ГРОДНА
Аўторак,
11 лютага 2025 года |
Адпачыўшы ў Богу

У сённяшнім нумары газеты “Слова Жыцця” пра свой удалы адпачынак распавядаюць тыя, хто скарыстаў прапановы парафій. †

16 гадоў, парафія Святога Духа ў Гродне
Падчас летніх канікул мне пашчасціла паўдзельнічаць у “Младзіфэсце” – хрысціянскім фестывалі, які праходзіць у Меджугор’і, мясцовасці паміж гарамі ў Босніі і Герцагавіне. Гэта месца аб’яўленняў Марыі, якое штогод збірае мільёны паломнікаў. Аб фэсце даведаўся ад мамы і сястры, якія пабывалі там у мінулым годзе. Па прыездзе іх было не пазнаць: змяніліся, нібы прасвятлелі. Таму сёлета вырашыў паехаць і я.
Спадабалася, што ніхто не прымушаў следаваць пунктам падрыхтаванай праграмы. Арганізатары проста прапанавалі пэўны план і рэкамендавалі прыслухацца да парад, каб больш плённа правесці адведзены час. Раніцай я супольна з усімі маліўся Ружанец, а ўвечары слухаў канферэнцыі і ўдзельнічаў у св. Імшы. Днём меў вольны час, які бавіў, як хацеў. Хоць я не вельмі таварыскі, атмасфера схіляла да камунікацыі – і цяпер сярод маіх знаёмых шмат іншаземцаў! Таксама пачуў мноства сведчанняў, некаторыя з якіх кранулі мяне да слёз.
Аднак больш за ўсё грэюць душу ўласныя перажыванні. Калі я ўпершыню падняўся на гару аб’яўленняў і падышоў да фігуры Маці Божай, каб памаліцца за сваю сям’ю, асабліва за брата, каб той паступіў у Акадэмію МУС, да мяне наблізілася незнаёмая жанчына і запэўніла: “Радуйся! Твае прашэнні пачутыя”. Вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што брата прынялі ў акадэмію. І гэта нягледзячы на тое, што раней яго паставілі перад фактам: набраў надта мала балаў, трапіў толькі ў рэзервовую групу, шанс на паступленне нікчэмны.
“Младзіфэст” дапамог мне зразумець, што Марыя адкрыта на кожнага чалавека. Паездка ў Меджугор’е стала для мяне таксама адлюстраваннем сапраўднага адпачынку з Богам – узрастання ў веры і сузірання, захаплення прыгажосцю, якую стварыў Нябесны Айцец.
.jpg)
17 гадоў, парафія свсв. Пятра і Паўла ў Ражанцы
Штогод колькасць ахвотных прыняць удзел у “Канікулах з Богам” у Шчучыне павялічваецца. Сёлета мы прымалі ажно 650 хлопцаў і дзяўчат з мясцовай парафіі і некаторых іншых беларускіх мястэчак! Я была валанцёрам, але пры гэтым магу адзначыць, што памагатыя – такія ж удзельнікі. Валанцёры адказныя за арганізацыю вольнага часу, але разам з маленькімі вернікамі моляцца і весяляцца.
Кожны дзень мы распачыналі з размовы з Богам, а пасля разважалі над галоўнай тэмай летніка – 8-мю бласлаўленнямі Езуса Хрыста. Набліжалі дзецям вучэнне Збаўцы ў форме тэатральных пастановак, песень і танцаў, каб ім было лягчэй засвойваць важныя веды. Пасля пазнавальнай часткі наступаў час гульняў. Штодзень іншая забава: батуты, спартакіяда, квэст... На заканчэнне дня ўсе збіраліся ў кола: маліліся за суседа справа і злева, ва ўсіх патрэбных інтэнцыях. Пасля разыходзіліся, атрымліваючы на развітанне салодкі пачастунак.
Назіраючы за хлопцамі і дзяўчатамі, магу з упэўненасцю сказаць, што “Канікулы з Богам” – сапраўднае свята. Дзеці і моладзь з непадробленай цікавасцю імкнуцца пазнаваць Нябеснага Айца і цешацца актыўным адпачынкам. Для мяне гэты летнік – магчымаць абстрагавацца ад штодзённых спраў, правесці час з задавальненнем і карысцю. Гэта пара, каб узгадаць пра галоўныя рэчы ў жыцці і з радасцю праслаўляць Бога.

17 гадоў, парафія Унебаўзяцця НПМ і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне
Ад сясцёр серафітак з Сапоцкіна я даведалася аб магчымасці паўдзельнічаць у рэкалекцыях “Поўная ласкі”, прысвечаных Марыі, якія праходзілі ў Польшчы. Нас было 14 удзельніц. Духоўны складнік рэкалекцый быў вельмі моцны. Кожную раніцу мы разам з дзяўчатамі і сёстрамі пачыналі з прыгожай малітвы на Брэвіярыі. Штодня слухалі канферэнцыі і разважалі на тэмы паклікання, жыцця і рысаў характару Марыі. Збіраліся на св. Імшы, адарацыі, стараліся зразумець пачуцці Маці Божай падчас удзелу ў набажэнстве Крыжовага шляху. Інтэнсіўную набожную праграму манахіні разбаўлялі цікавымі гульнямі і вандроўкамі, якія ўражвалі маляўнічасцю краявідаў.
Навошта мне патрэбны духоўныя практыкі? Раблю з іх жыццёва важныя высновы. Мінулым разам падчас летніх рэкалекцый я навучылася не баяцца быць самой сабой, неглядзечы на тое, хто і што атачае мяне. Сёлета пасля вяртання дадому абрала сабе дэвіз: “Жыву тут і цяпер”. Гэта вельмі актуальна, бо надта хвалююся пра сваю будучыню. Зараз разумею: трэба цалкам даверыцца Богу, і Ён пакіруе.
Лета – вельмі гарачая, насычаная пара, і часам адчуваеш патрэбу проста пабыць у цішыні. Рэкалекцыі з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю сустрэцца ў душы з Богам, пашукаць адказы на турбуючыя пытанні, падрыхтавацца і назапасіць сілы на новы навучальны ці працоўны сезон.

50 гадоў, парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне
Напрыканцы лета ў Навагрудку праходзілі двухдзённыя рэкалекцыі для мужчын. Мне важна было апынуцца ў мужчынскай кампаніі сярод аднадумцаў, каб мець магчымасць абмяняцца досведам веры. Падчас рэкалекцый я разам з іншымі прымаў удзел у св. Імшы, слухаў канферэнцыі, хадзіў на экскурсіі. Мы разважалі наконт будаўніцтва хатняга Касцёла, разбіралі прыклады, як праяўляць сябе хрысціянамі ў сваім асяроддзі. Зразумела, шмат чаго запазычылі не толькі адзін ад аднаго, але і ад святара. Ксёндз наблізіў нам таямніцу Эўхарыстыі, і мы зразумелі, што яна з’яўляецца бяскоцай крыніцай для пазнання. Езус, уцелаўлёны ў хлебе, – гэта ахова ад зла, скарбніца моцы для саўладання са штодзённымі клопатамі. На нейкі час мы мелі магчымасць аддаць Богу ўсе свае хатнія і працоўныя клопаты з упэўненасцю, што ўсё будзе добра. І гэтага часу нам спаўна хапіла, каб паўнавартасна адпачыць душой і целам ды атрымаць зарад энергіі на больш працяглы перыяд.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 324 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.