ГРОДНА
Панядзелак,
19 мая 2025 года |
“Ахрышчаныя і пасланыя: Хрыстовы Касцёл з місіяй у свеце”

Хто такія місіянеры, якія служаць сярод вернікаў іншых народаў? Якім чынам яны сведчаць аб любові Бога, а дзякуючы гэтаму спрыяюць пашырэнню Божага Валадарства на зямлі? †
С. Людміла Леўдаровіч MChR,
паходзіць з парафіі свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі

Калі казаць пра мясцовыя каталіцкія рэаліі, то варта адзначыць, што на ўсім востраве існуе толькі 1 дыяцэзія і 1 катэдра. Але ўсё ж Касцёл мае найбольш шматлікую групу вернікаў у параўнанні з іншымі краінамі Скандынавіі. Каталіцкая супольнасць у Ісландыі складаецца, у першую чаргу, з эмігрантаў. 80% вернікаў – гэта палякі, затым ідуць філіпінцы. Ісландцы на апошнім месцы. Калі лічба ўсіх католікаў дасягае 13-ці тысяч, то мясцовых жыхароў сярод іх толькі 3 тысячы. Гэта тлумачыцца фактам, што 80-90% ісландцаў належаць да Лютэранскай Царквы.
У катэдры, дзе мы служым, адпраўляюцца 2 св. Імшы на польскай мове, 1 на англійскай і 1 на ісландскай. Паслугу нясе ксёндз з Польшчы. Тут таксама прысутныя манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові, якія вядуць сталоўку для бедных і толькі пры магчымасці дапамагаюць у парафіі. Місія нашага ордэна – гэта, перадусім, праца сярод польскіх эмігрантаў. А паколькі палякі, якія жывуць у Рэйк’явіку, былі зусім не ахоплены душпастырствам, менавіта на гэтым і робім акцэнт.

Я ў Ісландыі ўсяго толькі месяц, але ўжо мела вялікую колькасць сустрэч з рознымі людзьмі. Многія прыходзяць да нас дадому, каб проста паразмаўляць, падзяліцца сваімі радасцямі ці бедамі, распавесці, як ім жывецца, як знайшлі сябе ў новай краіне, новых абставінах. Гэтыя людзі некалі пакінулі радзіму ў пошуках лепшага жыцця. Прыемна чуць, што дбаюць пра духоўны складнік. Мяркую, наша прысутнасць ім у гэтым дапаможа.
Я ўпэўнена, што кожны чалавек можа займацца місіянерскай дзейнасцю, бо так вучыць нас Езус: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Не абавязкова ехаць у далёкую краіну на місіі, можна ў сваім асяроддзі прапагандаваць хрысціянскія каштоўнасці, рэалізуючы наказ Хрыста.
Асабіста для мяне місіянерства – гэта не толькі знаёмства з іншай культурай, новымі людзьмі, магчымасць паглядзець свет, адважыцца на нешта новае, а ў першую чаргу выхад за межы свайго асяроддзя. Місіянер павінен быць адкрытым на іншых людзей. У Ісландыі я сапраўды адчуваю, што рэалізую сваю місію, хоць не магу сказаць, што раней у іншых месцах было інакш. Аднак зараз гэта ўспрымаецца мацней, становіцца больш адчувальным. Я веру, што пасланая сюды Езусам, каб несці Яго патрабуючым. Гэта для мяне адначасова і выклік, і вялікая радасць.
А. Павел Федаровіч МІС,
паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе

У гэтым горадзе я служыў амаль год, а цяпер знаходжуся ў Барысаве.
Магу сказаць, што гісторыя каталіцкай веры ў Казахстане незвычайная. Мясцовыя вернікі – гэта, у асноўным нашчадкі рэпрэсіраваных жыхароў з сучасных тэрыторый Польшчы, Заходняй Беларусі і Украіны. Адведваючы парафіян падчас душпастырскіх візітаў, я слухаў трагічныя апавяданні з вуснаў людзей, якія яшчэ дзецьмі былі вывезены разам са сваімі бацькамі і пакінуты ў голым і бяскрайнім стэпе.
У лагеры Казахстана траплялі таксама святары і манаскія асобы. Сярод іх асаблівым чынам адзначыўся кс. Уладзіслаў Букавінскі, які пасля заканчэння тэрміна зняволення застаўся служыць у Казахстане. Праз некаторы час пасля смерці ён быў беатыфікаваны ў катэдры ў Карагандзе. Я чуў таксама шмат аповедаў пра ахвярнае служэнне іншых святароў, сясцёр і свецкіх людзей, якія жылі ў савецкія часы і мужна трывалі ў веры.
Прыблізная колькасць католікаў на сёння ва ўсім Казахстане вагаецца ў межах 25-30 тысяч чалавек. Агульная колькасць насельніцтва складае прыкладна 18,4 мільёнаў жыхароў. Асноўнай мовай у Касцёле з’яўляецца руская, але паступова ўзнікае патрэба і ў казахскай мове (пакуль што ёсць толькі малітоўнік).
Наша марыянская парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла пачала сваё існаванне ў 1994 годзе, калі а. Збігнеў Грыгарцэвіч МІС убачыў патрэбу духоўнай апекі сярод польскай дыяспары ў раёне Фёдараўка.

Падчас побыту ў Карагандзе я служыў у араторыі “Добры Пастыр” пры нашай парафіі. У кожны аўторак, пятніцу і нядзелю да нас прыходзілі дзеці і моладзь.
Праграма выглядала наступным чынам: настольныя гульні, абед, тэма, праца ў групах, малітва на заканчэнне. Падчас школьных канікул ладзіліся асобныя лагеры для дзяўчат і хлопцаў. Летам адбываўся агульны лагер у Сарані, рэкалекцыйным доме недалёка ад Караганды.
Трэба адзначыць, дзякуючы такому месцу, як араторый, дзеці і моладзь могуць адчуць, што іх любяць і прымаюць. Тут яны могуць падсілкавацца, правесці час у прыемнай атмасферы, пачуць Добрую Навіну, пазнаёміцца і пасябраваць з веруючымі людзьмі, пачаць працаваць над сабой і змяняцца ў пазітыўным напрамку, развівацца ў розных накірунках (ёсць творчая майстэрня і спартыўная зала).
Вялікай дапамогай у працы араторыя з’яўляюцца свецкія людзі. Хтосьці ахвяруецца як выхаваўца, сямейная пара, напрыклад, служыла на кухні, некаторыя сочаць за парадкам у будынку. Вельмі цікавым досведам было супрацоўніцтва з імі, бо дзякуючы гэтаму сапраўды бачна адказнасць людзей за розныя справы.

< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 227 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.