ГРОДНА
Панядзелак,
30 студзеня
2023 года
 

Ці цяжка вучыцца ў семінарыі?

Задай пытанне

Духоўныя семінарыі, дыяцэзіяльныя і манаскія, – гэта фармацыйныя месцы і, найперш, супольнасці ў дарозе (параўн. Ян Павел ІІ, Pastoresdabovobis, 60). Згодна з мэтай, духоўную семінарыю можна лічыць працягам супольнасці апосталаў, сабраных вакол Езуса Хрыста, якія слухалі Яго словы, перажывалі Пасху (таямніцу збаўчай мукі, смерці і ўваскрасення), чакалі дару Святога Духа, каб пазней пайсці з даручанай ім місіяй (пасланне і заданне).
Сам працэс вучобы ў семінарыі складаецца са слухання лекцый, практычных заняткаў, самападрыхтоўкі, залікаў, экзаменаў ды іншых адукацыйных момантаў, падобных ці такіх жа, як у шматлікіх вышэйшых навучальных установах. Аднак семінарыя – гэта месца, дзе студэнты не толькі здабываюць веды, але, перш за усё, адказваюць на звышнатуральны дар паклікання і крочаць за Хрыстом, які выбраў іх ды надзяліў усім патрэбным, каб на гэты дар адпаведна адказаць.
Часам семінарыю слушна называюць “Школай Хрыста”. Тут кандыдаты да святарства пад кіраўніцтвам рэктара і іншых членаў семінарыйнай супольнасці штодня, з’яднаныя моцаю Святога Духа, братэрскімі повязямі, згодна з атрыманым дарам імкнуцца ўзрастаць у веры і любові, моляцца, чытаюць і разважаюць над Божым словам, каб працягваць збаўчую прысутнасць Хрыста ў Касцёле і ў гісторыі.
Часта чалавеку можа перашкаджаць страх перад будучыняй, асабліва калі яна здаецца вельмі складанай. Ідучы ў семінарыю ці кляштар, вернік крочыць за Хрыстом, таму ніколі не застанецца адзін. Моц Святога Духа і Божая ласка заўсёды будуць яму спадарожнічаць.
Св. апостал Павел пісаў, што ўсё можа ў Тым, хто яго ўзмацняе (параўн.
Флп 4, 13). Гэтыя словы варта аднесці да семінарыйнай фармацыі. Кожны семінарыст і святар могуць засведчыць, што і перад прыняццем рашэння ісці ў семінарыю, і на працягу падрыхтоўкі да святарскага служэння ёсць такія сітуацыі, калі сам Бог дапамагае і дадае сіл.
Напрыканцы трэба зазначыць, што не кожны можа быць святаром ці кансэкраванай асобай. Бог выбірае чалавека да служэння, надзяляе пакліканага ўсімі неабходнымі якасцямі і здольнасцямі для таго, каб той мог фарміравацца, вучыцца, а пазней выконваць даручаныя ў Касцёле заданні. Бог таксама шануе чалавечую свабоду і нікога не прымушае выконваць Яго волю.
Не варта і “заахвочваць” кагосьці ісці ў кляштар ці да святарства, абяцаць нешта дачаснае, прыцягваць. Можна спадарожнічаць чалавеку, служыць парадай, падтрымкай і, канешне, малітвай. У духоўных семінарыях Хрыстос чакае тых, каго сам выбірае і кліча ісці за сабою.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  336

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.