ГРОДНА
Серада,
26 сакавіка 2025 года |
Перэгрынацыя фігуры св. Міхала Арханёла: вітаючы абаронцу беларускага народа

У літургічны ўспамін св. Міхала Арханёла кс. Ігар Лашук, арганізатар перэгрынацыі, раскрывае сутнасць пілігрымавання фігуры анёла і распавядае, як дзякуючы Божаму Провіду маленькая ініцыятыва перарасла ў маштабную справу. †

– Св. Міхал Арханёл сваім імем абвяшчае Божую моц і хвалу. Імя Міхал у перакладзе з габрэйскай мовы азначае “Хто ж як Бог”. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, св. Міхал Арханёл з’яўляецца першым і наймагутнейшым сярод анёлаў. Ён лічыцца ахоўнікам Божага трона. Паводле біблейскага аповеду, св. Міхал выступіў супраць збунтаванага Люцыфера і перамог. Ён дапамагае людзям у барацьбе са злом. У літургіі св. Міхала таксама называюць анёлам супакою. Да яго часта звяртаюцца з просьбамі вывесці душы з чыстца.
“Князь войск нябесных” здаўна апекуецца землямі Беларусі. Яго выява змешчана на старажытным гербе Навагрудка – першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, нашай гістарычнай краіны. Сёння св. Міхал Арханёл з’яўляецца галоўным апекуном Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсяго мясцовага Касцёла. Можна лічыць, што ён для нас самы блізкі памагаты з усяго Нябеснага войска.
– Што стала галоўным штуршком да правядзення перэгрынацыі ў Беларусі?
– Усё пачалося з жадання развіваць культ св. Міхала Арханёла ў аднайменнай парафіі ў в. Багданава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія – заўв. рэд.), дзе я служыў на працягу 7-мі гадоў. Касцёл там час ад часу нішчылі варожыя сілы. Зло рабіла ўсё магчымае, каб выкараніць веру мясцовых жыхароў, аднак дзякуючы заступніцтву магутнага апекуна святыня заўсёды адраджалася. Ці ж не цуд? І я вырашыў устанавіць на фасадзе касцёла вялікую фігуру св. Міхала Арханёла, каб яна ўзвышалася над усёй багданаўскай зямлёй, заахвочваючы тутэйшых людзей паглыбляць сваю веру.
Неўзабаве Божая воля звяла мяне з італьянцам, які родам з горада Монтэ-СанАнджэла, дзе знаходзіцца найстарэйшы санктуарый св. Міхала Арханёла ў свеце. Ён распавёў пра шматлікія аб’яўленні анёла ў горным масіве Гаргана і перэгрынацыю яго фігуры ў розныя краіны. Пасля мяне чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: сябар прапанаваў падарыць копію фігуры з санктуарыя на гары Святога Анёла і дапамагчы транспартаваць яе ў Беларусь. 8 мая 2018 года, у чарговую гадавіну аб’яўленняў св. Міхала Арханёла, мы прынялі ўдзел у св. Імшы ў пячоры ў горным масіве Гаргана і асвяцілі копію цудатворнай фігуры. А пасля рэйсам на прыватным самалёце даставілі яе ў Беларусь. Зразумела, я прыйшоў да высновы, што перш чым ”пасяліцца” ў Багданаве, фігура павінна наведаць усе парафіі нашай краіны.

– Людзі з вялікім энтузіязмам прымаюць фігуру. Сярод вернікаў адчуваецца моцны рэлігійны ўздым. Кожны візіт у парафію мае свае асаблівасці, адзначаецца чымсьці новым. Запал парафіян і святароў натхняе мяне на новыя ідэі. Так, напрыклад, сёлета 29 верасня маю ў планах паляцець верталётам з Івянца на Анёльскую (Свята-Міхайлаўскую) гару пад Нясвіжам, дзе знаходзіўся касцёл св. Міхала і кляштар айцоў езуітаў.
– Як адбываецца перэгрынацыя?
– Звычайна пробашч запрашае наведаць яго парафію, і мы ўзгадняем бліжэйшую вольную дату. Стараюся даставіць як мага менш клопатаў з арганізацыйнымі момантамі: бяру на сябе перавоз і ўсталяванне фігуры ў святыні.
Як правіла, перэгрынацыя распачынаецца ў аўторак – анёльскі дзень – і заканчваецца праз тыдзень. Вернікі атрымліваюць адмыслова падрыхтаваны малітоўнік “Хто ж як Бог”, у якім змешчаны ўсе малітвы праз заступніцтва св. Міхала Арханёла, і мы разам выпрошваем у Бога патрэбныя ласкі. Штодня людзі збіраюцца на св. Імшы, якая цэлебруецца ў розных інтэнцыях. Часам адбываецца ружанцовая малітва да распачацця літургіі, часам адарацыя перад Найсвяцейшым Сакрамантам пасля Імшы.

– Ідучы шляхам да збаўлення, мы адчуваем патрэбу дзяліцца гэтай радасцю з блізкімі. Жадаем дабра ўсім, з кім лёс наканаваў суіснаваць на створанай Богам зямлі. Молімся за Касцёл у Беларусі, за кіраўнікоў дзяржавы, за памерлых, якія жылі тут вякі таму, і за ўсё тое, што маем. Просім, каб Госпад аберагаў нас ад граху, каб Святы Дух сышоў на гэтую зямлю і аднавіў яе, каб св. Міхал Арханёл захоўваў яе ў спакоі.
– У чым сутнасць перэгрынацыі фігуры анёла?
– Складана жыць у свеце, дзе шалее д’ябал, без заступніцтва св. Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага воіна. Прыступіўшы калісьці да змагання з цмокам, ён па сённяшні дзень вядзе барацьбу з праявамі зла. Падчас візітаў яго фігуры ў парафіі шмат хто можа пазнаёміцца або нанова адкрыць для сябе не толькі вобраз гэтага вялікага арханёла, але і сілу малітоўнага адзінства з анёламі. Кожны з нас патрабуе іх аховы.
Аднак самае важнае, што хочацца данесці людзям, – гэта спрадвечнае пасланне св. Міхала: “Хто ж як Бог”. Мы будзем ісці па памылковым жыццёвым шляху, пакуль не зразумеем, што з’яўляемся стварэннямі Госпада і ніхто не можа зраўняцца з Ім.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 281 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.