ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Камісія па справах агульнага і спецыялізаванага душпастырства

Праца Сіноду

Жыць Евангеллем.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
Касцёл абвяшчае Божае слова, каб Добрая Навіна пра збаўленне пашыралася ва ўсе бакі свету; цэлебруе сакраманты, каб жывы Езус прасякаў людскую штодзённасць; здзяйсняе паслугу любові (caritas) і сведчання хрысціянскага жыцця, каб ахінаць клопатам асабліва тых, хто “хворы” (параўн. Мц 9, 12). Асноўнай задачай, незалежна ад часу і акалічнасцей, з’яўляецца адкрыццё чалавека на асабістую сустрэчу з Хрыстом, “тым самым учора, і сёння, і навекі” (Гбр 13, 8). Касцёл рэалізуе гэтую місію праз арганізаваную збаўчую дзейнасць, называемую душпастырствам. Яго мэта палягае на суправаджэнні людзей, што жывуць “тут і цяпер”, да сустрэчы з Богам у веры, надзеі і любові. ✝︎
Члены Сінадальнай камісіі па справах агульнага і спецыялізаванага душпастырства прызнаюць актуальнасць выпрацаванай на працягу стагоддзяў мадэлі душпастырскага Касцёла. З увагай ставяцца да выклікаў і знакаў часу, якія здаўна служаць паглыбленню веры людзей у Найсвяцейшую Тройцу, іх духоўнаму ўзрастанню і асвячэнню, а таксама будаванню сапраўднай евангельскай хрысціянскай супольнасці.
    Вернікам, якія прагнуць узбагаціць сваё рэлігійнае жыццё не так, як гэта падаецца ў агульным душпастырстве, Касцёл прапануе розныя формы спецыялізаванага душпастырства, называемага надзвычайным. Яно дастасуецца да інтэлектуальнага і духоўнага ўзроўню зацікаўленых асоб, беручы пад увагу іх узрост, адукацыю і род дзейнасці. Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі функцыянуюць наступныя спецыялізаваныя душпастырствы: акадэмічнае, душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў, моладзі, дзяцей, скаўтаў, літургічнай службы алтара, службы аховы здароўя, спорту, вязняў, чыгуначнікаў, сем’яў, глуханямых, залежных людзей і цвярозасці, пілігрымак.
    Камісія адзначае, што спецыялізаванае душпастырства не можа знаходзіцца ў абсалютным прыярытэце і з’яўляцца мэтай самой па сабе. Яно, хутчэй, павінна дапамагаць агульнаму душпастырству і дапаўняць духоўныя даброты, якія часта застаюцца незаўважанымі, каб такім чынам глыбей укараніць усіх вернікаў у супольнасць Касцёла, у яшчэ большай ступені ўзбагачаючы яго шматкаляровасцю і разнастайнасцю форм хрысціянскага жыцця.
    Камісія заўважае, што найважнейшым месцам душпастырскай дзейнасці з’яўляецца парафія, кіруемая пробашчам. Усе члены лакальнага Касцёла павінны актыўна ўключацца ў рэалізацыю мерапрыемстваў на карысць супольнасці. Гэтае супрацоўніцтва мае вялікае значэнне для духоўнага і арганізацыйнага жыцця парафіі ў цэлым.
    Сінадальная камісія звяртае ўвагу таксама на санктуарыі, якія існуюць на тэрыторыі дыяцэзіі. Падкрэслівае, што душпастыры, якія апекуюцца імі, павінны нястомна дбаць пра тое, каб пілігрымы маглі слухаць Божае слова, прыступаць да сакраманту пакаяння, удзельнічаць у св. Імшы і паглыбляць свае рэлігійныя веды. Кусташу санктуарыя належыць, па меры магчымасцей, паклапаціцца пра адпаведныя памяшканні для адпачынку, спажывання пасілку і начлегу пілігрымаў.
    Молімся, каб Святы Дух асвятляў розумы і сэрцы вернікаў і душпастыраў, каб мелі ў сабе нязгасны запал да развіцця касцёльнай супольнасці на Божую хвалу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.