ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

З гісторыі дайлідскага касцёла

Парафіі і святыні

Сёлета наша парафія Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (дэканат Астравец) адзначае нямала юбілейных дат. 210 гадоў таму быў узведзены касцёл, які падчас Першай сусветнай вайны згарэў у пажары. Мінула 90 гадоў, як яго нанова выбудавалі ды асвяцілі, і 30 гадоў, як святыня была вернута католікам пасля адабрання савецкімі ўладамі. А яшчэ супала, што пробашч кс. Алег Шпень святкуе 20-годдзе сваіх святарскіх пасвячэнняў. Столькі нагод для радасці!
Пачаткі
    Касцёл у Дайлідках пабудаваны ў 1809 годзе як філіяльны ад парафіі Солы (да гэтага часу тутэйшыя землі былі падзелены паміж сольскай і гудагайскай парафіямі). Утвораная парафія працяглы час менавалася Даўкшышскай, па назве мясцовага маёнтка, пакуль Даўкшышкі не аб’ядналіся з суседнімі вёскамі Вагісы і Дайлідкі.
    Вядома, што да 1859 года пры касцёле служыў кс. Юстын-Корвін Саковіч (пахаваны каля святыні). Гэта пад яго кіраўніцтвам у Тракелях, дзе б’е цудадзейная крыніца, была ўзведзена драўляная капліца св. Якуба. Да сёння там у ліпені адбываецца фэст у гонар святога.
    У 1917 годзе касцёл у Даўкшышках спалілі нямецкія захопнікі. Вернікі сталі збірацца на малітве ў капліцы на могілках.
    На месцы знішчанай святыні было вырашана пабудаваць новую, у закапанскім стылі.
Прыехалі майстры з Вільні. У дапамогу ўключыліся таксама мясцовыя жыхары. Вернікі ахвяравалі прыватныя сродкі, узялі доўгатэрміновую грашовую пазыку. Дрэва вазілі коньмі з-пад Доржы, што каля Іўя. Некалькі гадоў нястомнай і адданай працы – і святыня паўстала. Разам з ёй была ўзведзена плябанія, дом для арганіста, гаспадарчыя пабудовы.
    Асвячэнне касцёла адбылося 13 кастрычніка 1929 года. Абрад здзейсніў арцыбіскуп Віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі. Сведкі ўзгадваюць, што, каб урачыста спаткаць важнага госця, тагачасны падсолтыс Баляслаў Сяргей пазычыў у Вільні форму кавалерыстаў. Была падрыхтавана ганаровая варта ў складзе 4-ох мужчын. На конях, з шаблямі, яны суправаджалі арцыбіскупа, які ехаў у Даўкшышкі на аўтамабілі.
   
   Чорныя плямы
    Да 1949 года парафія налічвала каля 2-юх тысяч чалавек. Акурат у гэты час у касцёле нёс паслугу кс. Аляксандр Песляк. З-за хваробы святар занядужаў. Людзі прыносілі яго ў касцёл у крэсле. Як памёр, пахавалі пробашча каля касцёла, а сама святыня была зачынена.
    Мясцовыя ўлады перарабілі касцёл у збожжасховішча. Некаторыя абразы са святыні вернікі перадалі ў сольскі і астравецкі касцёлы, некаторыя разабралі па сваіх хатах. Місійны крыж быў выкарчаваны. Металічныя рэчы вывезлі на лом. Фігуркі з шопкі аддалі гуляцца дзецям…
    Нядобра ўсё гэта скончылася для людзей, якія ўдзельнічалі ў варварскай прафанацыі. Хтосьці сышоў з розуму, у кагосьці загінулі дзеці, пашалела жывёла, згарэла хата… Старшыня калгаса выехаў, а сакратар партарганізацыі, забіты горам, прыйшоў пад касцёл і ўкленчыў на тым месцы, дзе быў місійны крыж. Стаў маліцца і перапрашаць за ўчыненыя грахі. Можа, з кіламетр поўз на каленях на могілкі, куды людзі завезлі і ўкапалі крыж. Толькі пасля гэтага для яго сям’і наступіла палёгка.
   
    Барацьба за святыню
    У 1982 годзе ў касцёле быў зроблены падсобны цэх. У гэты час з Солаў прыехаў працаваць Валерый Лісоўскі. Яго 2 станкі былі размешчаны на месцы былога галоўнага алтара і з боку касцёла, дзе знаходзіўся канфесіянал. Пазней ён, малады святар, успомніў пра гэта падчас прыміцыйнай св. Імшы, якую цэлебраваў у дайлідскім касцёле: “Некаторы час назад я тут працаваў на станках, а сёння знаходжуся ў якасці святара”.
    У 1988 годзе мясцовыя ўлады вырашылі перарабіць будынак святыні ў спартыўную залу. Крыж з вежы касцёла быў скінуты, прэзбітэрый адрэзаны. Пасля гэтага тутэйшыя вернікі і духавенства з суседніх парафій сталі прыкладваць шматлікія намаганні, каб адваяваць святыню назад. Нягледзячы на вялікае супраціўленне з боку савецкай улады, у 1989 годзе касцёл, паўразбураны, быў вернуты вернікам.
    29 лістапада таго ж года пасля 40-гадовага перапынку адбылася св. Імша, якую цэлебраваў дэкан Астравецкага дэканата кс. прэлат Алаізій Тамковіч разам са святарамі з Польшчы. З верасня 1990 года св. Імшы сталі адбывацца рэгулярна: па нядзелях і ў святы (дагэтуль вернікі збіраліся на малітву ва ўбогай хаце мясцовай жыхаркі Генавефы Бурштыновіч). Адначасова з гэтым распачалося аднаўленне касцёла і мясцовай супольнасці вернікаў.
   
    Адраджэнне парафіі
    20 красавіка 1991 года касцёл быў нанова асвечаны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. На ўрачыстасці таксама прысутнічаў прызначаны папам Янам Паўлам ІІ біскуп Аляксандр Кашкевіч.
    Вялікую дапамогу ў рэканструкцыі святыні аказаў мясцовы калгас: выдзеліў пэўную грашовую суму і працоўную брыгаду. З сольскага касцёла быў вернуты і рэстаўрыраваны абраз Маці Божай. Напісаны новыя абразы, стацыі. Пабудаваны галоўны алтар Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, бакавыя – св. Тэрэзы і св. Юзафа. З Варонежа прывезены 2 новыя званы – вагой 500 і 300 кг.
    Да 1999 года пробашчамі ў парафіі служылі а. Бярнард Радзік і а. Казімір Мараўскі з Ордэна Кармэлітаў Босых, якія апекаваліся таксама гудагайскай і сольскай парафіямі. Гэтых святароў вернікі вельмі палюбілі. Яны прыйшлі да людзей у вельмі складаны час. Былі тымі, хто прытуліў да сябе, супакоіў і паказаў, што яны не адны: як у хвіліны радасці, так і ў хвіліны смутку. У 1999 годзе пробашчам стаў кс. Леанард Станкоўскі.
   
    Часы росквіту
    19 лістапада 2002 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч устанавіў дэкрэтам парафію Дайлідкі. Да яе афіцыйна была далучана Станцыя Ашмяны з навакольнымі вёскамі. Пробашчам прызначаны кс. Алег Шпень. Пасля доўгага часу сярод вернікаў зноў пасяліўся ксёндз. Гэтая падзея бязмерна ашчаслівіла людзей.
    У 2003 годзе каля касцёла была ўстаноўлена фігура Маці Божай Апекі.
    У наступным годзе набыта і асвечана фігура св. Антонія. Культ гэтага святога асаблівым чынам ушаноўваецца ў парафіі. Штогод у чэрвені, а таксама ў кожны аўторак вернікі супольна звяртаюцца праз яго да Бога з просьбамі і падзякамі.
    У 2006–2011 гадах касцёл аднавілі звонку і ўнутры. У кастрычніку 2009 года ў парафіі адбыліся святыя місіі, якія правялі былыя пробашчы а. Бярнард Радзік і а. Казімір Мараўскі на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Каля святыні ўсталявалі новы місійны крыж.
    У 2017 годзе з Польшчы былі прывезены рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі, нашага земляка. Сёлета ў апошнюю нядзелю верасня на Станцыі Ашмяны будзе асвечана капліца Божай Міласэрнасці і бл. Міхала Сапоцькі. Тут, на тэрыторыі Беларусі, упершыню з’явіцца святыня ў гонар бласлаўлёнага. Такім чынам, маем яшчэ адну вялікую нагоду для радасці.
    За ўсе даброты, якімі Бог адорвае нашу парафію Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, мы, вернікі, шчыра Яму дзякуем. Хвала Пану! Пакорна просім Найвышэйшага блаславіць нас і спаслаць неабходныя ласкі на далейшыя гады.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.