ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Мучаніцтва за Хрыста

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач!
    Ты, напэўна, бачыў, што часта на св. Імшу святар выходзіць апрануты ў чырвоную вопратку.
    Чаму так? Гэта значыць, што ў літургіі ўспамінаецца адзін альбо некалькі мучанікаў.
    Хто ж такія мучанікі?
Падчас свайго зямнога служэння Пан Езус прадказваў сваім паслядоўнікам: “Калі Мяне пераследавалі, будуць пераследаваць і вас” (Ян 15, 20b). У той жа час абяцаў вялікую ўзнагароду гнаным за Яго імя: “Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў нябёсах” (Мц 5, 11–12а).
Хто з-за сваёй веры і любові да Хрыста церпіць і аддае сваё жыццё Богу, называецца мучанікам. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “мучанік” значыць “сведка”. Першымі сведкамі хрысціянскай веры былі апосталы, якія абвяшчалі Евангелле далёка за межамі Святой Зямлі. Першым мучанікам стаў святы Стэфан. Калі яго білі камянямі за веру, усклікнуў моцным голасам: “Пане, не залічы ім граху гэтага”. Падобныя словы вымавіў Хрыстос, калі маліўся за тых, хто Яго крыжаваў: “Ойча прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34). Вялікае цярпенне мучанікаў і тое, што яны прабачалі сваім катавальнікам, часта прыводзіла да прыняцця хрысціянства шматлікіх сведкаў такога подзвігу.
    Першым хрысціянам даводзілася жыць і прапаведаваць Евангелле ва ўмовах жорсткіх ганенняў з боку ўлад і народа. Для людзей няверуючых альбо тых, хто верыў у іншых багоў, хрысціянская вера была незразумелай і небяспечнай, бо іх жыццё было нязгодным з наказамі Хрыста. Праследаванне пачалося ў часы праўлення імператара Нерона ў сярэдзіне І стагоддзя ад Нараджэння Хрыстова. Бязлітасны кіраўнік скарыстаўся выпадкам буйнога пажару ў Рыме і абвясціў вінаватымі хрысціян. Народ, які мала ведаў пра хрысціянства і ўяўляў яго сабе як небяспечную секту, з гатоўнасцю падтрымаў крывавыя расправы над вернікамі. Іх палілі на вогнішчах, кідалі галодным дзікім жывёлам, катавалі на крыжах. Найбольш жорсткія ганенні адбыліся падчас панавання імператара Дыяклетыяна ў канцы ІІІ стагоддзя і ў наступныя гады. Хрысціян прымушалі адмаўляцца ад сваёй веры і прыносіць ахвяры паганскім багам.
    На жаль, і ў сучасным свеце працягваюцца ганенні хрысціян. Штогод сотні паслядоўнікаў Езуса Хрыста падвяргаюцца праследаванням і пакаранням смерцю. У некаторых краінах прыняцце хрысціянства караецца дзяржаўным заканадаўствам, а ў некаторых хрысціян зневажаюць і забіваюць агрэсіўна настроеныя грамадзяне. Прычыны ганенняў і нянавісці ў розныя стагоддзі і ў розных краінах адрозніваюцца, але агульнай для ўсіх мучанікаў застаецца іх стойкасць і вернасць Богу.
    Дарагі Маленькі Чытач! Кожны хрысціянін павінен сведчыць аб сваёй веры ў Хрыста. Часам штодзённае мучаніцтва можа быць цяжэйшым, чым смерць. Сюды можна аднесці цярпенні, звязаныя з бояззю адказнасці, нязручнасцямі, складанымі справамі. Штодзённае мучаніцтва перажываецца ў сітуацыі, калі тыя, каго мы любім, не любяць нас; калі той, на каго спадзяёмся, аказваецца слабейшым; калі цяжка прыняць свае абавязкі альбо адмовіцца ад таго, што б мы хацелі мець; калі трэба пастаянна прыкладваць намаганні, каб жыць паводле сумлення і Божых запаведзяў. Гэта таксама вернасць сабе і сваім перакананням, нягледзячы на нязгоду сяброў і грамадства.
    Няхай Пан Бог заўсёды дае мужнасць, каб маглі быць Яго сведкамі. Няхай дазволіць нам жыць хрысціянскай надзеяй, асабліва ва ўкрытым мучаніцтве – сумленным выкананні паўсядзённых абавязкаў.

   Заданне: пазнаёмся з біяграфіямі святых мучанікаў, абяры аднаго з іх сваім апекуном і маліся праз яго заступніцтва, каб дапамагаў Табе быць мужным вызнаўцам Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.