ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Вянок чысціні св. Цэцыліі

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Ці любіш Ты спяваць? А ці ведаеш, што апякункай касцёльнай музыкі і ўсіх музыкантаў з’яўляецца св. Цэцылія? На абразах яе часта паказваюць як мучаніцу з мячом і ружай побач з клавішным інструментам або скрыпкай. Сёння я хачу бліжэй пазнаёміць Цябе з гэтай святой.
Цэцылія нарадзілася ў высакароднай рымскай сям’і. Яшчэ ў юнацтве яна спасцігла хрысціянскую духоўную мудрасць, таму сэнсам жыцця дзяўчыны стала служэнне бедным і жаданне застацца ў чысціні і цнатлівасці да смерці. Мала хто ведаў, што пад пышнымі ўборамі яна носіць валасяніцу.
Прыйшоў час і бацькі вырашылі выдаць дачку замуж за арыстакрата Валяр’яна, які быў язычнікам. Дзяўчына не стала пярэчыць бацькам і толькі малілася аб Божай дапамозе. Яна змагла пераканаць жаніха не парушаць дадзенае Богу абяцанне жыць у цнатлівасці. Валяр’ян пагадзіўся пры ўмове, што яму будзе дазволена ўбачыць анёла, які, як ён ведаў, апекуецца Цэцыліяй. Па легендзе, анёл спусціўся і ўсклаў на галовы сужэнцаў вянкі з руж.
    Аднойчы Цэцылія пераканала жаніха пайсці з ёй да біскупа Урбана, які хаваўся ад ганенняў у пячоры. Навучанні мудрага старца праніклі ў душу Валяр’яна, і ён паверыў у Хрыста. Разам з братам Цівурціем, якога Валяр’ян таксама навярнуў у хрысціянства, яны раздалі частку ўласнасці бедным. Даглядалі хворых, хавалі хрысціян, пераследуемых ганіцелямі.
    Прэфект Турцый Алмахій, даведаўшыся пра гэта, загадаў схапіць братоў і прывесці на суд. Запатрабаваў, каб яны адракліся ад Хрыста і прынеслі ахвяры паганскім багам. Браты адмовіліся. Тады іх сталі бязлітасна збіваць пугамі. Валяр’ян пад катаваннямі пераконваў хрысціян не баяцца пакут, але цвёрда стаяць за Хрыста. Жадаючы пазбегнуць уплыву прапаведніка на народ, кіраўнік суда загадаў вывесці братоў за межы горада і там пакараць смерцю. На наступны дзень іх абезгаловілі.
    Кіраўнік суда хацеў завалодаць маёнткам пакараных, але даведаўся, што Цэцылія ўжо раздала ўсю маёмасць і сваім навучаннем звярнула ў хрысціянства больш за 400 чалавек. Загадаў пакараць смерцю і яе. Тры дні Цэцылію марылі жарам і дымам у напаленай лазні, але з Божай ласкай праведніца была захавана. Тады яе вырашылі абезгаловіць. Кат ударыў жанчыну мячом, але толькі параніў. Цэцылія пакутавала яшчэ 3 дні ў поўнай свядомасці, умацоўваючы ў веры людзей, якія гэта бачылі. Памерла з малітвай на вуснах 22 лістапада 230 года. Хрысціяне пахавалі цела мучаніцы ў рымскіх катакомбах. У IX стагоддзі папа Пасхалій I урачыста перанёс яе мошчы ў тытулярную базіліку ў гонар св. Цэцыліі, а галаву загадаў захоўваць у манастыры Санці-Куатра-Каранаці ў Рыме (Італія). Але калі ў 1599 годзе труну адкрылі, то галава ляжала разам з целам. Прысутныя засведчылі нятленнасць парэшткаў мучаніцы.
    З XVI стагоддзя св. Цэцылію называюць заступніцай духоўнай музыкі. Паводле падання, мучаніца маліла Бога захаваць яе душу і цела чыстымі. Калі Цэцылію вялі да алтара пад гукі музычных інструментаў “Cantantibus Organis”, яна спявала духоўныя песні, а вакол практыкаваліся ў спевах язычнікі. Справа ў тым, што выраз “cantantibus organis” у перакладзе з лацінскай мовы азначае ігру ўсіх музычных інструментаў. Сёння святую адлюстроўваюць з рознымі з іх, але часцей за ўсё з клавішнымі (арган, клавесін, фісгармонія, чэлеста) або скрыпкай. У дзень успаміну св. Цэцыліі, 22 лістапада, у многіх парафіях праводзяцца музычныя фестывалі ў гонар святой, якія называюцца Цэцыліяды.
    Дарагі Маленькі Чытач! Спеў заўсёды прыносіць радасць у сэрца. Таму жадаю Табе і сабе таксама нястомна цешыцца з таго, што належым да Хрыста, і праслаўляць Яго сваім спевам.
   
   Заданне: вывучы кароценькую песню да Бога і выконвай яе кожны дзень, каб Тваё сэрца заўсёды радавалася.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.