ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Як распазнаць Божую волю ў сваім жыцці?

На шляху да святасці

Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае”. (Рым 12, 1–2)
Воляй Бога заўсёды з’яўляецца дабро чалавека, у першую чаргу, безумоўна, вечнае. Пан Езус сказаў: “Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае. І Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 40). У Небе ўсе анёлы і святыя шчаслівыя, таму што выконваюць Божую волю. Аднак мінучы лёс чалавека таксама не абыякавы Стварыцелю. Ён прагне, каб мы тут, на зямлі, дасканалым чынам выконвалі Яго волю, заўсёды ішлі па дарогах дабра і такім чынам былі напоўнены ласкамі і дасягалі збаўлення.
На жаль, людзі неаднойчы памылкова разумеюць Божую волю. Ім здаецца, што яна патрабуе адмаўлення ад сваіх жаданняў, абавязковай згоды на цярпенне, няшчасце. Такая пастава вынікае з фальшывага вобразу Стварыцеля. Але план Пана заключаецца ў тым, каб чалавек быў шчаслівы ўжо ў зямным жыцці!
    Як распазнаць Божую волю? Першым крокам да гэтага з’яўляецца жаданне пазнаць яе і гатоўнасць сэрца прыняць і выканаць. Важна, каб тое, што мы хочам рабіць, не супярэчыла Божым і касцёльным запаведзям. Таму ўчынак павінен грунтавацца на любові да Пана, бліжніх і самога сябе. Важнае значэнне мае таксама малітва аб распазнанні Божай волі і жыццё ў стане ласкі, г. зн. без смяротных грахоў. Калі ж іх дапускаем, не здольны распазнаць волю Нябеснага Айца.
    “Няведанне Святога Пісання з’яўляецца няведаннем Хрыста”, – сцвярджаў св. Геранім. У Бібліі Бог гаворыць, што маем рабіць, а якіх учынкаў пазбягаць. Напрыклад, у адным з пасланняў св. апостала Паўла чытаем: “Бо воля Божая – гэта вашае асвячэнне, каб вы асцерагаліся распусты” (1 Тэс 4, 3). Гэты радок канкрэтным чынам указвае, што чалавек павінен імкнуцца да чысціні ў адносінах, каб дасягнуць святасці. Далей св. Павел піша: “За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце” (1 Тэс 5, 18). Таму мы павінны дзякаваць ва ўсіх абставінах свайго жыцця. На старонках Святога Пісання знаходзім таксама фрагменты, у якіх Усемагутны наказвае, каб былі сумленнымі, каб любілі сваіх непрыяцеляў, каб каяліся ў сваіх грахах і г. д. Добрым спосабам для распазнання Божай волі, з’яўляецца задаванне сабе пытанняў, што ў гэтай канкрэтнай сітуацыі зрабіў бы Збаўца, што зрабілі б апосталы ці хтосьці са святых?
    “Я кажу праўду ў Хрысце, не хлушу, і пацвярджае маё сумленне ў Святым Духу” (Рым 9, 1). Бог запісаў маральны закон у людскія сэрцы. Сумленне павінна служыць чалавеку ў распазнанні волі Найвышэйшага. Самае простае азначэнне падае, што сумленне – голас самога Бога, які раздаецца ў нас і вучыць аб дабры, якое маем чыніць, і аб зле, якога павінны пазбягаць (параўн. ККК 1776). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла таксама павучае, што нават калі гэты голас у нас з-за дрэнных учынкаў аслабне, усё ж ніколі не замаўчыць (параўн. ККК 1865). Ён з’яўляецца свайго роду духоўным компасам, які да канца зямнога жыцця будзе ўказваць правільны напрамак.
    “Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці” (2 Цім 1, 7). Бог стварыў Сусвет паводле пэўнага мудрага плану. Даў чалавеку здаровы розум, каб мог распазнаваць Яго волю ў гэтым свеце. Здзяйсненне пэўных функцый падказвае нам менавіта розум (напрыклад, што мужчына пакліканы быць бацькам, а жанчына – маці, што бацькі павінны выхоўваць сваіх дзяцей і г. д.). Гэта настолькі відавочна, што не патрабуе ніякіх знакаў ад Бога. Воляй Стварыцеля з’яўляецца трыванне ў сваім пакліканні – святарстве ці сямейным жыцці. Мы не можам парушыць абяцанні, якія далі. Калі штосьці патрабуе парушэння гэтых прысяг, яно не з’яўляецца Божай воляй. Пан жадае таксама, каб развівалі і плённа выкарыстоўвалі кожны талент, якім былі адораны.
    “Неразумны пагарджае настаўленнем айца, хто прытрымліваецца парад – мудрэе” (Прып 15, 5). У распазнанні волі Бога могуць дапамагчы іншыя людзі, бо яны валодаюць ведамі і пэўным досведам. Гледзячы з адлегласці, могуць ацаніць сітуацыю аб’ектыўна, без эмоцый. Напрыклад, манаская асоба павінна ўзгадняць свае ўчынкі з настаяцелямі, святар – з біскупам ці сваім пробашчам, чалавек, які мае сям’ю – са сваім сужэнцам, самотны можа параіцца з душпастырам. Важна памятаць, што таму, хто хоча прагрэсу ў духоўным жыцці, неабходна мець добрага духоўнага кіраўніка, які дапаможа ў распазнанні знакаў дзеяння Пана.
    Калі мы будзем шчыра шукаць Божую волю, напэўна яе знойдзем. А калі ўжо знойдзем яе – у Бібліі, у нашым сумленні, рацыянальным чынам, пры дапамозе іншых людзей – абавязкам стане падпарадкаванне ёй, паколькі гэтага патрабуе ўласная карысць, шчасце і збаўленне. Бог заклікае весці жыццё, якое згодна з кожным словам, што паходзіць з Яго вуснаў. А Яго волю адносна нас слушна можна перадаць адным сказам са Святога Пісання: “Будзьце святымі, таму што Я святы” (1 П 1, 16).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.