ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Надзвычайнае побач

На шляху да святасці

Па дадзеных этнографаў, у Беларусі каля 200 цудадзейных крыніц. Вада з іх лічыцца гаючай не толькі для цела, але і для духу. Яе надзяляюць здольнасцю пазбаўляць ад самых розных хвароб. У гэтым спісе знаходзіцца і крыніца св. Якуба ў вёсцы Тракелі, што на Астравеччыне.
Мясцовыя жыхары чэрпалі гаючую ваду з крыніцы св. Якуба здаўна. Ды і само месца мае даўнюю гісторыю. “У 1820 годзе каля крыніцы, якая славілася сваёй жыватворнай вадой, была пабудавана капліца, – распавядае Казімір Варановіч, старшыня касцёльнага камітэта парафіі Дайлідкі. – Штогод 25 ліпеня, ва ўспамін святога, там ладзіліся фэсты. Такая традыцыя існавала да 1939 года, а пасля наступілі атэістычныя часы. Спачатку была знішчана каплічка, затым падчас правядзення меліярацыі засыпалі месца, адкуль біла гаючая вада. Дарэчы, механізатар, які па загадзе ўлад разбураў крынічную студню, у хуткім часе скончыў жыццё самагубствам…”.
Аднак, нягледзячы на страшныя часы, мясцовыя людзі захавалі сваю веру і пачалі паступова аднаўляць святое месца. Парафіяне Франц і Ядзвіга Матыяшкойці разам са сваімі дзецьмі расчысцілі месца, з якога біла крыніца. Дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні касцёльнага камітэта Міхала Матыяшкойця з’явілася крынічная студня. У 2012 годзе парафіянка Ядзвіга Сабюн адшукала ў Віленскім гістарычным архіве звесткі, якія пацвердзілі старадаўнюю гісторыю крыніцы св. Якуба і гаючую ўласцівасць яе вады. З гэтымі дакументамі вернікі звярнуліся ў Астравецкі райвыканкам, а таксама да кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, каб атрымаць дазвол на аднаўленне фэстаў 25 ліпеня ва ўспамін св. Якуба. Цяпер штогод, як і ў даўнія часы, на гэтым месцы адпраўляецца ўрачыстая св. Імша.
    “Вада з нашай крыніцы дапамагае пры хваробах вачэй, скуры, суставаў і іншых нядугах. Гэтую ваду вязуць таксама хворым на анкалогію ў Бараўляны”, – гаворыць спадар Казімір. Мужчына падкрэслівае, што вернікаў парафіі цешыць той факт, што пра “дапаможную” крынічку ведаюць далёка за межамі вёскі. Дарога да гэтага святога месца не зарастае.
   
У людзей часта фарміруецца няправільнае ўяўленне пра тое, што такое святая вада і як яе неабходна ўжываць. Калі мы верым, што святыя крыніцы – гэта тыя месцы, дзе Божая ласка даецца патрабуючаму, то павінны разумець, што Усявышні, перш за ўсё, жадае нашага духоўнага ацалення. Не трэба легкадумна спадзявацца на цуд, што святая вада вырашыць усе праблемы. Незвычайныя перамены магчымыя толькі там, дзе душа падрыхтавана для прыняцця Божай ласкі (пра гэта гаворыць удзел у св. Імшах, прыняцце сакрамантаў). Цуды здараюцца з тымі, хто прыходзіць да святой крыніцы з малітвай і адкрытым сэрцам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.