ГРОДНА
Панядзелак,
30 студзеня
2023 года
 

Святыя заступнікі

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых. Гэта адзін з самых радасных дзён для хрысціян. Успамінаем памерлых, якія знаходзяцца з Богам у Небе.
На працягу года амаль кожны дзень Касцёл узгадвае аднаго альбо некалькіх святых, вядомых па імені. Аднак іх колькасць значна большая. Шмат людзей прыйшлі да святасці ў цішыні і скрытасці.
    1 лістапада Касцёл услаўляе ўсіх святых:
    афіцыйна прызнаных і невядомых. Урачыстасць нагадвае таксама праўду пра ўсеагульны заклік да святасці, бо кожны з вернікаў пакліканы да яе. Бог хоча, каб усе мы сталі святымі, аб чым трэба прасіць дапамогі ў нябесных заступнікаў.
    Сёння хачу распавесці гісторыю адной жанчыны, якая сябравала са святымі.
Калі я была маленькай дзяўчынкай, часта хварэла. Мне прыходзілася падоўгу ляжаць у ложку. Высокая тэмпература і галаўны боль перашкаджалі чытаць кнігі ці гуляць з лялькамі. Нават не было сіл размаўляць са сваім плюшавым сабакам, які “хварэў” разам са мной.
    Гадзіны цягнуліся бязлітасна доўга, ціканне стрэлак закалыхвала і раздражняла адначасова. Я чакала, калі бацькі вернуцца з працы, а сястра – са школы, бо тады яны заўсёды шмат размаўлялі са мной, каб пазбавіць ад нуды, прымушаючы забыцца пра хваробу.
    Аднойчы тата сказаў, што з-за надыходзячага Дня Усіх Святых папросіць святара прынесці мне ў гостыі Пана Езуса. Я была ўжо пасля Першай св. Камуніі і вельмі ўсцешылася. Мама падрыхтавала пакой для гэтага незвычайнага візіту: павесіла чыстыя фіранкі, склала цацкі на паліцу, заслала на стол накрухмаленую сурвэтку і паклала на яе Біблію, любімы крыж і свечку. Сястра ўпрыгожыла стол букетам рознакаляровых кветак і дапамагла мне пераапрануцца ў чыстую піжаму. Усё было гатова да чаканага візіту.
    Уначы я доўга не магла заснуць: мучылася ад гарачкі. У дадатак да ўсяго, у галаву пачалі лезці непрыемныя думкі. Нейкі голас унутры казаў:
    – Ага, вядома! Ты ўяўляеш сабе, што Пан Езус будзе старацца прыйсці да такой, як ты? Не, ніколі! Ты не адзіная ў свеце. Ён займаецца толькі дарослымі.
    Я задрыжэла ад страху і смутку. Не мела сіл пратэставаць. Ужо гатова была бегчы да бацькоў, каб адмяніць візіт святара, калі цёмныя думкі змяніліся ясным ветрыкам. Я пачула ціхі смех і нечыя цёплыя словы:
    – Не дай падмануць сябе. Езус вельмі любіць дзяцей, асабліва тых, хто самотны, хворы і сумны.
    – Такіх, як я? – падумалася мне.
    – Менавіта так! – прагучала ў адказ. – Я прыйшла сказаць табе гэта і хачу, каб цярпліва чакала Яго. Гэта наш найлепшы Тата.
    Я атрымала ад Яго шмат руж і пакіну адну табе.
    – О, дзякуй, дзякуй! Скажы мне, як цябе завуць? – спытала.
    – Называй мяне Маленькай Тэрэзкай. Калі табе будзе сумна, кліч мяне! – голас звонка засмяяўся.
    Праз момант зноў пачуўся непрыемны візгат:
    – А Бога, ты думаеш, цікавяць дробязі? Што азначае для Яго адзін чалавек, калі Ён павінен кіраваць цэлымі народамі! Ты не вартая Яго ўвагі.
    Зноў сумніў пракраўся ў сэрца. Але хутка я пачула чыйсьці прыгожы спеў пра тое, як Бог палюбіў увесь свет і кожную маленькую істоту, пра тое, з якой пяшчотай Ён апекуецца кожным чалавекам, жывёлай і нават самай маленькай раслінай. Голас, які спяваў, быў пяшчотным, нібы салодкі мёд, але і моцным, як хуткая рака. Калі ён скончыў свой спеў, звярнуўся да мяне:
    – Ты вельмі важная для Пана Езуса. Ён памёр на крыжы як дзеля цябе, так і дзеля мяне. Не забывайся пра гэта. Я пакіну маленькае пяро. Калі будзеш глядзець на яго, падумай, што ты падобна на птушаня, пра якое клапоціцца Неба!
    – А як цябе завуць? – ледзь паспела спытацца я.
    – Францішак, – пачула ў адказ. – Успомні мяне, калі зноў пачнеш сумнявацца, што Бог цябе любіць.
    Супакоеная гэтымі словамі, але і крыху ашаломленая, я заплюшчыла вочы. Перш чым паспела заснуць, пачула ядавіты воклік:
    – Будзь уважлівай, бо гэтыя глупствы цалкам задураць галаву! Але ж ты такая наіўная, што Езусу не будзе аб чым гаварыць з табой. Яго святыя – вось яны дык мудрыя. Тая Тэрэзка стала доктарам Касцёла! А Францішак… Нібы такі бедны чалавек і дзівак, а яго манаскі ордэн адзін з самых шматлікіх у свеце! Ёсць яшчэ шмат іншых, і яны не гавораць праўду пра Бога. А праўда ў тым, што Ён шануе толькі мудрасць, справядлівасць... Ну што? Усё яшчэ верыш, што Езус прыйдзе да цябе?
    – Ён абавязкова прыйдзе. Так, як да мяне, – сказаў нехта ціха, але выразна. – Я была неразумнай, аднак Бог мяне вельмі палюбіў. Скончыла толькі 4 класы пачатковай школы, і Ён быў не супраць. Захацеў пагаварыць са мной і навучыць веры ў Яго міласэрнасць, таму што гэта галоўнае. Давярай толькі Езусу. Я пакіну табе абразік, які быў намаляваны па Яго наказе, каб нагадваў табе пра ўсё гэта. Не апускай галаву і падрыхтуйся да заўтрашняй сустрэчы з Ім. Цяпер ужо будзеш спаць спакойна, а мы з сябрамі будзем сачыць за тваім сном.
    – А хто ты? – прамармытала я, пазяхаючы.    – Фаўстына, – адказаў добры і сапраўды спакойны голас.
    На наступны дзень я прачнулася і засмяялася. Тэмпература значна знізілася, галава была лёгкая. Я нецярпліва чакала святара, які павінен быў прынесці мне ў гостыі Пана Езуса. І калі гэта здарылася, была самай шчаслівай! Сам Бог прыйшоў да мяне! Бог адзіны!
    Шмат гадоў мінула з той падзеі. Але кожны раз, калі прымаю св. Камунію, дзіўлюся, што Ён прыходзіць да мяне. Часта думаю пра гэта, а потым размаўляю са сваімі святымі сябрамі. Уявіце, што пазнала многіх з іх, і ўсе пакідалі мне штосьці на памяць: пра іх і, перш за ўсё, пра Бога. Можна сказаць, што на кожны дзень года маю такі “напамін”, хаця з мноства памятак заўсёды вылучаю ружу, пяро ці абразік Божай Міласэрнасці.
    Дарагі Маленькі Чытач! А ты ведаеш святых? Не губляй магчымасці, каб пазнаёміцца з імі. Смела прасі нябесных заступнікаў аб дапамозе, каб таксама здолець стаць святым.
   

   Заданне: падрыхтуй разам з бацькамі свой “рэцэпт святасці”, а пасля з выразаных з паперы слядоў, на якіх напішаш “інгрэдыенты”, выкладзі шлях да Неба. Кожны дзень рабі адзін крок наперад, каб станавіцца лепшым.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  336

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.