ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Марыя – мацярынскае аблічча міласэрнасці

З жыцця Касцёла

“Вітай, Панна, нястомнай пашанай усіх людзей”, – спяваюць вернікі да Маці Міласэрнасці ў санктуарыі ў Вострай Браме (Літва). На працягу многіх стагоддзяў і да сёння сюды прыбываюць тлумы пілігрымаў з усяго свету, каб падзякаваць Маці Божай за атрыманыя ласкі.
    Удзячнасць вернікаў сімвалізуюць тысячы таблічак, гаржэтаў, каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў капліцы.
Копіі цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай можна знайсці ў многіх дамах, жыхары якіх ахвотна даручаюць апецы Марыі свае справы: як узнёслыя, так і штодзённыя.
    Адной з такіх адданых шанавальніц міласэрнага позірку Нябеснай Маці з’яўляецца Крысціна Жулега, якая на працягу многіх гадоў клопаты, беды і радасці ахвяруе “Той, якая ўсё разумее”.
    Сёння на старонках “Слова Жыцця” жанчына распавядае сваю жыццёвую гісторыю.
Стойкасць і надзея,
   пагружаная ў цярплівасць

    На працягу 35-ці гадоў мы разам з мужам працавалі ў Жырмунах. Гэта былі камуністычныя часы. Мы, як і іншыя, павінны былі навучыцца даваць сабе рады ў той сістэме. Хоць часам было вельмі цяжка, дзякуючы апецы Маці Божай неяк спраўляліся. Вялікай падтрымкай былі мясцовыя жыхары – вельмі працавітыя, інтэлігентныя, цудоўныя людзі з добрым і чулым сэрцам.
    Памятаю, у 70-ых гадах мы паехалі з дэлегацыяй у Балгарыю. Там свабодна прадаваліся абразкі, крыжыкі, ружанцы, таму кожны купіў нешта і для сябе, і для сям’і, і для знаёмых. Вельмі цешыліся, таму што на радзіме дэвацыяналіі і рэчы рэлігійнага культу былі забаронены. Аднак на мяжы ў нас усё адабралі. Мой муж як адказны за групу спрабаваў растлумачыць, што ў краіне, адкуль вяртаемся, гэтыя рэчы прадаюцца ў краме, а не з-пад крыса. Канешне, аргументы не падзейнічалі, а муж яшчэ і вымову атрымаў.
    Калі толькі была магчымасць, я старалася зладзіць для жыхароў Жырмунаў паездку ў Вільнюс. Афіцыйна называла яе экскурсіяй, але на самой справе гэта была пілігрымка. Аўтобус на 30 чалавек, які нам пазычаў калгас, не мог змясціць усіх жадаючых. Калі мы прыязджалі ў Вільнюс, я прасіла вадзіцеля пакінуць аўтобус дзе-небудзь недалёка ад цэнтра, каб пешшу спакойна дайсці да Вострай Брамы.
    З часам, калі дзеці трохі падраслі, брала іх з сабой і разам на каленях мы ўваходзілі па прыступках з малітвай і просьбамі да любімай Маці. Кожная такая паездка заканчвалася добра. Калі пасля вяртання ў нас пыталіся, як прайшло падарожжа, распавядалі, што наведвалі горад, музеі, гару Гедыміна. Вядома, пра Вострую Браму ніхто нават не ўпамінаў, бо інакш нам пагражала б вялікая небяспека.
    Затым надышлі не скажу, што лепшыя, але лягчэйшыя часы. Я разам з іншымі вернікамі прыклала намаганні, каб у мясцовую парафію вярнуўся святар. Будучы кіраўніком Дома культуры арганізавала там заняткі рэлігіі, якія праводзілі манаскія сёстры з Ліды. Падумала: будзь што будзе, але маладое пакаленне павінна атрымаць хаця б зародкі духоўнасці, з якой так заўзята змагаліся савецкія ўлады. Мяне тады выклікалі ў райкам партыі і спыталіся: “То што, Крысціна Аляксандраўна, Вы даследчыца духоўнага выхавання?”. Я адказала, што ўжо ў многіх месцах клапоцяцца пра рэлігійную фармацыю маладога пакалення, паколькі толькі на духоўным падмурку можна збудаваць добрыя якасці. У гэтым не бачыла нічога дрэннага.
   
    Сон
 У віленскі санктуарый увесь час прыбываюць шматлікія пілігрымы, верачы, што Вастрабрамская Панна з'яўляецца моцнай заступніцай у Небе   У тыя атэістычныя часы нам цяжка было захоўваць сваю веру. Мы з мужам займалі высокія пасады на працы, таму ўсё павінны былі рабіць употай: і ў касцёл хадзіць, і маліцца. Памятаю, што перад Божым Нараджэннем мы заўсёды завешвалі вокны, каб ніхто не бачыў, што раней паставілі елку. А каб на Вялікдзень мець магчымасць падзяліцца яйкам, трэба было альбо самому хавацца па дарозе ў святыню, альбо прасіць кагосьці, каб асвяціў. А ў маёй сям’і, колькі сябе памятаю, гэтыя святы былі самымі важнымі днямі ў годзе. Абраз і крыж я хавала за шафай, тлумачачы сабе ў сэрцы, што Пан Бог жа ўсё бачыць і ведае. Гэта павінна было засцерагчы нас ад небяспекі: калі б нехта чужы прыйшоў у дом, на сценах убачыў бы толькі вышыванкі.
    Аднойчы мне прысніўся незвычайны сон. Пазіраю праз акно на кароў, якія ходзяць па прыгожым зялёным лузе, і кажу: “Божа, дзякую Табе за такі цудоўны дзень!”. У гэты момант гляджу на сцяну і бачу там нібы вобраз Маці Божай. Ён ззяе ў арэоле святла, зусім іншы, чым у рэчаіснасці. А Марыя кажа мне: “І не сорамна табе, што молішся, але дагэтуль яшчэ баішся? Паглянь, што робіцца ў свеце”. Зноў пазіраю ў акно – а там столькі святла, такія радасныя вясёлкі… Пасля чаго адказваю: “Маці Найсвяцейшая, я ўсё зразумела, прабач мне, Валадарка неба і зямлі! Даруй, што да гэтага часу не размясціла Твой абраз у найпрыгажэйшым месцы ў доме!”. Я падаю на калені і пачынаю маліцца. Марыя ж адказвае: “Не бойся і скажы ўсім, каб не баяліся. Я бласлаўляю вас і ўвесь свет”.
    Пасля гэтых слоў я прачнулася і ўбачыла, што сапраўды нібы спрабую ўкленчыць. Пачала прасіць: “Маці, злітуйся, прабач!”. Потым устала, паглядзела ў акно, убачыла, як каровы ідуць на луг. Дрыжачымі рукамі дастала абраз з-за шафы, пастанавіўшы, што з гэтага моманту ён будзе вісець на самым бачным месцы. Хутка прачнуўся муж і ўбачыў на сцяне абраз. Я сказала яму, што мела сон, у якім Маці Божая дала мне знак, што мы ўжо не павінны баяцца, таму з гэтага часу не будзем падчас малітвы хавацца ля шафы. Муж пагадзіўся: “Добра, калі ты так вырашыла, то як штосьці здарыцца, будзем цярпець разам”. Аднак Марыя стрымала абяцанне – хутка ў краіне запанавала рэлігійная свабода і ніхто ўжо не быў вымушаны ўтойваць сваю веру.
   
   
Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай
   
    Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.