў Адвэнце: патрэбны час і цярплівасць, каб яны замацаваліся, пачалі ўплываць на наша жыццё. Бярэмся за афарбоўку цаглянай сцяны, што мае рыжа-аранжавы колер з лёгкім адценнем карычневага. Гэты колер атаясамліваецца ў мяне з сустрэчай, цёплай сяброўскай размовай пры святле каміна. Адвэнт распачынае дыялог Анёла і Марыі падчас Звеставання. Іх сустрэча вучыць таму, што малітва мае быць дыялогам, які падразумявае два бакі: гавару – потым слухаю; Бог гаворыць – выконваю Яго волю. Варта прыглядзецца да сваёй малітвы: ці падобна яна на размову Анёла і Марыі? Ці ўвогуле з’яўляецца дыялогам? А можа, гэта хутчэй “літанія” просьбаў і патрэб? Што Бог сказаў нам падчас апошняй малітвы? Ці пытаемся Яго меркавання адносна розных спраў?
    Чакаем, пакуль фарба высахне. Цяпер можам размаляваць корпус ліхтара. Думаю, гэта павінен быць глыбокі цёмна-карычневы колер. Ён атаясамліваецца ў мяне з тугой. Напэўна, кожны з нас ужо перажываў у жыцці гэтае пачуццё і ведае, якое яно можа быць вострае. У цішыні і дыялогу з Богам маем шанс убачыць, аб чым тужым, аб чым часцей за ўсё думаем, чаго нам не хапае і як гэта праяўляецца ў жыцці. Аб кім ці аб чым сумуем? Пра што гэта сведчыць? Цікава, якога колеру Ваша туга?
    Малюнак усё прыга-жэйшы! Бярэм у рукі незвычайную гелевую ручку – белага колеру. Яна дазволіць нанесці рэфлексы святла, якое адбіваецца найбольш на цёмных фрагментах ліхтара. Такія лініі і кропкі ажыўляюць малюнак, надаюць уражанне, што святло рухаецца і мільгаціць. Яно прыгадвае мне радасць, якая ажыўляе і сагравае сэрца. Варта ў час Адвэнту ўбачыць, што ці хто з’яўляецца для нас крыніцай радасці, звярнуць увагу на вынікі сапраўднай, глыбокай, духоўнай асалоды. Якія колеры выкарыстаеце для таго, каб намаляваць сваю радасць?
    Прыгожы ліхтар амаль гатовы… Застаўся апошні – вельмі важны – этап стварэння малюнка. Трэба надаць яму канчатковую форму. Бярэм у рукі чорную гелевую ручку і яшчэ раз абводзім абрысы, якія спачатку асцярожна пазначалі алоўкам. Некаторыя лініі засталіся такія ж, іншыя мусім трохі падправіць, бо фарба змяніла контур. Падкрэсліваем і тыя месцы, дзе неабходны большыя цені ці выразныя граніцы. Гэтыя апошнія штрыхі – роля любові ў перажыванні Адвэнту. Яна робіць усё выразным, рэальным, відавочным – нашы эскізы, духоўныя планы, пастановы. З’яўляецца сэнсам, матывам, нагодай і пацвярджэннем усяго вобразу Адвэнту. З любові хочам змагацца за цішыню, з любові робім высілак малітвы – сапраўднага дыялогу. З-за любові вядзём барацьбу з цемрай граху, стараемся ўпарадкаваць свае жаданні, не паддаёмся смутку, ад якога, як сцвярджаецца ў Пісанні, “няма ніякай карысці” (Сір 30, 23), і выбіраем радасць.
    Атрымаўся своеасаблівы каляровы вобраз Адвэнту – ліхтар, што асвячае змрок жыцця. А які малюнак створыце Вы? Якія колеры выкарыстаеце? Як “афарбуеце” сваё сэрца ў гэты час чакання? Можа, дадасце штосьці да маёй палітры?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.